Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алей ужо па 23 500, сыравэнджаныя каўбасы — па 95 000


З 1 верасьня ў Беларусі зноў даражэюць жыльлёва-камунальныя паслугі — па некаторых пазыцыях больш чым на 25%; павышаюцца акцызы на алькаголь і тытунь. 31 жніўня трэці раз за мінулы месяц падаражэла мяса. Як на гэта рэагуюць пакупнікі, як рост коштаў тлумачаць гандляры і эканамісты?

«Жыроўкі» з падвышанымі коштамі за камуналку прыйдуць на пачатку кастрычніка. Кошты на гарэлку і тытунь у крамах яшчэ не зьмяніліся. Да прыкладу, у «Генэрал-маркеце» кошты на сьпіртное такія ж самыя, як былі ўчора — гарэлка «Бацькова» 13 500, «Стольградная» — 10 940, каньякі беларускай вытворчасьці — ад 45 тысяч і вышэй. Пытаюся ў прадавачкі:

«Гэта ад сёньняшняга дня ўжо новыя кошты на сьпіртное?».

Прадавачка: «Не. Відаць, калі будзе прыходзіць новы тавар, тады ўжо і акцызы будуць мяняцца. А гэтыя кошты ўсталяваныя з 23 жніўня, калі адпусьцілі цэны на гарэлку».

Але шмат якія іншыя тавары без абвяшчэньня пра падаражэньне прыходзяць па новых коштах. У тым жа «Генэрале» алей ужо па 23 500, а вось у «Рублёўскім» паблізу — яшчэ старыя запасы алею па 16 800. Работнікі гандлю кажуць, што іх заяўкі на самыя хадавыя прадукты — макарону, сыр, сьметанковае масла, малако, той самы алей — цалкам не задавальняюцца. Загадчыца аднаго з буйных унівэрсамаў кажа:

«Маглі і прадпрыемствы, той самы халадзільнік, не даваць у крамы алей. Маўляў, няма алею, і ўсё. Калі мы замаўляем 10 скрыняў, могуць даць толькі 5, каб па старых цэнах выйсьці пад нуль, а потым атрымаць новую партыю па новых коштах. Апошнім часам тавар не даюць вялікімі партыямі. Калі мы замаўляем 500 кіляграмаў сьвініны, нам даюць 200, а то і 250. І так усё. А новыя кошты ўражваюць — сыравэнджаныя каўбасы Барысаўскага мясакамбінату прыйшлі ўжо па 95 тысяч за кіляграм».
Калі мы замаўляем 10 скрыняў, могуць даць толькі 5, каб па старых цэнах выйсьці пад нуль, а потым атрымаць новую партыю па новых коштах.

Пакупнікі, асабліва пэнсійнага веку, абураюцца:

Спадарыня: «Цэны ўжо моцна кусаюцца. Пэнсія невялікая, а як далей жыць?».

Дзядок: «Гэта немагчыма. Кожны дзень новыя кошты, усё вышэй і вышэй. Пэнсіі хапае роўна на 2 тыдні, і тое толькі на хлеб і кефір, бязь мяса».

Бабуля: «Вельмі ўсё дорага. Ужо хутка забудземся пра смак мяса, рыбы, ня кажучы ўжо пра садавіну. Калі я раней на пэнсію магла сабе купіць і пэрсік, і вінаград, і лімон, то цяпер ходзіш па базары ці краме і шукаеш, дзе што таньнейшае, не глядзіш на прадукты, на якасьць, а глядзіш на цэны. Ня ведаю, да чаго мы прыйдзем…».

Тым часам кіраўніцтва краіны працягвае распавядаць пра сацыяльна арыентаваную эканоміку, пра сацыяльную дзяржаву. Эканаміст Яўген Прэйгерман перакананы, што пры цяперашнім узроўні інфляцыі немагчыма затармазіць рост коштаў:

«Фактычна, калі стрымліваць рост коштаў па некаторых пазыцыях тавараў, як і намагаўся і яшчэ намагаецца ўрад рабіць, то гэта будзе адбівацца на розных дыспрапорцыях у розных рэчах. Напрыклад, калі ты пачынаеш субсыдыяваць сацыяльна значныя тавары, то, па-першае, гэта цяжар для бюджэту, па-другое, пачынаюць узьнікаць такія сытуацыі, як у нас апошнія месяцы былі, калі прыяжджаюць расейцы і пачынаюць скупляць усё. Гэта, фактычна, вынік спробаў кіраваць эканомікай адміністратыўнымі мэтадамі, капіяваць мадэль, якая была ў Савецкім Саюзе, але ж у маштабе маленькай Беларусі. Сёньня выпадае за гэта плаціць вось такімі сродкамі. І, вядома, гэта ўсё кладзецца на простых грамадзянаў, у тым ліку на пэнсіянэраў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG