Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі затрымалі беларускага «Мірона»


На польска-украінскай мяжы польскія памежнікі затрымалі беларускага палітуцекача Зьмітра Піменава разам з жонкай. Піменаў, які некалькі гадоў таму атрымаў палітычны прытулак у Бэльгіі, ехаў ва Ўкраіну па сямейных абставінах.

Зьміцера Піменава і ягоную жонку Кацярыну затрымалі на польска-украінскай мяжы ў ноч з чацьвярга на пятніцу. Як паведаміў іх сын Ігар, Зьміцер мае так званы «жэнэўскі» пашпарт уцекача, Кацярына – грамадзянка Бэльгіі. Перад ад'ездам ва Ўкраіну, атрымаўшы ўкраінскую візу, сям'я раілася з бэльгійскімі спэцслужбамі, якія запэўнілі, што ўсе дакумэнты Піменава ў парадку, і зь імі яго ня могуць затрымаць на мяжы Эўразьвязу. Паводле апошняй інфармацыі, атрыманай ад Кацярыны, пара знаходзіцца ў пракурора. Цяпер тэлефон Кацярыны не адказвае.

Зьміцер Піменаў – сябра КХП-БНФ, адзін з легендарных віцебскіх «Міронаў» – у 2000 годзе вымушаны быў выехаць з краіны, Бэльгія дала яму палітычны прытулак. У 2009 Беларусь падала на Піменава запыт у Інтэрпол. 22 студзеня 2009 г. на сайце Interpol у разьдзеле «Wanted» зьявілася анкета Піменава, дзе сьцвярджалася, што ён у вышуку за вандалізм і хуліганства, а запыт на яго арышт выдадзены зь Віцебску. Беларускія ўлады завялі крымінальную справу на Піменава, падазраючы яго ў пашкоджаньні помніка Сувораву.

«Пра тое, што я аб’яўлены ў вышук, мне паведамілі спэцслужбы Францыі, бо ў сувязі са сваёй грамадзкай дзейнасьцю я мушу наведваць некаторыя эўрапейскія краіны, - распавядаў у 2009 годзе Зьміцер Піменаў. - Адказныя за вышук добра разумеюць, што гэта палітычная справа, інсьпіраваная беларускім бокам, таму па‑сяброўску параілі быць асьцярожным і без патрэбы не пакідаць межы Бэльгіі. На тэрыторыі Бэльгіі я ў поўнай бясьпецы, бо знаходжуся пад абаронай Жэнэўскай канвэнцыі, якая гарантуе мне недатыкальнасьць».

У эміграцыі Зьміцер Піменаў працягваў актыўнае грамадзкае жыцьцё, узначаліў Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне, праводзіў галадоўкі пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, быў ініцыятарам шматлікіх акцыяў каля Эўрапарлямэнту, прыцягваючы ўвагу да беларускіх праблемаў. Зьміцер, які мае вопыт працы на будоўлях, у Бэльгіі выкладаў на курсах зваршчыкаў. Ягоны 24-гадовы сын Ігар стаў у Бэльгіі мараком.

Радыё свабода зьвярнулася з запытам у польскія памежныя службы, якія абяцалі неўзабаве даць адказ у справе Піменава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG