Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонім: актывіст судзіцца з райвыканкамам за пікеты


Іван Бедка
Іван Бедка
У Слонімскім судзе сёньня працягваўся разгляд скаргі слонімскага дэмакратычнага актывіста Івана Бедкі да райвыканкаму, які двойчы адмовіў актывісту ў правядзеньні пікетаў. Бакі выклалі свае пазыцыі, рашэньне прызначана на 14 верасьня.

Іван Бедка падаў скаргу ў суд на мясцовы райвыканкам за тое, што яму двойчы без тлумачэньня прычынаў адмаўлялі ў правядзеньні пікетаў у абарону палітзьняволеных і супраць зьбядненьня насельніцтва.

Паводле Бедкі, прадстаўнік райвыканкаму патлумачыў суду, што пікеты не дазволілі, бо ў заяўцы не ўдакладняецца месца іх правядзеньня. А таксама заяўнік ня ўзяў на сябе абавязаньне захоўваць правапарадак, не дамовіўся з хуткай дапамогай, а таксама з камунальнымі службамі аб прыборцы тэрыторыі пасьля мерапрыемства.

Іван Бедка ў заяўцы прасіў дазволіць правядзеньне пікета ў месцы, якое вызначана для гэтых мэтаў райвыканкамам. Ён не пагадзіўся з тым, што павінен сам дамаўляцца з прадстаўнікамі правапарадку, каб яны дзяжурылі падчас мерапрыемства, бо лічыць гэта іх непасрэдным абавязкам.

Ня бачыць актывіст таксама патрэбы ў камунальных службах, бо ў пікеце звычайна бяруць удзел да 10 чалавек і, як правіла, яны здольныя самі пасьля гэтага навесьці адпаведны парадак.

Судзьдзя выслухаў аргумэнты бакоў і перанёс разгляд справы на 14 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG