Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адпусьцяць Зьмітра Бандарэнку на "хімію"?


Зьміцер Бандарэнка хадайнічае аб зьмене меры стрыманьня на той падставе, што адбыў траціну тэрміну, прызначанага судом. Наста Палажанка паскардзілася ў генпракуратуру на адміністрацыю калёніі ў Горках. Алесь Атрошчанкаў у калёніі перачытаў Льва Талстога і ўзяўся за Васіля Быкава. Маці Андрэя Саньнікава зьбіраецца прасіць аб спатканьні з сынам. Эдуард Лобаў атрымаў дазвол на званкі дамоў. Жонка Дзьмітрыя Вуса зьбіраецца наведаць яго ў калёніі.

Каардынатар "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка падаў у адміністрацыю ізалятара на Валадарскага заяву аб зьмене яму меры стрыманьня на той падставе, што ён хворы і ўжо адбыў траціну прызначанага судом тэрміну — больш за 8 месяцаў з двух гадоў зьняволеньня. Чаму вязень зьвярнуўся ня ў суд? Былы судзьдзя, праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што Бандарэнка дзейнічае ў адпаведнасьці з законам.

"Нават калі ён не даехаў да калёніі, усё роўна выкананьнем прысуду кіруюць органы ўнутраных спраў, якія мусяць ставіць перад судом пытаньне аб замене меры стрыманьня на мякчэйшую паводле стану здароўя".

Дактары 5-ай гарадзкой клінікі, якія лячылі Зьмітра Бандарэнку пасьля апэрацыі, кажуць, што яму патрабуецца доўгі рэабілітацыйны пэрыяд. Між тым на Валадарцы, дзе цяпер трымаюць вязьня, для гэтага магчымасьці няма, кажа жонка Бандарэнкі Вольга:

"Фактычна рэабілітацыі ніякай няма. Бо месца мала, каб займацца лячэбнай фізкультурай, прыкладам. Ня ведаю, наколькі яму там дазваляюць ляжаць удзень. Кажа, што як толькі крыху паварушыцца — усё пачынае балець. Бо ўвогуле хрыбетнік павінен быць у нерухомым стане".

Зьмітру Бандарэнку невядома, калі яго будуць перавозіць у Магілёўскую калёнію, але гэта можа здарыцца ў самым блізкім часе, кажа жонка вязьня.

Наста Палажанка зьвярнулася ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу на адміністрацыю папраўчай калёніі № 9 у Горках.

Як падае сайт "Маладога Фронту", у заяве актывістка заклікае генпракурора "спыніць тое беззаконьне, якое чыніцца ў Горкаўскай калёніі № 9, дзе знаходзіцца лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Адміністрацыя калёніі тройчы, без тлумачэньня прычынаў, адмаўляла адвакату ў сустрэчы з Дашкевічам".

Вязень калёніі "Віцьба-3" Алесь Атрошчанкаў падаў старшыні Менгарсуду наглядную скаргу на рашэньне пакінуць ягоны прысуд бязь зьмены. Пра навіны з турэмнага жыцьця мужа распавяла Дар'я Корсак:

"Ён падаў гэтую наглядную скаргу, якую трэба падаць перад тым, як будзе скардзіцца ў Вярхоўны суд. Яшчэ ён перачытаў Льва Талстога і пачаў перачытваць Васіля Быкава. Таксама пойдзе на прафэсійныя курсы. І яшчэ ў яго выпала плёмба, што мяне больш за ўсё засмучае".

Ала Саньнікава, маці экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, мае намер дамагацца спатканьня з сынам, хоць кароткатэрміновага. Ала Саньнікава ня бачыла сына з траўня, з суду. "Вельмі турбуюся за ягонае здароўе", — кажа жанчына, якая сама зноў захварэла на прастуду.

Праблемы з ліставаньнем і тэлефоннымі званкамі — у шмат каго з палітвязьняў. Маці Эдуарда Лобава Марына распавяла "Свабодзе", што калі наведвала на пачатку жніўня калёнію № 22, дзе трымаюць сына, дамаглася, што Эдуарду падпісалі дазвол на рэгулярныя тэлефонныя званкі дамоў. "Але з таго часу ніводнага званка ад сына не было", — кажа Марына Лобава.

Ад экс-кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса з Магілёўскай калёніі № 19 гэтаксама: ані лістоў, ані званкоў. Жонка вязьня Яўгенія мае намер ехаць у калёнію і прасіць спатканьня з мужам:

"Ад Дзімы ані ліста, ані званкоў. Ня ведаю, дзе ён цяпер? Можа, у карантыне дагэтуль, ці яго ў карцэр які зьмясьцілі. Увогуле нічога няма. І мне адтуль ніхто ня звоніць, і лісты не ідуць".

Абнаўленьне. Дзьмітрый Вус патэлефанаваў жонцы

Дзьмітрый Вус быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня і асуджаны на 5 з паловай гадоў зьняволеньня. У ліпені Вуса аглядалі ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі адносна прызначэньня яму 2 групы інваліднасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG