Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі жонцы: «Усе паведамленьні пра нас адсочваюць праз інтэрнэт»


Аляксандар Класкоўскі распавёў пра турэмнае жыцьцё жонцы падчас двухдзённага спатканьня. Ад пакараньня, вынесенага Мікалаю Статкевічу, пацярпеў увесь ягоны атрад. У якіх умовах жыве ў калёніі Фёдар Мірзаянаў? Чаму адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні Алесь Атрошчанкаў?

Аляксандар Класкоўскі-малодшы сустрэўся з жонкай і дзецьмі. «Два дні дзеці літаральна віселі на бацьку, не давалі яму ані хвіліны спакою», — сьмяецца Натальля Класкоўская. Пра мужа жанчына распавяла, што яго перавялі ў іншы, 10-ы атрад, у якім вязьні працуюць у пашывачным цэху. Аляксандар таксама працуе там. Натальля Класкоўская адзначае, што муж шмат пра парадкі ў Шклоўскай калёніі, дзе яго трымаюць, не распавядаў:

«Ты ведаеш, кажа, менш трэба казаць, бо лепш нам ад гэтага не становіцца. Яны адсочваюць усё праз інтэрнэт, і потым пачынаюцца прыдзіркі. Нават да аднаго слова могуць прычапіцца. І яшчэ настройваюць супроць нас вязьняў».
Яны адсочваюць усё праз інтэрнэт, і потым пачынаюцца прыдзіркі.

Пра тое, як настройваюць калектыў зьняволеных супраць палітвязьняў, вядома з апошніх лістоў экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча. Паводле зьвестак, за дробнае парушэньне пакаралі не аднаго Мікалая Статкевіча, а ўвесь ягоны атрад — загадалі зьліквідаваць турнік на пляцоўцы для фізычных практыкаваньняў. Гэта адбылося ў Шклоўскай калёніі, дзе трымаюць экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, які атрымаў найбольшы тэрмін — 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня вынікаў выбараў.

1 верасьня вярнуліся дамоў пасьля спатканьня зь Фёдарам Мірзаянавым ягоныя маці, тата і бабуля:

«Любімая бабуля, вельмі вялікая прывязанасьць да яе ў Фёдара. Ёй 80 гадоў, Ніна Фёдараўна яе завуць. Апошні раз яна бачыла свайго ўнука 19 сьнежня», — распавяла маці палітвязьня Людміла Мірзаянава.

Фёдар Мірзаянаў распавёў пра ўмовы ў Івацэвіцкай калёніі. У другім атрадзе, дзе ён знаходзіцца, каля 200 чалавек. Вязьні разьмешчаныя ў вялікай казарме з сэкцыямі па 16 чалавек у кожнай. Сьпяць на двух’ярусных нарах. Пакой для ўмываньня — адзін на ўсіх. Таксама адзін на ўсіх тэлевізар і ўсяго адна лядоўня, з-за чаго вялікія праблемы з захаваньнем прадуктаў, найперш мясных.

Вязень калёніі «Віцьба-3» Аляксандар Атрошчанкаў разьлічвае атрымаць у калёніі спэцыяльнасьць наладчыка дрэваапрацоўчых станкоў. Пра гэта Аляксандар паведаміў жонцы ў тэлефоннай размове. Навучаньне хутка пачнецца і будзе цягнуцца год. Такім чынам, Алесь Атрошчанкаў не выключае, што яму давядзецца адбыць гэты час за кратамі. Прашэньне аб памілаваньні Аляксандар пісаць не зьбіраецца, кажа жонка вязьня Дар’я Корсак:
Ён сказаў, што той, хто заварыў гэтую кашу, хай яе і расхлёбвае. А ён пісаць нічога ня будзе.

«Ён сказаў, што той, хто заварыў гэтую кашу, хай яе і расхлёбвае. А ён пісаць нічога ня будзе. Пры гэтым ён кажа, што не вінаваціць ні ў чым тых, хто напісаў падобныя паперы, бо ў кожнага свая мяжа цярпеньня».

Праз тры дні будзе месяц, як быў арыштаваны кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, якога вінавацяць ва ўтойваньні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. «Алесь па-ранейшаму на Валадарцы, да яго рэгулярна ходзіць адвакат, ён дасылае лісты, якія мы разьмяшчаем на сайце «Вясны», — распавёў праваабаронца Ўладзімер Лабковіч:

«Дзякуй Богу, як мы разумеем, ня чыніцца перашкодаў у перасылцы карэспандэнцыі. У адным зь лістоў ён напісаў, што атрымлівае пачкамі гэтыя лісты, чаму ён вельмі рады. Улічваючы гэта, мы пастаянна пішам яму новыя лісты, атрымліваем ад яго адказы і такім чынам спрабуем падтрымаць яго ў гэтай сытуацыі».

Вядома, што Алесь Бяляцкі, адносна якога працягваецца сьледзтва, не прызнае сябе вінаватым.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

Фёдар Мірзаянаў

Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Аляксандар Атрошчанкаў

Аляксандар Атрошчанкаў
Нарадзіўся 22 сакавіка 1981 г. у Менску. Вучыўся на факультэце міжнародных адносін у БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасьць.

У 2001—2006 гг. быў сябрам арганізацыі "Зубр", браў удзел у яе акцыях, бываў затрыманы.

10 гадоў працаваў карэспандэнтам сайту charter97.org.

Пасьля стварэньня грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" быў яе прэс-сакратаром. На выбарах-2010 — прэсавым сакратаром штабу Андрэя Саньнікава.

Затрыманы 20 сьнежня 2010 г. у сябе дома. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваецца паводле артыкула 293 КК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG