Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецкі «бандэравец» Януковіч


Віктар Януковіч
Віктар Януковіч
Пра эвалюцыю трэцяга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча піша ў выданьні "Ўкраiнская праўда" Дзяніс Дзенісенка. У нечым гэтая эвалюцыя нагадвае эвалюцыю Аляксандра Лукашэнкі.

За гады незалежнасьці Ўкраіны ніхто і ніколі не зрабіў больш карыснага для ўмацаваньня нацыянальнай сьвядомасьці ўкраінцаў, чым крамлёўскі тандэм Пуціна і Мядзьведзева.

Канчаткова гэта стала зразумела, калі безнадзейна прарасейскі, з пункту гледжаньня нацыянал-патрыётаў, Віктар Януковіч за паўтара году ператварыўся ў вачох у Расеі ў такога заўзятага нацыяналіста, што яму можа пазайздросьціць нават былы прэзыдэнт Віктар Юшчанка, змалку ўзгадаваны на вішнях, хрушчох і вышытых кашулях.

Хто б мог спрагназаваць, што ад таго часу, калі Януковіч бачыўся зь Мядзьведзевым часьцей, чым з уласнай жонкаю, ва ўкраінскага прэзыдэнта так хутка ўселіцца ганарлівы дух супраціву імпэрскім замахам?

Пасьля падпісаньня Харкаўскіх пагадненьняў у Крамлі адчулі, што Януковіч, паводле баксэрскай тэрміналёгіі, «паплыў», і кінуліся яго дабіваць. Часам здавалася, што прэзыдэнт гатовы падпісаць ня толькі ўсе неабходныя расейцам пагадненьні, але і дароўную на Межыгор'е (загарадны маёнтак В.Януковіча). Але адбыўся цуд – хутка апамятаўшыся, гарант украінскай Канстытуцыі ўстаў на хворае калена і нечакана стаў у закрытую ахоўную стойку.

Хто б мог спрагназаваць, што амаль усе бяз вынятку палітычныя сьпікеры рэгіяналаў, якія яшчэ нядаўна ў прамым і пераносным сэнсе маліліся на Маскву, будуць ганарліва абвяшчаць нешта накшталт: «Нас ніхто не прынізіць, паколькі мы ёсьць сёньня народ, нацыя, дзяржава!»

Гэтыя словы кажа ня Віктар Юшчанка на гары Гавэрле перад паплечнікамі, а Васіль Кісялёў з фракцыі ПР!

Адказваючы на чарговую абразу Мядзьведзева, у сваім інтэрвію для выданьня «Коммерсант» Януковіч дагаварыўся ўжо нават да таго, што пашкадаваў сваю непрымірэнную праціўніцу! Паводле слоў прэзыдэнта, «Цімашэнку прымусілі падпісаць дамоўленасьць». Хто б мог уявіць сабе гэта?
Безнадзейна прарасейскі, з пункту гледжаньня нацыянал-патрыётаў, Віктар Януковіч за паўтара года ператварыўся ў вачах Расеі ў заўзятага нацыяналіста.

Дарэчы, адзін з найбольш адыёзных расейскіх «імпэрцаў», дэпутат Дзярждумы Сяргей Маркаў яшчэ ў сакавіку сёлета папярэджваў, што Януковіч ніколі ня быў прарасейскім палітыкам, бо ён – украінскі эканамічны нацыяналіст:

«Не было ніколі і няма канфлікту ва Ўкраіне паміж прарасейскімі і празаходнімі сіламі. Ёсьць праўкраінскія і русафобскія, умоўна кажучы, эканамічныя нацыяналісты, да якіх належыць Януковіч, і ўкраінскія этнічныя нацыяналісты, да якіх належаць аранжавыя. Ідзе працэс станаўленьня Ўкраіны як незалежнай дзяржавы. І таму ёсьць кансэнсус сярод эліты ў тым, што такая краіна павінна існаваць і яе эліта павінна сама рабаваць Украіну – нікому іншаму гэтага не дазволяць».

Карані эканамічнага нацыяналізму Януковіча ляжаць у знакамітай максыме Людовіка XІ «Дзяржава – гэта я», псыхалягічнай асновай якой у сваю чаргу служыць мэнталітэт дырэктара аўтабазы.

Усе карданныя валы і гайкі, якія знаходзяцца на яе балянсе, ён лічыць сваёй уласнасьцю. Калі прэзыдэнт кажа: "Спачатку загналі нас у кут, потым пачалі дыктаваць умовы, гэта прыніжае сёньня не мяне асабіста, а гэта прыніжае дзяржаву, і я не магу гэтага дапусьціць", – то ў яго словах крыецца глыбокая асабістая крыўда на тых махляроў, што імкнуцца на даручанай яму тэрыторыі «прымайстраваць ногі» старому адрэзку трубы, якую ён даўно нагледзеў для ўласнай гаспадаркі.

А крыўдаў данецкія (гэта можа пацьвердзіць Луцэнка, былы міністар унутраных справаў, цяпер у зьняволеньні) не даруюць.

Выканаўшы ў свой час шэраг пажаданьняў Масквы адносна раздражняльных этнакультурных і гістарычных пытаньняў, цяперашняя ўкраінская ўлада дала зразумець – дабрачыннасьць канчаецца там, дзе пачынаюцца рэальныя інтарэсы алігархіі.

Канчаткова «бандэраўская» сутнасьць Януковіча была выкрытая расейцамі, калі Пуцін з пустымі рукамі пакінуў Кіеў, так і не падпісаўшы дамоўленасьцяў аб Мытным зьвязе.
Ёсьць кансэнсус сярод эліты ў тым, што такая краіна павінна існаваць і яе эліта павінна сама рабаваць Украіну – нікому іншаму гэтага не дазволяць.

З гэтага моманту вобраз Януковіча як прарасейскага кандыдата быў безнадзейна разбураны. І ў гэтым сэнсе ён выглядае для Расеі яшчэ горш, чым Юшчанка. Бо калі Віктар Андрэевіч быў у разуменьні расейскай прапаганды проста акупантам – «амэрыканскім» Карлам XІІ, то Януковіч – дакладны Мазэпа, здраднік і перабежчык.

Паколькі адносіны ўкраінскіх і расейскіх уладаў вельмі цыклічныя, ня цяжка здагадацца, што будзе далей. У свой час на прэзыдэнта Юшчанку былі вылітыя тоны тэлевізійных экскрэмэнтаў, шчыльнасьць якіх асабліва павялічвалася падчас газавых войнаў.

У сюжэтах расейскіх журналістаў па вуліцах ўкраінскіх гарадоў крочылі нацысты, у крамах прадаваліся лялькі Гітлера, зьяўляліся і зьнікалі мабільныя базы ЦРУ для катаваньняў мірнага расейскамоўнага насельніцтва.

Таму няма сумневаў, што оруэлаўскія «пяціхвілінкі нянавісьці» на расейскім ТБ адновяцца ўжо ў найбліжэйшай будучыні на поўную магутнасьць. І даўняя тэма «бандэраўцаў, якія стралялі ў сьпіну цяжарным камсамолкам», зайграе новымі фарбамі ў адносінах да найноўшых «данецкіх бандэраў».

Зусім нядаўна такім аб'ектам нафтагазавага запалохваньня быў Аляксандар Лукашэнка, яго пэрсоне былі прысьвечаныя ня толькі выпускі навін на расейскім ТБ, а нават сэрыял «Хросны бацька».
Януковіч разьлічвае ў 2011 годзе завяршыць перамовы аб асацыяцыі з ЭЗ і стварэньні зоны свабоднага гандлю з Эўразьвязам.

Віктар Януковіч зь яго няпростай біяграфіяй зьяўляецца ідэальнай мішэньню для сэрыялу з назваю «Данецкі Хам».

А для тых, у каго не хапае трываласьці вэстыбулярнага апарата, каб глядзець навіны ОРТ і НТВ, будзе прапанавана больш элегантнае «мачылава» ў папулярных гумарыстычных праграмах "Прожектор перисхилтон» і «Большая разница». У адной з пародыяў апошняй Віктар Януковіч, дарэчы, ужо пасьпеў засьвяціцца.

Акрамя магутнага агітпрапу, Крэмль таксама зьвяртаецца да звычайнага мэтаду эканамічнага і мытнага шантажу. Ужо цяпер украінскія алігархі, якія маюць інтарэсы ў сфэры імпарту з Расеі, пачынаюць хутка губляць прыбыткі.

Украінскія трубы і прысмакі, як у свой час грузінскае віно або латвійскія шпроты, раптам сталі вельмі шкодныя для расейскага спажыўца. У выніку ўкраінскімі нацыяналістамі хутка стануць нават тыя, якія ў гэтай краіне больш за ўсё цэняць ізраільскі пашпарт.

У сваёй прамове ў Дзень Незалежнасьці Януковіч распавёў аб тым, што разьлічвае ў 2011 годзе завяршыць перамовы аб асацыяцыі з ЭЗ і стварэньні зоны свабоднага гандлю з Эўразьвязам.
Без эўрапейскай падтрымкі газавая вайна з Расеяй можа скончыцца для Януковіча толькі кансэрвацыяй рэжыму накшталт беларускага.

Цяпер праэўрапейскія памкненьні Януковіча сутыкнуліся з тым, што Эўропа працягвае чыніць ціск на ўкраінскую ўладу ва ўнісон з Расеяй у пытаньні суду над Цімашэнкай. І так старанна, што дзе-нідзе нават траціць дыпляматычны такт, пагражаючы спыненьнем перамоваў аб асацыяцыі.

Без эўрапейскай падтрымкі газавая вайна з Расеяй можа скончыцца для ўпартага Януковіча толькі кансэрвацыяй рэжыму накшталт беларускага. І тады для Эўропы Януковіч так і застанецца дыктатарам, а для Расеі – ніколі не адмыецца ад цэтліка «махровага нацыяналіста».

Зрэшты, пакуль доўжыцца чарговая газавая вайна, у краіне працягваецца перадзел уласнасьці на карысьць новых «патрыётаў», і маскі-шоў у офісах вялікіх і малых прадпрыемстваў «Бацькаўшчыны» яскравае таму пацьверджаньне. Паколькі вайна вайной, а абед – паводле раскладу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG