Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму даражэе бэнзін? Бо мы ў Мытным саюзе


На знак пратэсту супраць ужо шостага ад пачатку году падвышэньня коштаў паліва сёньня ў шмат якіх гарадах Беларусі заплянаваная акцыя "Стоп-бэнзін". Аўтааматары лічаць неапраўданым рост цаны на паліва ва ўмовах скарачэньня заробкаў ды зьбядненьня насельніцтва. Чым кіруюцца дзяржаўныя ведамствы, уздымаючы цэны на паліва, калі кошты сырой нафты на ўсясьветных рынках падаюць?

Кошты нафтапрадуктаў вырасьлі ў сярэднім на 3%. У ведамстве патлумачылі: тарыфы перагледжаны ў мэтах паэтапнага выраўноўваньня цэнаў ў краінах Мытнага саюзу, бо дзейныя кошты паліва ў Беларусі ніжэйшыя за расейскія. Шмат каго з аўтааматараў падобныя аргумэнты зьдзіўляюць. Адзін зь менскіх кіроўцаў, які пацьвердзіў, што мае жаданьне выехаць на праспэкт Незалежнасьці, запытвае ў адказ: які сэнс у Мытным саюзе, калі беларусы ад яго маюць толькі страты?

"Гэта нейкі парадокс: падвышаюць кошты, каб дагадзіць Расеі? А перад гэтым што нарабілі? У разы паднялі "растаможку", каб, зноў жа, давесьці паказьнік да расейскага. Хто ад гэтага выйграў — беларусы? Мытны саюз, наколькі я разумею, якраз і ствараўся, каб Беларусь магла купляць танную нафту — значыць, заставалася тэарэтычная магчымасьць, што і для беларускага спажыўца гэта таксама прынясе нейкую выгаду. Што маем у выніку? Толькі рост коштаў. Лягічнае пытаньне: навошта нам такі сумнеўны саюз?".

Малы бізнэс адназначна панясе вялікія страты
Пачынаючы ад студзеня, аўтабэнзіны гатункаў Аі-92 і Аі-95 падаражэлі ў паўтара раза, "Нармаль-80" і салярка — амаль удвая. Яшчэ адзін кіроўца, які працуе ў галіне грузаперавозак, перакананы: нават нязначнае падвышэньне коштаў паліва пацягне за сабой ланцужок падаражэньня ў іншых сфэрах:

"Малы бізнэс адназначна панясе вялікія страты. Тыя ж грузаперавозчыкі, бо дастаўку вялізнай колькасьці тавараў ажыцьцяўляюць індывідуальныя, прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Яшчэ адзін прыклад — маршрутныя таксі, якія таксама вымушаныя будуць рэагаваць рублём. Апроч таго, малымі аўтамабілямі карыстаюцца ўсе імпартэры тавараў. У кожнага дробнага прадпрыемства існуе неабходнасьць дастаўкі ўласнай прадукцыі ў гандлёвыя кропкі ці дылерам. Зноў жа, калі аўтаматычна даражэе перавозка грузаў, пасажыраў, то ў канчатковым выніку ўсё гэта так ці інакш зноў кладзецца на плечы спажыўцоў. Таму што сабе на страту ніхто працаваць ня будзе".

Да мінулай суботы кошты на бэнзін і дызпаліва двойчы падвышаліся ў сакавіку — агулам на 15%, у траўні — на 20%, на пачатку чэрвеня — адразу на 30% і ў ліпені — на 3%. Беспрэцэдэнтнае чэрвеньскае падвышэньне спрычыніла масавую акцыю "Стоп-бэнзін": больш за паўтары тысячы аўтамабіляў блякавалі цэнтар Менску, на некалькі гадзінаў спарадзіўшы сапраўдны транспартны каляпс. Тады затрымалі некалькі сьведак і ўдзельнікаў акцыі, ім прысудзілі буйныя штрафы.

Асноўная іх мэта — папоўніць дадатковымі грашыма бюджэт
Адзін з інтэрнэт-каардынатараў сёньняшняй акцыі "Стоп-бэнзін", які захацеў застацца інкогніта, кажа, што ў людзей не застаецца іншага варыянту, як ісьці на радыкальныя крокі:

"Ну які тут сэнс? Зразумела, што асноўная іх мэта — папоўніць дадатковымі грашыма бюджэт. Вось і ўсё. Асабліва ў цяперашніх умовах, калі гэтыя грошы нічога ня вартыя. Таму і надалей так будзе адбывацца, будуць проста ставіць нас перад фактам. А ў людзей у гэтай краіне ніякай улады няма, мы ні на што ня можам уплываць. І ў гэтым, канечне, палягае поўнае "бязьмежжа", як мне падаецца, бо дзейнасьць вышэйшага кіраўніцтва нікім не кантралюецца".

Усе апошнія акцыі супраць росту цэнаў на паліва суправаджаюцца канцэнтрацыяй спэцназу ды аўтазакаў і перакрыцьцём цэнтральных вуліцаў. А 9 чэрвеня, праз два дні пасьля самай масавай акцыі "Стоп-бэнзін", Аляксандар Лукашэнка аддаў загад "адкруціць" кошты назад. І распарадзіўся, каб у далейшым яны расьлі ня так рэзка: "Дадавайце, калі неабходна, у квартал па 2—3%, але ніяк ня 30%", — абурыўся Лукашэнка.

Ва ўмовах імклівага абясцэньваньня беларускага рубля вытрымліваць прэзыдэнцкі графік не ўдаецца: суботняе падвышэньне адбылося роўна празь месяц пасьля папярэдняга. Як кажа эканамічны аглядальнік Тацьцяна Манёнак, "Белнафтахім" мае мала прасторы для манэўраў:

"Гэтага проста вымагае сытуацыя. Канечне ж, у нас вельмі спэцыфічны рынак, досыць жорстка зарэгуляваны. Але калі няма грошай, калі няма магчымасьці падтрымліваць нафтаперапрацоўчую вытворчасьць, то яны проста вымушаныя на такія крокі ісьці. Альбо — зьніжаць падаткі, што ў гэтай сытуацыі, як мне падаецца, здарыцца наўрад ці. То бок няма падставы спадзявацца, што ўрад пойдзе на нейкія саступкі, каб зьнізіць акцызы ў нафтапрадуктах. Таму моцна сумняваюся, што можна чакаць нейкіх зьменаў у гэтым пытаньні".

22 жніўня менскіх аўтааматараў заклікаюць сабрацца на розных вуліцах, прылеглых да праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў, і выехаць у цэнтар, каб заблякаваць рух транспарту. Менская міліцыя ўжо папярэдзіла, што несанкцыянаваны збор недапушчальны і пагражае ўдзельнікам адказнасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG