Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралеўскі банк адвярнуўся ад беларускага рэжыму


Заходнія мэдыі паведамляюць, што адзін з найбуйнейшых банкаў Вялікай Брытаніі "Royal Bank of Scotland" адрэагаваў на крытыку праваабаронцаў і абвясьціў, што прыпыняе супрацоўніцтва з урадам Беларусі. Летась банк уклаў агулам 1 мільярд даляраў у беларускія сувэрэнныя эўрабонды, а сёлета ў студзені выступіў арганізатарам другога выпуску аблігацыяў на суму 800 мільёнаў даляраў.

Брытанская газэта Independent піша, што рашэньне спыніць прыцягненьне капіталу ад імя ўраду Беларусі кіраўніцтва "Royal Bank of Scotland" прыняло пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў "Index on Censorship" і "Free Belarus Now", якія выступаюць ад імя беларускіх палітзьняволеных і іх сем'яў.

Вынікам стала заява пра тое, што ва ўмовах перасьледу апанэнтаў рэжыму і невыкананьня афіцыйным Менскам асноўных патрабаваньняў лібэралізацыі эканомікі Каралеўскі банк спыняе ўсе апэрацыі, скіраваныя на мабілізацыю капіталу ў Беларусь. Фактычна брытанскія фінансісты пацьвердзілі: на рашэньне ў першую чаргу паўплывала палітычная сытуацыя ў краіне.

Якія наступствы пацягне такі крок для эканомікі Беларусі, што трапіла ў паласу глыбокага крызісу? Меркаваньне старшага навуковага супрацоўніка Беларускага эканамічнага дасьледчага цэнтру Кацярыны Барнуковай:

Першы ў тым, што сапраўды быў палітычны ціск. Другі палягае ў эканамічнай плоскасьці ...

"Думаю, што тут мелі месца два фактары. Першы ў тым, што сапраўды быў палітычны ціск. Другі палягае ў эканамічнай плоскасьці. Зараз разьмясьціць аблігацыі ніяк не атрымаецца, адпаведна, сэнсу працягваць супрацоўніцтва няма ніякага. Бо калі яны зьбіраліся яшчэ прадаваць эўрабонды, то іх прадаць вельмі складана, надзвычай праблематычна спрабаваць разьмясьціць беларускія аблігацыі на эўрапейскім рынку. Несумненна, ёсьць матыў таго, што яны пралічылі: далейшае супрацоўніцтва будзе менш пэрспэктыўнае. Ну, і, адпаведна, ужо маглі спаслацца на палітычныя прычыны".

Карэспандэнт: "Тое, што адвярнуўся чарговы партнэр, страта адчувальная?".

"Зноў жа, я ня думаю, што нехта разьлічваў асабліва шмат атрымаць празь іх у сытуацыі, якая склалася. Усе добра разумеюць, што крыніцы гэтых пазыкаў, гэтае вакно на дадзены момант у прынцыпе зачыненае для Беларусі. Прынамсі, да разьвязаньня валютнага крызісу ў нейкі бок".

Эканаміст Сяргей Балыкін таксама схільны лічыць, што брытанскія банкіры маглі скарыстаць зручны момант, прыхаваўшы пад палітычным фасадам эканамічныя страты ад сумеснай дзейнасьці:

"Насамрэч тут можа быць шмат прычынаў, але, з майго гледзішча, прычына самая банальная — ім стала нявыгадна працаваць. Было б выгадна — думаю, працавалі б і надалей. Усе гэтыя эўрабонды насамрэч пераўтварыліся ў нейкі эўрапраклён. На сёньняшні дзень гэта такія паперы, ад якіх усе будуць шарахацца. Тое, што незразумела, — страшна. А ў нашай сытуацыі няма абсалютна ніякага разуменьня таго, што далей будзе. Ненадзейны партнэр усё ж Рэспубліка Беларусь. То бок — я думаю, што тут пытаньне перадусім эканамічнае, а палітыка проста прышпіленая. Груба кажучы, уляпаліся з гэтымі эўрабондамі, а тут такі падарунак лёсу. Ну, хто купляе беларускія аблігацыі, калі нават грошы ў беларускія банкі страшна класьці?".

Як лічыць экс-кандыдат у прэзыдэнты, эканаміст Віктар Цярэшчанка, фактычна гэта — пацьверджаньне таго, што працаваць з афіцыйным Менскам ва ўмовах эканамічнай і палітычнай непрадказальнасьці ахвотнікаў мала:

"Мы ў бягучым годзе на другім месцы пасьля Зымбабвэ па дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Але такое адчуваньне, што пры той бязьдзейнасьці, якая ёсьць, мы ўрэшце апярэдзім і гэтую афрыканскую дзяржаву. Што казаць, калі для любой краіны 2—3% дэвальвацыі — ужо вялізная праблема, а ў нас, прабачце, за дзень 56%, а фактычна рубель абясцэнены ўжо ў 2,5 раза. І ўмовы рынку дыктуе не Нацбанк ці ўрад, а чорны рынак. Гэта адчувае кожны беларус, бо ўсе мы ходзім са сваімі грашыма ў краму і бачым, што можна было дазволіць на заробак некалі і цяпер. Куды гэта ўсё прывядзе — таксама відавочна. Яшчэ перад выбарамі нехта з маіх калегаў гаварыў пра мільён працоўных месцаў… Глупства самае натуральнае, бо захаваць і гэтыя працоўныя месцы нам наўрад ці ўдасца. Адкуль яшчэ мільёну ўзяцца?".

Вярнуцца да пытаньня выхаду на раўнаважны курс беларускага рубля Аляксандар Лукашэнка паабяцаў да канца жніўня. Аднак, на думку аналітыкаў, пасьля амаль паўгадавой бязьдзейнасьці нават магчымае рашэньне правесьці чарговую дэвальвацыю нацыянальнай валюты, ізноў прывязаўшы яе не да рэальнага курсу прапановы і попыту, а да пэўных паказьнікаў Нацыянальнага банку, не прынясе чаканай стабілізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG