Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў указ аб Сьледчым камітэце



Кіраўнік дзяржавы падпісаў сёньня ўказ аб стварэньні Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасьці з дакумэнтам, для ўтварэньня Сьледчага камітэту будзе выдзелены сьледчы апарат з сыстэмы органаў пракуратуры, падразьдзяленьне папярэдняга расьсьледаваньня з сыстэмы органаў унутраных справаў і сыстэмы органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Сьледчы камітэт будзе мець статус дзяржаўнага праваахоўчага органу і органу папярэдняга сьледзтва, падпарадкаванага прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь.

Указ таксама замацоўвае асноўныя задачы новага ведамства, у тым ліку ўсебаковае і апэратыўнае расьсьледаваньне злачынстваў, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў, захаваньне законнасьці пры праверцы, разглядзе заяваў і паведамленьняў аб злачынствах, завядзеньні крымінальных справаў, папярэднім сьледзтве.

Старшыня Сьледчага камітэту, яго намесьнікі і начальнікі ўпраўленьняў па абласьцях і Менску будуць прызначацца на пасады прэзыдэнтам.

Указ набывае моц з 1 студзеня 2012 году.

Інфармацыя пра стварэньне ў Беларусі з 2012 году Сьледчага камітэту зьявілася на пачатку жніўня. У афіцыйных паведамленьнях тады праводзіліся аналёгіі з Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў ЗША і Сьледчым камітэтам Расеі. “Сьвет даўно ўжо рэалізаваў гэта. Давайце возьмем найлепшае”, – гаварыў Аляксандар Лукашэнка, усклаўшы пэрсанальную адказнасьць за стварэньне новай структуры на кіраўнікоў Савету бясьпекі і Камітэту дзяржкантролю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG