Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Трэба было грошы на лячэньне перадаць з кім-небудзь, а ня поштай перасылаць"


Мікалай Царкоў
Мікалай Царкоў
Паведамленьне пра чэрыкаўскага пэнсіянэра, якому на лячэньне ў Маскве сястра даслала з Расеі грашовы перавод, а на пошце райцэнтру яго выдалі беларускімі рублямі, выклікала шырокі грамадзкі розгалас. У камэнтарах людзі абураюцца сытуацыяй, у якой апынуўся інвалід па зроку Мікалай Царкоў. Каб не асьлепнуць, яму неабходная апэрацыя. А як камэнтуюць сытуацыю чыноўнікі райвыканкаму й супрацоўнікі Белпошты?

У Чэрыкаўскім райвыканкаме парушэньня правоў Мікалая Царкова ня ўбачылі. Супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу заявіла, што выплата пераводу адбылася ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Канечне, ён свае грошы страціў ...

"Я ж ведаю гэтага чалавека. Ён даволі пісьменны такі. Гэтую сытуацыю ён павінен быў пралічыць. Ці выгадна яму гэта будзе, ці ўкладаецца ён у гэтую суму, ці не. Канечне, ён свае грошы страціў. Курс жа ў нас ідзе афіцыйны, а на чорным рынку ён у два разы амаль большы. Трэба было падумаць, мо так з кім-небудзь перадаць. Я зараз павывучаю сытуацыю, канечне".

На пошце, дзе атрымаў перавод Мікалай Царкоў, патлумачылі:

"Мне не прыходзяць расейскія грошы. Перавод прыходзіць толькі ў беларускіх рублях. Мы толькі зь беларускімі працуем. Валюты ў нас няма. Гэта калі б яны выслалі на банк грошы, то тады б атрымалі ў расейскіх рублях".

У аддзеле плацяжоў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта" далі сваё тлумачэньне сытуацыі, у якой апынуўся Мікалай Царкоў:

"Мы ў сваёй дзейнасьці кіруемся пастановамі Савету міністраў і Нацыянальнага банку. Да нас грошы прыходзяць у беларускіх рублях, затым яны канвэртуюцца па курсе Нацыянальнага банку. Калі гэтаму чалавеку трэба ехаць на лячэньне за мяжу, то ён можа зьвярнуцца ў банк і яму могуць выдзеліць нейкія сродкі ў валюце".

Карэспандэнт: "Ці маглі яму сказаць на пошце пра такую сытуацыю?".

Супрацоўніца "Белпошты": "На пошце, канечне ж, маглі сказаць. Можа, там быў працаўнік не зусім кампэтэнтны. Але загадчык аддзяленьня сувязі мог бы пра гэта й сказаць".

Што думае сам пра сваю сытуацыю Мікалай Царкоў:

"
Гэта наглы ўчынак. Дасылаюць дапамогу сваякі ў расейскіх рублях, а мне аддаюць у беларускіх...
Гэта наглы ўчынак. Абсалютна наглы. Дасылаюць дапамогу сваякі ў расейскіх рублях, а мне аддаюць у беларускіх. Я не па сваёй волі еду ў Маскву. Я быў у Менску, і яны мне далі накіраваньне. Мне ў Беларусі дапамагчы ня могуць. Я не адзін у такой сытуацыі. Гэта ўсё суміруецца ў тое, у якой дзяржаве мы жывём".

Мікалай Царкоў — вэтэран вайны. Перажыў блякаду ў Ленінградзе. Дапамогу на лячэньне ў Маскве яму даслала з Краснадарскага краю сястра-пэнсіянэрка, калі даведалася, што ў Беларусі цяжка набыць валюту. У маскоўскім інстытуце Гельмгольца ён павінен быць 12 верасьня. Для яго вызвалілася там месца.

У Мікалая Царкова хворыя два вокі. Каб уратаваць яго ад поўнай сьлепаты, неабходная апэрацыя. Раней на адным воку яе ўжо рабілі. Цяпер патрэбная яшчэ адна. Да апэрацыі ён рыхтаваўся два месяцы, піў адмысловыя прэпараты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG