Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдаткі папулісцкай палітыкі


"Валютная" нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і ўрадавых чыноўнікаў вынікаў не прынесла — да выраўноўваньня курсу рубля кіраўнік краіны абяцаў вярнуцца на наступным тыдні. Тым часам Нацбанк намагаецца ўзяць пад кантроль як найбольш замежнай валюты — магчымасьць атрымаць замежныя крэдыты выглядае ўсё меней рэальнай.

Экспэрты сыходзяцца на думцы, што ў бюджэце няма сродкаў на выпраўленьне сытуацыі, якая вось ужо пяць месяцаў пануе на фінансавым рынку. Абяцаньні вярнуць валюту ў вольны доступ не выконваюцца, а разрыў паміж афіцыйным і ценявым курсам паступова набліжаецца да 100% — прынамсі, пакуль што на безнаяўным рынку. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка чарговым разам запэўніў: усе праблемы будуць вырашаныя цягам 1,5—2 месяцаў. Як кажа аналітык кампаніі "АРС Кам'юнікейшнз" Раман Касьціцын, ад пачатку валютнага крызісу такіх заяваў рабілася шмат, аднак ніводная не ўвасобілася ў рэальнасьць:

Мэтадамі слоўнай эквілібрыстыкі можна зайсьці вельмі далёка

"Калі за паўгода не навучыцца беражліва, акуратна абыходзіцца з інфармацыяй, атрымліваючы кухталь за кухталём у выглядзе зьніжэньня рэальнага курсу нацыянальнай валюты (ня будзем называць яго курсам чорнага рынку, а рэальным, бо ён такі насамрэч), то гэта і ёсьць прыкмета неаперанага юнацтва нашага ўраду ў фінансавым пляне. Учорашняя дзея па тэлевізары, а я глядзеў усе выступы, яшчэ раз пацьвердзіла: мэтадамі слоўнай эквілібрыстыкі можна зайсьці вельмі далёка. Але, спрабуючы супакоіць грамадзкасьць, прыйсьці да адваротнага эфэкту. Вось сёньня адкрываем небезьвядомы сайт (ня будзем яму рабіць рэкляму, але па ім даведваюцца рэальны курс), і бачым павелічэньне яшчэ на 400—500 рублёў. І так адбываецца амаль паўгода з зайздроснай рэгулярнасьцю: хтосьці штосьці сказаў, ці не сказаў, ці недаказаў — атрымліваем адзін і той жа вынік".

Эканамісты адзначаюць: каб нармалізаваць сытуацыю ў фінансавай сфэры, Беларусі патрэбныя значныя вонкавыя запазычаньні. Аднак ісьці на рынкавыя пераўтварэньні ўлады ня хочуць. З гэтай, а таксама зь іншых, палітычных, прычын атрыманьне крэдытаў робіцца ўсё больш складанай задачай. Экспэрты не бяруцца ацэньваць шанцы на тое, што 29 жніўня Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду задаволіць беларускую крэдытную заяўку да 8 мільярдаў даляраў. Гэтаксама пад сумнеў пастаўленая другая транша крэдыту з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. У Маскве даюць зразумець: паколькі абавязаньні наконт структурных рэформаў, уніфікацыі абменнага курсу і стабілізацыі сытуацыі з рэзэрвамі ня выкананыя, астатнія 400 мільёнаў даляраў на дадатак да ўжо атрыманых 800 мільёнаў Менску давядзецца чакаць яшчэ доўга.

Курс трэба пакінуць на адзнацы таго попыту і той прапановы, якія ёсьць сёньня па факце. Таму рэальна трэба праводзіць дэвальвацыю
Расейскі спэцыяліст у галіне дзяржаўнага рэгуляваньня эканомікі Мікіта Крычэўскі кажа, што спробы беларускіх уладаў адтэрмінаваць вырашэньне валютных пытаньняў выльюцца ў яшчэ большыя праблемы. На думку эканаміста, намер утрымаць вартасьць рубля на адзнацы, вызначанай Нацбанкам, абсалютна беспэрспэктыўны:

"Яго ня трэба выраўноўваць так, як мае на ўвазе Лукашэнка — то бок паспрабаваць адкруціць усё да афіцыйнага курсу. Якраз курс трэба пакінуць на адзнацы таго попыту і той прапановы, якія ёсьць сёньня па факце. Таму рэальна трэба праводзіць дэвальвацыю".

Карэспандэнт: "Ва ўмовах "сацыяльна-арыентаванай" дзяржавы такой меры якраз і асьцерагаюцца…".

"Тады шукайце грошы! Вы хочаце, каб вам далі грошай з Расеі, а вы б сядзелі і гэтыя грошы на валютным рынку штодзень спускалі ў спэкулянтаў, так? У Лукашэнкі быў перакос яшчэ ад пачатку году, калі ён неадэкватна павялічыў заробкі, сацыяльныя выплаты і г.д. на 35—40%. То бок дзяржаўны бюджэт агаліў, аддаўшы яго ў рэгіёны. Гэта выдаткі папулісцкай палітыкі на хвалі выбараў, якая і прывяла да такога выніку".

Спадар Крычэўскі не бярэцца прагназаваць, ці падтрымае расейскае кіраўніцтва беларускі рэжым, які апынуўся на мяжы эканамічнага банкруцтва. Між тым яшчэ ў ліпені міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын, які таксама ўзначальвае антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС, ня выключыў: умовы прадстаўленьня крэдыту могуць быць перагледжаныя, паколькі беларускія ўлады ня робяць захадаў дзеля выхаду з крызісу: "Абмежаваньне імпарту, коштаў і валютных курсаў недапушчальныя".

Дэмакратычны актывіст Станіслаў Гусак кажа, што ў любой іншай краіне татальнае зьбядненьне насельніцтва ў выніку недальнабачнай палітыкі ўладаў ужо прывяло б да незадавальненьня людзей. Але беларусы гатовыя трываць экспэрымэнт, у якім яны — галоўныя паддосьледныя. Ці доўга?

"Калі б гэты народ быў здольны на тое, каб падняцца, — то гэта адна справа. Тады нашы ўлады такога "бязьмежжа" сабе не дазвалялі б. Але сёньня людзі настолькі прыгнечаныя, настолькі дэзынфармаваныя, настолькі ўсе дэмакратычныя напрамкі разьвіцьця нашай дзяржавы прафанаваныя, дэфармаваныя ў сьвядомасьці людзей нашых, што простага выйсьця з гэтай сытуацыі ня будзе. Таму трэба ня толькі чакаць, але і актыўна працаваць з народам. Каб народ быў здольны выйсьці на барацьбу са злом, з падманам, змог заступіцца за сябе, за свае інтарэсы".

Учора намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Беларусі Сяргей Дубкоў прызнаў: крэдытаваньне застаецца адзінай рэальнай крыніцай фінансаваньня беларускай эканомікі. Днямі міжнароднае рэйтынгавае агенцтва "Moody's" ацаніла патрэбы Беларусі ў экстраным фінансаваньні — да 6 мільярдаў даляраў да канца году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG