Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: форум у падтрымку палітвязьняў


Праваабарончы форум у Берасьці.
Праваабарончы форум у Берасьці.
З ініцыятывы аргкамітэту па стварэньні партыі БХД у Берасьці 3 верасьня адбыўся праваабарончы форум. У ім прынялі ўдзел берасьцейскія палітыкі, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый і праваабаронцы. Разам яны вырашалі, як дапамагчы палітвязьням.

На Берасьцейшчыне палітычныя вязьні адбываюць пакараньне ў калёніях Івацэвічаў, а таксама на «хіміі» ля Пружанаў.

Яўген Маліноўскі з Баранавічаў, сябра сям’і палітзьняволенага Фёдара Мірзаянава, апавёў пра тое, што Фёдар не пайшоў на кампраміс са сваім сумленьнем, калі ў яго была магчымасьць зьехаць за мяжу:

«Ён сказаў бацькам, што застаецца ў Беларусі і зьяжджаць ня будзе, бо лічыць сябе невінаватым. І вось я зьдзіўляюся: адкуль такая моц, рашучасьць такога худзенькага хлопца з кепскім зрокам? Зараз, дарэчы, падчас знаходжаньня ў турме, яшчэ пагоршыўся яго зрок, і са страўнікам зьявіліся праблемы… І цяпер Фёдар, як ён распавёў бацькам, ні на якія ўмовы, подпісы або кампрамісы не пайшоў. Ён мае гатоўнасьць трываць да канца».

Намесьнік кіраўніка арганізацыі прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі зь Берасьця нагадаў пра праблемы са здароўем у вязьня Мікалая Аўтуховіча:

«Аўтуховіч мае праблемы са страўнікам, сур’ёзныя праблемы з зубамі, таму што яму вельмі доўга не аказвалі ўрачэбную дапамогу».

Удзельнікі праваабарончага форуму прынялі зварот да ўладаў з патрабаваньнем вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных вязьняў, спыніць крымінальныя справы і зьняць судзімасьці з ужо асуджаных па палітычных матывах.

Віталь Рышмашэўскі
Прыканцы форуму каардынатар БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай ініцыяваў стварэньне берасьцейскага камітэту дапамогі рэпрэсаваным.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі заявіў, што вельмі важным зьяўляецца грамадзкі кантроль за сытуацыяй з палітвязьнямі.

Пасьля заканчэньня форуму дэлегацыя на чале зь Віталём Рымашэўскім накіравалася ў Івацэвічы, каб перадаць кіраўніцтву калёній зварот пра вызваленьне палітвязьняў. У нядзелю зварот перададуць і ў спэцкамэндатуру ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, дзе адбывае пакараньне Павал Севярынец.


Удзельнікі форуму падпісваюцца пад зваротам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG