Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу супраць Лябедзькі спынілі


Сёньня раніцай лідэр АГП Анатоль Лябедзька атрымаў за подпісам старэйшага сьледчага ГУУС Мінгарвыканкама капітана міліцыі Дышэнкі паведамленьне аб спыненьні крымінальнага перасьледу.

У дакумэнце, атрыманым палітыкам, зазначана:

"Паведамляем вам, што па крымінальнай справе нумар 10011110362 заведзенай 2010/12/20 па ч.ч. 1, 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь па факце зьдзяйсьненьня масавых беспарадкаў крымінальны перасьлед у дачыненьні да Лябедзькі А. У. пастановай ад 2011/08/23 спынены на падставе п.2 ч. арт. 29 КПК ў сувязі з адсутнасьцю ў дзеяньнях складу злачынства".

Анатоль Лябедзька назваў гэтае рашэньне "поўнай нечаканасьцю":

"Я, безумоўна, задаволены гэтым рашэньнем. Але пры гэтым мае пачуцьці носяць папярэдні і абмежаваны характар. Я не магу адчуваць сябе камфортна, пакуль мае калегі і проста невінаватыя людзі пазбаўленыя волі. Ды і ў адносінах да сябе не сьпяшаюся казаць скончанымі фразамі. Магу сьцьвярджаць адно – я задаволены сваімі паводзінамі ў апошнія восем месяцаў, з якіх амаль палова прыпадае на знаходжаньне ў СІЗА КДБ. Увесь гэты час я быў палітычным закладнікам Чырвонага дома. Мая сумленьне не выстаўляе мне прэтэнзій і дакораў. Я годна прайшоў гэты шлях і лічу сябе пераможцам".

Спадар Лябедзька зазначыў Свабодзе, што зараз трэба дачакацца не паведамленьня, а самой пастановы аб спыненьні справы, а таксама, калі сьледчыя вернуць пашпарт і іншыя рэчы.

Іншы фігурант гэтай справы з АГП Анатоль Паўлаў пакуль не атрымаў паведамленьня аб спыньненьні крымінальнага перасьледу, але спадар Лябедзька выказвае спадзеў, што гэта адбудзецца неўзабаве. Экс-кандыдат на прэзыдэнта ад БНФ Рыгор Кастусёў таксама такога паведамленьня не атрымаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG