Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саадзі Кадафі – у Нігеры. А Муамар?


Сёньня міністар юстыцыі Нігеру Мару Адаму пацьвердзіў, што Саадзі Кадафі, 38-гадовы сын палкоўніка Муамара Кадафі, прыбыў напярэдадні ў гэтую краіну разам з аўтакалёнай, якая перасекла лібійска-нігерскую мяжу.

Саадзі Кадафі – трэці сын кіраўніка Лібіі, былы прафэсіянальны футбаліст, потым – камандзір адной з брыгадаў лібійскага рэжыму.

Раней у Нігер ўцяклі тры генэралы лібійскага рэжыму. Па-ранейшаму невядома, дзе знаходзіцца сам Муамар Кадафі.

Нігер нядаўна прызнаў Нацыянальную пераходную раду Лібіі як легітымную ўладу гэтай краіны.

Некаторыя з паўстанцкіх лідэраў у Нацыянальнай пераходнай радзе мяркуюць, што высокапастаўленыя чыноўнікі былога лібійскага рэжыму, перабягаючы ў Нігер, забралі з сабою вялікую колькасьць золата і валюты з запасаў цэнтральнага банку Лібіі.

Тым часам Махмуд Джыбрыль, намесьнік кіраўніка Нацыянальнай пераходнай рады, заявіў, што цягам бліжэйшых 10 дзён Рада мяркуе сфармаваць часовы ўрад краіны. Джабрыль адзначыў, што ва ўрад увойдуць прадстаўнікі рэгіёнаў Лібіі. Ён таксама сказаў, што Рада плянуе аднавіць здабываньне нафты, якое перапынілася шэсьць месяцаў таму з увагі на грамадзянскую вайну.

Паўстанцы цяпер вядуць зацятыя баі за горад Бані-Валід, які лічыцца крэпасьцю сілаў, ляяльных да Муамара Кадафі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG