Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафавалі нібыта "за рэвалюцыю", а патлумачыць ня могуць


Мазырскі кіроўца Міхась Караткевіч, якога аштрафавалі 16 жніўня на 105 тысяч рублёў за запіс на ягонай старонцы "ВКонтакте" пра акцыю "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку", ня можа атрымаць на рукі пастанову суду.

"Хоць пісьмовая пастанова павінна быць гатовая праз тры дні пасьля абвяшчэньня, аднак ні я, ні мой адвакат не змаглі яе атрымаць нават 22 жніўня. Судзьдзя Аляксей Бялоцкі адказвае, што яна яшчэ не гатовая", — паведаміў спадар Караткевіч.

На абскарджваньне пастановы закон прадугледжвае 10 дзён, і гэты тэрмін сыходзіць ужо 25 жніўня.

Вынясеньне выраку судзьдзя двойчы пераносіў. Адвакат Караткевіча Пётар Мялькоў прывёў шмат недарэчнасьцяў у абвінавачаньні "інтэрнэт-рэвалюцыянэра". Запіс на сваёй старонцы "ВКонтакте" пра сустрэчы па серадах а 19-й гадзіне на плошчы Леніна Міхась зрабіў у ліпені, а масавыя акцыі ў горадзе ладзіліся ад 8 чэрвеня.

Апрача таго, сьведка ў судзе й аўтар адміністрацыйнага пратаколу падпалкоўнік міліцыі Сяргей Кадол заяўляў на паседжаньні, што ніякіх масавых акцый у горадзе міліцыя не зафіксавала, пратаколаў на "маўчуноў" і тых, хто пляскаў у далоні, не складала.

Мазырскі праваабаронца Ўладзімер Целяпун лічыць вынесены Караткевічу штраф палітычна матываваным. Судзьдзя, абвяшчаючы вырак, зрабіў выснову, што сетка інтэрнэт — сродак масавай інфармацыі, і на старонцы Міхася "ВКонтакте", якая не абмежаваная ў доступе, разьмешчаны "заклік да рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі". Як лічыць праваабаронца, такую выснову складана вытлумачыць з прававога гледзішча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG