Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні – наплыў просьбітаў грошай зь Беларусі


Карэспандэнтка літоўскай газэты Lietuvos rytas Даля Гудавічуце піша пра клопаты літоўскіх праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў, у якіх апошнім часам зьявілася шмат працы на беларускім кірунку.

Пачуўшы заклікі літоўскіх палітыкаў аб шырэйшай падтрымцы дэмакратыі ў Беларусі, грамадзяне суседняй краіны кінуліся ў Вільню, дзе яны спадзяюцца атрымаць грошы.

На беларусаў, відаць, зрабілі ўражаньні публічныя заявы старшыні камітэту замежных справаў Сойму Эмануэліса Зінгерыса аб тым, што неабходна павялічваць фінансаваньне апазыцыі суседняй краіны.

Апрача таго, нядаўна ў Менску паведамлялася, што ў беларускіх апазыцыйных актывістаў на мяжы былі канфіскаваныя сумы па некалькі дзясяткаў эўра.

Дырэктар Фонду падтрымкі абароны грамадзянаў Стасіс Каўшыніс апошнім часам атрымлівае штодня 3-4 заявы ад грамадзянаў Беларусі, гатовых змагацца з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і ўмацоўваць дэмакратыю.

Адны беларусы проста расказваюць пра перажытыя імі пакуты, іншыя прапаноўваюць канкрэтныя праекты, аднак усе пытаюцца, дзе тая ўстанова, дзе выдаюць абяцаныя Э.Зінгерысам грошы і кампэнсуюцца дарожныя выдаткі. Паток заяўнікаў павялічваецца.

«Нясмачна робіцца», – наракае С.Каўшыніс.

Фонд падтрымкі абароны грамадзянаў ужо дзесяць гадоў ладзіць канфэрэнцыі і сэмінары для беларускіх актывістаў. Таму шмат каму здаецца, што ён можа дапамагчы ў фінансаваньні іншых праектаў.

Выслухаў мноства скаргаў

Толькі на мінулым тыдні С.Каўшыніс атрымаў дзьве просьбы аб наданьні статусу палітычнага ўцекача, дзьве заявы на матэрыяльную дапамогу з-за парушэньня правоў чалавека, дзьве заявы з праектамі і просьбамі дапамагчы сустрэцца з Э.Зінгерысам. Апрача таго, адна жанчына з дачкой зьвярнулася па мэдычную дапамогу.

Нямала просьбітаў зьвяртаецца праз электронную пошту або па тэлефоне.

У мінулыя выходныя ў перапынках канфэрэнцыі беларусаў з Балтыі і Беларусі С.Каўшыніса абступалі дзясяткі беларусаў і прасілі парады, як атрымаць абяцаныя Літвой грошы.

«Эўропа нам не дапамагае», - такія нараканьні раздражнялі кіраўніка фонду.

Паводле яго, так казалі людзі, якія мелі на шыі вырабленыя за грошы Эўразьвязу шалікі з патрыятычнымі колерамі.

Маральны доўг дзяржавы

«Я б не насьміхаўся з тых людзей, бо ж у Беларусі зьверскі рэжым, - пачуўшы пра паток заяваў, сказаў Э.Зінгерыс. - Наша бедная дзяржава ня можа раздаваць мільёны, аднак мае маральны доўг, бо паступіла непрыгожа».
Старшыня камітэту замежных справаў Сойму, гэтаксама як і міністар юстыцыі Рэмігіюс Шымашус, публічна выбачыўся пасьля таго, як менскі рэжым затрымаў беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, калі Літва паведаміла пра яго банкаўскія рахункі.

Сойм будзе прасіць урад яшчэ сёлета павялічыць фінансавую падтрымку беларускім цэнтрам, якія дзейнічаюць у Вільні. Апрача таго, у літоўскай сталіцы зьяўляюцца новыя палітычныя эмігранты, падтрымка якім напэўна будзе павялічана.

Абавязак перад гістарычнымі братамі

Пра грошы, прызначаныя для беларускай апазыцыі, Э.Зінгерыс, які ўчора быў у Капэнгагене, па тэлефоне гаварыць адмовіўся: «Ня ведаю, ці магу гаварыць, бо Лукашэнка слухае. Аднак ня думаю, што гэта мільёны. Лічбы значна меншыя. Думаю, што гэта будуць канкрэтныя сумы на пражываньне палітычных эмігрантаў у Літве».

Палітык перакананы, што гэта не спрычыніць новую хвалю ўцекачоў, бо, напрыклад, Польшча падтрымлівае беларускую апазыцыю значна больш і канкрэтней за Літву.

«Беларусы – нашы гістарычныя браты, сотні гадоў мы былі разам, мы лічым, што яны – эўрапейцы. Таму наш абавязак – падтрымаць іхных дэмакратаў», - кажа кіраўнік соймавага камітэту.

Э.Зінгер прадугледзеў і адказ на тое, што літоўская журналістка Рута Ланкінінкайце абвешчаная пэрсонай нон грата і ў яе скасаваная віза.

Ён зьбіраецца запатрабаваць ад Літоўскай тэлевізіі дадатковых трансьляцыяў перадачаў пра сучасную сытуацыю ў Беларусі.

Грошы ўмацоўваюць дэмакратыю

«Грошы могуць дапамагчы ўмацаваць дэмакратыю. У беларусаў мусіць быць магчымасьць выдаваць газэты, гаварыць праз радыёхвалі, разьвіваць інтэрнэт-сайты», - мяркуе Э.ЗІнгерыс.

Ён нагадаў, што Саюдзісу, які змагаўся за незалежнасьць Літвы, таксама дапамагала нямала краінаў.

С.Каўшыніс таксама зазначыў, што грошы – адна зь вельмі важных умоваў пашырэньня дэмакратыі.

Безь фінансаваньня была б немагчымая арганізацыя сэмінараў, паездкі асобаў, што церпяць ад перасьледу з боку спэцслужбаў, падтрымка палітзьняволеных і іх сем'яў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG