Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бандарэнка: "Як я сяду за стол перамоваў, калі папрашу аб памілаваньні?"


Чаму Зьміцер Бандарэнка адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні. З Андрэем Саньнікавым сустрэлася адвакат. Зьміцер Дашкевіч працягвае галадоўку. Зноў няма лістоў ад Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса. Эдуард Лобаў атрымаў дазвол на доўгатэрміновае спатканьне з бацькамі. Праваабаронцы не выключаюць, што суд над Алесем Бяляцкім пачнецца ўжо ў кастрычніку.

Вольга Бандарэнка сустрэлася ў магілёўскай калёніі №15 з мужам, кардынатарам "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітром Бандарэнкам. Палітвязьня, які перанёс складаную апэрацыю на хрыбетніку, трымаюць у мэдычнай частцы калёніі. Там няма прагулак і не дазваляюць тэлефонных званкоў, а вось на харчаваньне Зьміцер асабліва не скардзіцца, перадае Вольга Бандарэнка. Паводле яе зьвестак, мужу некалькі разоў прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмовіўся. З якой прычыны? Распавядае Вольга Бандарэнка:

"Прыйшоў да яго начальнік і прапанаваў напісаць такую паперу. Дзіма адказаў, што ня будзе. Бо як жа ён сядзе потым за "круглы стол", калі спачатку міласьці будзе прасіць? "Не магу". Потым прыйшлі адразу тры нейкіх чалавекі і зноў прапаноўвалі. Казалі падумаць пра сям'ю, пра здароўе, што яно можа пагоршыцца".

Зьмітра Бандарэнку трымаюць у мэдычнай частцы і нібыта не зьбіраліся адтуль пераводзіць ў атрад, а зараз раптоўна загаварылі, што праз 2 тыдні могуць перавезьці. Між тым здароўе мужа ў параўнаньні з тым, як яно было ў менскім турэмным шпіталі падчас рэабілітацыі, пагоршылася, кажа Вольга Бандарэнка.

З экс-кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым у Наваполацкай калёніі пабачылася адвакат. Маці палітвязьня Ала Ўладзіміраўна спасылаецца на зьвесткі ад жонкі сына, журналісткі Ірыны Халіп:

"Тая сказала, што быў у яго адвакат, што жыве надзеяй. Я вельмі абрадавалася, што павыпускалі гэтых хлопцаў. А потым такая туга на сэрцы! Колькі ж яшчэ гэтым давядзецца сядзець!"

Ад экс-кандыдатаў на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса апошнімі днямі няма ніякіх зьвестак. Ад вызваленых палітвязьняў, якія сядзелі разам са Статкевічам ў Шклоўскай калёніі вядома, што яму фактычна забаранілі ліставаньне, паколькі пасьля напісаньня ім лістоў накладаюць спагнаньні на увесь атрад асуджаных, у якім ён знаходзіцца. Гэтак мяркуе жонка вязьня Марына Адамовіч. Жонка Дзьмітрыя Вуса Яўгенія кажа, што яд яго няма нават лістоў і яна ня ведае, як гэта патлумачыць.

Лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч 5 дзень працягвае галадоўку ў калёніі ў Горках. Палітвязень пратэстуе супроць перасьледу, якія выявіўся ў тым, што супроць яго завялі новую справу і зьбіраюцца яго пакараць на больш жорсткім рэжым нібыта за парушэньні турэмнай дысцыпліны.

Эдуард Лобаў, які быў асуджаны разам са Зьмітром Дашкевічам паводле артыкулу аб хуліганстве, паведаміў з калёніі "Ваўчыныя норы", што яму дазволілі спатканьне са сваякамі. Яно прызначана на сярэдзіну кастрычніка. Вядома, што раней Лобаў адмовіўся ад напісаньня прашэньня ад памілаваньні.

Ці вядуцца сьледчыя дзеяньні ў справе кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня і абвінавачваецца ў нясплаце падатку з вялікіх прыбыткаў? Праваабаронца Уладзімер Лабковіч кажа.

"Мы нічога ня ведаем, ці праводзяцца зь ім сьледчыя дзеяньні. Але гэта нашы меркаваньні. Між тым апошнія 2-3 тыдні, як нам падаецца, сьледчых дзеяньняў з ягоным удзелам няма. Таму мы не выключаем даволі хуткага суду, ужо ў сярэдзіне кастрычніка. Што не будзе працягвацца сьледзтва, а будзе перадавацца ў суд".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG