Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарнітур


Яўген Ліпковіч
Яўген Ліпковіч
Яўген Ліпковіч, блогер зь Менску.
lipkovichea.livejournal.com
www.facebook.com/profile


Прыяцель, няпросты хлопец, са складанымі рухамі душы, які прайшоў шлях ад курсанта савецкай ваеннай вучэльні да рэлігійнага юдэя і, адпаведна, геаграфічна ад Менску да Ерусаліма, пакінуўшы тым часам сьляды ў Маскве, Рызе, Нью-Ёрку, запрасіў на вясельле.

Банкетную залю па традыцыі падзялілі непразрыстай перагародкай на дзьве паловы. На мужчынскім баку ў прэзыдыюме сам малады, які стомлена, але стойка ўсьміхаўся, іншыя афіцыйныя і рэлігійныя асобы. Сталы круглыя, на дзесяць чалавек. Гастраномію даваў шыкоўны емэнскі рэстаран (упершыню паспытаў бычыныя хвасты па старажытнай тэхналёгіі). Паілі дванаццацігадовым віскі і гарэлкай "Русский стандарт". На жаночай палове давалі толькі віно, і яно хутка скончылася. Даводзілася паднімацца на лесьвіцу (гулялі на ўзроўні "-1"), цягаць жонцы віскі і чокацца за Вадзімава здароўе. Сярод гасьцей пераважалі сваякі нявесты ў аднастайных чорных гарнітурах нямоднага крою, у нямодных белых кашулях, бяз гальштукаў і ў чорных шыракаполых капелюшах кшталту "Барсаліна". Хтосьці потым прасьвяціў, што такі капялюш можа каштаваць да трох тысяч даляраў.

На мне быў жоўты буйнога вэльвэту пінжак, пазычаны ў ерусалімскага знаёмага, і чорныя джынсы.

Джынсавую адзежу я надзяю зь любой нагоды. З тых часоў, як паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут, і не перастаючы. На спатканьні, пахаваньні, у опэру, на дыпляматычныя прыёмы, нават на сустрэчу з банкірамі-інвэстытарамі.

Выпялегаваны амэрыканец — бездакорны шэры гарнітур, даражэзная тытанавая аправа, залаты пярсьцёнак з чорным каменем на мезенцы — цярпліва тлумачыў, не зважаючы на маю выцертую куртку ад Levi's, што звышчыстыя мэталы ня могуць быць надзейным закладам. Яго нічога не бянтэжыла ў маёй адзежы, цікавіў толькі прыбытак.

Але тут, сярод чорных гарнітураў і шыракаполых капелюшоў, я пачуваўся паўлінам. Пасьля чарговага забегу на лесьвіцу, калі нацменшасьць, што згрупавалася вакол аднаго са сталоў, перастаўшы сьпяваць "Касіў Ясь канюшыну", запатрабавала "горка", жонка тонам, які не дапускаў пярэчаньняў, абвясьціла канчатковае рашэньне:

— Будзем шыць гарнітур!

Я залпам уліў у сябе рэшткі "Русского стандарта".

Пэрыяд палавога дасьпяваньня падышоў да канца, давялося з сумам канстатаваць, што надышла сталасьць. Буду шпацыраваць з жонкай у парку Горкага, паважна раскланьвацца з такімі ж парачкамі, якія фланіруюць сабе пад гарнізонны аркестар, добразычліва ківаць моладзі, што праяжджае на роліках, крыва ўсьміхацца ад нясьмешных жартаў лысых джэнтэльмэнаў з цыгарамі, глядзець у бінокль, як на прэм'еры душаць Дэздэмону, піць віскі пры каміне і абмяркоўваць у клюбе артыкул з апошняй "Файнэншнл Таймс"…

Гарнітур замовілі на наступны дзень пасьля вяртаньня ў Менск. Абяцалі праз тры тыдні, але ня выйшла. З паліц крам пачалі зьмятаць прадукты, потым наступіла дэвальвацыя, Пятра Пракаповіча разьбіла...

Мы стараліся не гаварыць на тэму адзеньня, каб не псаваць адзін аднаму нэрвы. Выходзіла ня надта. Жонка ўздыхала, я шалеў.

Нарэшце, праз паўтара месяца, кравец зрабіў ласку адказаць на тэлефонны званок і радасна паведаміў, што ўжо ўшыў адмысловую бірку "як мыць" і "цяпер усё чыста, слова гонару!". Сіні пінжак, шэрыя штаны, тканіна ад Вэрсачэ, пашыў і дызайн айчынны. "Купляйце беларускае!" у дзеяньні.

Жонка дастала гальштук сакавітага чырвонага колеру, які адмыслова прывезла з камандзіроўкі ў Італію. Я надзеў кашулю ў шэрую палоску і стаў пры люстэрку.

Мяне ўважліва аглядалі, абмацваючы і абнюхваючы, абышлі вакол, прымусілі некалькі разоў падняць рукі ўгору, прысесьці, зьмяніць красоўкі на туфлі і пацокалі языком.

— Выглядаеш на мільён даляраў, — канстатавала жонка.

— Выйдзеш за мяне замуж? — пацікавіўся я. Яна адмахнулася.

Засталося толькі дачакацца чыйго-небудзь вясельля, юбілею, прэм'еры, вэрнісажа ці пасольскага, на благі канец, прыёму.

Лета пачалося, дні нараджэньня, калі які надыходзіў, адзначалі ў традыцыйных абставінах. Лес, брудныя нячышчаныя ствалы хвой, непрапыласошаны мох і шашлыкі. Госьці ўсе ў паходным, галодныя, з гарэлкай і гарластымі дзецьмі.

Зручнай нагоды, каб прадэманстравацца, не надаралася. Вясельлі і прэм'еры з-за крызісу адкладаліся, на пасольскія прыёмы ня клікалі.

У майцы "ШОС" і ў джынсавых шортах я прыйшоў у Першамайскі раённы суд. Мікалай Чаргінец, старшыня камісіі па маральнасьці, зьвярнуўся з патрабаваньнем прыцягнуць мяне да адказнасьці за абразу яго пісьменьніцкай яснавяльможнасьці.

На ўваходзе ў памяшканьне суду сядзеў міліцыянт. Позірк яго ад сьпякоты быў мутны.

– У такім выглядзе ў суд нельга, — сказаў ён.

— Мяне судзяць, — я працягнуў позву і пашпарт.

— Нельга, — ён выцер пот з ілба.

— Чаму?

— Нельга, — ён вярнуў дакумэнты.

— Па якім законе "нельга"? — працягваў настойваць я.

— Дарма, грамадзянін, падвышаеце голас, — міліцыянт глядзеў кудысьці ўбок, — я маю поўнае права не пусьціць вас на рэжымны аб'ект, калі ёсьць падазрэньне, што…

Я не даслухаў і сышоў. Урэшце, можна падумаць, што ня ведаю, у якой краіне жыву? Іх аргумэнтацыя, зь любой нагоды вядомая загадзя, грунтуецца не на праве, а на "паняцьцях". А па-другое, павага да інстытуту судовай улады, увабраная з амэрыканскіх юрыдычных сэрыялаў…

Дарэчы, летнія джынсы ў пральні…

Я стаяў перад расчыненымі дзьверцамі шафы і задуменна глядзеў на гарнітур, які самотна вісеў там.

Два суды, два допыты, адзін ператрус, патрабаваньне з падатковай да мяне, жонцы і цесьця — падаць дэклярацыю аб прыбытках…

Канец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG