Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 жніўня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

На двары


Абяцаюць пераменную воблачнасьць, павышаны атмасфэрны ціск, тэмпература днём ад 22 да 27 градусаў цяпла.

Не праходзьце міма:


У Менску адбудуцца некалькі падзеяў, зьвязаных з адзначэньнем 20-й гадавіны прыданьня дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі статусу канстытуцыйнага закону. Выстава твораў, прысьвечаных незалежнасьці, адкрыецца ў памяшканьні па вуліцы Крапоткіна 93а, на 4-м паверсе.

У памяшканьні ТБМ а 18й гадзіне сустрэча з тагачасным дэпутатам Вярхоўнага Савету Алегам Трусавым.

У 18:30 на Ўсходніх могілках адбудзецца ускладаньне кветак на магілы Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Ігара Герменчука, Генадзя Карпенкі.

Падзеі ў сьвеце


У Пэкіне заплянаваная сустрэча кітайскага і францускага прэзыдэнтаў Ху Цьзінь Тао і Нікаля Сарказі.

У Гаазе адновіцца судовы працэс над былым камандзірам басьнійскіх сэрбаў Раткам Младзічам.

Расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў сустрэнецца зь кіраўніцтвам дзяржаўнай Думы.

Ёсьць нагода


Сёньня адзначаецца дзень горада Нясьвіжу. Першае ўпамінаньне назвы паходзіць з 1224 году.

Таксама ў гэты дзень:


У 1840 расейскі царскі ўрад скасаваў дзеяньне ў Беларусі Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. На зьмену традыцыйнаму беларускаму праву былі ўведзеныя законы Расейскай імпэрыі.

У 1991 Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Гэта адбылося праз тры дні пасьля паразы жнівеньскага путчу 1991 году.

У гэты дзень нарадзіліся:

У 1530 – расейскі цар Іван Жахлівы, які быў вянчаны на царства ў няпоўных 17 гадоў.
У 1953 – беларускі пісьменьнік Уладзімір Арлоў
У 1970 – славутая нямецкая топ-мадэлька Кляўдыя Шыфер.

У гэты дзень памерлі:

У 1900 – нямецкі філёсаф і пісьменьнік Фрыдрых Ніцшэ.
У1982 – папулярная польская сьпявачка Анна Герман
У 2008 – вядомы беларускі вучоны ў галіне ядзернай энергетыкі, прафэсар, дырэктар заснаванага ім інстытуту «Белрад» Васіль Несьцярэнка.

Цытата на памяць


«Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка – суверэнная дзяржава, якая ўсталявана на аснове ажыццяўленьня беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэньне, дзяржаўнасьці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэньні свайго лёсу.

Неад’емныя правы Беларускай ССР як суверэннай дзяржавы рэалізуюцца ў адпаведнасьці з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права. Беларуская ССР ахоўвае і абараняе нацыянальную дзяржаўнасьць беларускага народа.

Беларуская ССР мае свой герб, сьцяг і гімн.

Любыя гвалтоўныя дзеяньні супраць нацыянальнай дзяржаўнасьці Беларускай ССР з боку палітычных партый, грамадскіх аб’яднаньняў ці асоб прасьледуюцца па закону.»


З арт.1 Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG