Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня варта прадказваць хуткі крах рэжыму Лукашэнкі


Такое меркаваньне ў артыкуле, апублікаваным у расейскім выданьні Газета.ру выказаў дырэктар дасьледчых праграм па "Усходнім суседзтве" ЭЗ і Расеі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошас.

Падобна, у становішчы беларускага рэжыму насьпелі якасныя зьмены. Справа не ў асобных прыкметах накшталт заяўленага на сярэдзіну верасьня пераходу на рынкавае азначэньне курсу нацыянальнай валюты, запрашэньні да дыялёгу той самай апазыцыі, на адрас якой раней ляцелі выключна абразы, або распаўсюджанай са спасылкай на баўгарскі МЗС інфармацыі пра гатоўнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі выпусьціць палітвязьняў. Інфармацыю гэтую яшчэ трэба пацьвердзіць. Але так ці інакш відавочна, што

сытуацыя выйшла з-пад кантролю Аляксандра Лукашэнкі адразу ў трох кірунках.


Па-першае, і гэта галоўнае, на вачах развальваецца сацыяльны кантракт паміж уладай і насельніцтвам, які грунтаваўся на здольнасьці рэжыму забясьпечыць людзям прымальны мінімум дабрабыту і бясьпекі. Мінімум - паняцьце расьцяжнае і суб'ектыўнае. Хтосьці палічыць крытычным узроўнем зьнікненьне прадуктаў харчаваньня, хтосьці - рэзкае падаражаньне даўно звыклых імпартных тавараў, а хтосьці (як, напрыклад, уладальнікі відавочна нятанных іншамарак, якія прынялі ўдзел у летніх акцыях пратэсту) прад'явіць ўладзе прэтэнзіі за рост коштаў на бэнзін , які многія з гэтых людзей у прынцыпе могуць аплачваць і па рынкавых тарыфах. Усе гэтыя людзі «нешчасьлівыя па-свойму», але незадаволеныя адным - уладай і яе лідэрам асабіста.

Дадамо, што і красавіцкі выбух у мінскім мэтро не застаўся незаўважаным у грамадзтве. У Беларусі да тэрактаў не прызвычаіліся (і не дай бог, каб прызвычаіліся!), і таму трагедыя пакінула прыкметную пляму на рэпутацыі ўлады.

Па-другое, Менск апынуўся ў занадта моцнай залежнасьці ад Масквы - ад яе добрай волі і нават капрызаў. Нельга сказаць, што ўсе прынятыя рашэньні былі няправільнымі. Наадварот, саступка «Газпрому» часткі, якія засталася, газатранспартнай інфраструктуры цалкам лягічная, паколькі прыносіць грошы і ў момант продажу, і ў пэрспэктыве, гарантуючы транзыт. Але ў цэлым адмова ад значнай часткі сувэрэнітэту ў гандлёвай палітыцы - той самы «інтэграцыйны складнік», аб якім сёньня шмат гавораць - стратэгічна невыгадны перш за ўсё самому Лукашэнку як кіраўніку, паколькі пазбаўляе яго магчымасьці распараджацца рэсурсамі і гандлявацца за кожную саступку асобна.

Бо гэта праўда: не будзь Беларусь членам Мытнага саюзу, перакрыў бы «бацька» экспарт прадуктаў харчаваньня і адразу вырашыў бы праблему дэфіцыту. Ці знайшоў бы новую «крэатыўную» формулу гандлю энэргапрадуктамі. Або пошліну на імпарт аўтамабіляў пакінуў бы на ранейшым невысокім узроўні. Але сёньня часы не тыя. Што-небудзь не так, не тое зробіш - заявіш, і з надзеяй на чарговы крэдыт прыйдзецца разьвітацца.

Па-трэцяе, Лукашэнка практычна страціў прастору для манэўру на Захадзе. Выключна ў сілу ўласных псыхалягічных асаблівасьцяў. Ён не захацеў скарыстацца магчымасьцю, якая была ў яго першапачаткова, адыграць назад або па крайняй меры спыніцца на дасягнутым (бо Эўразьвяз так і не ўвёў эканамічныя санкцыі супраць рэжыму і захаваў у сьпісе ўязных многіх яго важных прадстаўнікоў) і зьвёў усе адносіны з ЭЗ да аднаго пытаньня - вызваленьня палітвязьняў. Але, у адрозьненьні ад 2008 года, калі такі крок мог стаць пачаткам дыялёгу,

сёньня нават у абмен на выхад з турмаў і калёній палітычных праціўнікаў Лукашэнкі Захад нічога не будзе яму гарантаваць.


І таму, што гэта будзе ўспрымацца як у тым ліку вынік палітыкі ізаляцыі і выдавацца за доказ яе эфэктыўнасьці. І таму, што ў жаданьне Лукашэнкі пачаць усё з чыстага аркушу, з выпрацоўкі нейкіх правілаў паводзінаў на будучыню ўжо ніхто не паверыць.

Занадта па-дурному ў эўрапейскіх калідорах выглядалі ў сьнежні 2010 года тыя, хто паверыў яму ў мінулы раз.


Самае непрыемнае для беларускага лідэра палягае ў тым, што практычна не засталося людзей, здольных публічна агучыць наступную пазыцыю: дзеля захаваньня незалежнасьці Беларусі як дзяржавы можна пайсьці і на падтрымку Лукашэнкі асабіста. Яшчэ нядаўна такое меркаваньне было досыць распаўсюджаным. Прасьцей знайсьці людзей, якія ў высакародных мэтах вызваленьня ад «дыктатара» гатовыя супрацоўнічаць з кім заўгодна, і тым больш з Масквой. Апошняя, на іх думку, зможа забясьпечыць замену цяперашняга беларускага лідэра максымальна бязбольна, ды яшчэ пры гэтым і ўнесьці ўнёсак у эканамічную стабілізацыю ў краіне.

Зрэшты, Лукашэнка, па-за ўсякім сумневам, будзе змагацца да канца. І шанцы ў кароткатэрміновай пэрспэктыве ў яго ўсё яшчэ нядрэнныя. У тым, што тычыцца ўнутранай сытуацыі,

Беларусь па-ранейшаму досыць далёкая ад масавых пратэстных настрояў, нягледзячы ні на якія флэшмобы і тым больш незадаволенасьць на кухнях.


Тут варта мець на ўвазе наступныя акалічнасьці. Пачаць з таго, што працоўныя буйных прамысловых прадпрыемстваў, асабліва менскіх, застаюцца назіральнікамі, а не ўдзельнікамі палітычнага працэсу. Без іх удзелу «рэвалюцыя» немагчымая, а забесьпячэньне ляяльнасьці гэтай сацыяльнай групы з'яўляецца задачай лякальнай ў параўнаньні са стабілізацыяй эканамічнага становішча насельніцтва ў цэлым.

Шматгадовы паліцэйскі рэжым і асабліва рэпрэсіі апошніх месяцаў выклікалі ў досыць шырокіх групах насельніцтва, у тым ліку інтэлігенцыі, прычым не толькі прама занятых у дзяржсэктары, непрыхаванае пачуцьцё страху. У многіх калектывах папросту не прынята казаць пра палітыку і тым больш высьвятляць настроі і погляды калегаў. Нармальнае пачуцьцё самазахаваньня, таму што пакараньне за крытычныя размовы (не кажучы ўжо аб дзеяньнях) можа быць вельмі балючым.

Захоўваюцца адкрытымі каналы працоўнай эміграцыі. І выбар паміж барацьбой за свае інтарэсы ў Беларусі і ад'ездам на заробкі (у Расію ці ў Эўропу, усё роўна), зусім не відавочна будзе зроблены ў карысьць барацьбы. Нарэшце, не варта забываць і пра шмат разоў апісаны нацыянальны характар жыхароў Беларусі, у якім схільнасьць да бунту далёка не на першым месцы.

У адносінах з Расеяй галоўная надзея Лукашэнка - насьпяваючы газавы канфлікт Масквы і Кіеву. Расія традыцыйна пазьбягае адначасовага абвастрэньня супярэчнасьцяў з Беларусьсю і Украінай, а сёньня Беларусь і яе згодлівасьць павінны паслужыць для свавольнага Віктара Януковіча прыкладам для перайманьня.

Не факт, што ў Лукашэнкі атрымаецца выгандляваць у Масквы што-небудзь большае, чым ужо прадстаўленая яму зьніжка на газ. Але па крайняй меры ёсьць надзея, што даціскаць, прымушаць яго танна аддаць нафтаперапрацоўку або «Беларуськалій» (і тым больш прэзыдэнцкі пост) таксама не будуць. Па меншай меры не стануць паказваць па цэнтральных каналах чарговую сэрыю «Хроснага бацькі».

І нават у адносінах з Эўропай усё не цалкам безнадзейна. Эразьвязу, як і раней, патрэбна імітацыя зьнешнепалітычнай дзейнасьці на ўсходзе Эўропы. Так што, хутчэй за ўсё, Менску на нейкім узроўні будзе прадастаўленая магчымасьць прыняць удзел у саміце Усходняга партнэрства, што арганізуецца ў канцы верасьня ў Варшаве. Эўрапейскаму бізнэсу цікавыя прыватызацыйныя праекты. А Лукашэнка патрэбныя эўрапейскія (як і любыя іншыя) грошы. Так што поле для ўзаемадзеяньня ёсьць. Пры ўмове вызваленьня палітвязьняў, чаму б не паспрабаваць.

Так што забягаць наперад і прадказваць хуткі крах рэжыму не варта: цяперашняя восень яшчэ не канец. Але, з іншага боку, гэта ўжо і не пачатак канца. Проста становіцца відавочным, што сыстэма дзяржаўнага кіраваньня, створаная ў Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, дайшла да стадыі, уласьцівай шматлікім пэрсаналісцкім рэжым. Калі іх лідэры, не здольныя ні зьмяніцца ўнутрана, ні вырабіць новыя ідэі, ні задумацца аб сыходзе, пачынаюць змагацца выключна за тое, каб яшчэ колькі-то дзён, месяцаў ці гадоў заставацца ля карміла ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG