Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства Літвы завершыла расьсьледаваньне адносна выдачы візы Але Бодак


У пасольстве Літвы ў Менску завершана расьсьледаваньне адносна выдачы шэнгенскай візы намесьніцы міністра юстыцыі Беларусі Але Бодак, якая ўключана ў сьпіс асобаў, неўязных на тэрыторыю Эўраўзьвязу, паведамляе МЗС Літвы.

Пасьля вывучэньня ў МЗС сабраных матэрыялаў, было ўстаноўлена, што памылка адбылася з-за таго, што пры стварэньні і выкарыстаньні ў Шэнгенскай зоне пераліку неўязных асобаў, краіны-сябры ЭЗ па-рознаму пераводзяць у лацінскі альфабэт імёны грамадзян трэціх краін, для напісаньня якіх выкарыстоўваецца кірыліца.

Падчас праверкі ў пасольстве Літвы таксама было канстатавана, што консульскія работнікі, якія выдалі візу, выканалі ўсе фармальныя працэдуры. Аднак была ацэненая і іх недальнабачнасьць і недастатковае веданьне адчувальных палітычных пытаньняў, перадае DELFI.

Рашэньне аб канчатковых выніках расьсьледаваньня і адказнасьці супрацоўнікаў на наступным тыдні прыме міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, які вярнуўся з адпачынку.

Па пытаньні праблемы з выдачай віз у Шэнгенскай прасторы рыхтуецца зварот міністраў замежных і ўнутраных спраў Літвы Аўдронюса Ажубаліса і Раймундаса Палайціса да вышэйшага прадстаўніка ЭЗ па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Кэтрын Эштан і эўракамісара па ўнутраных справах Сэсыліі Мальмстрэм.

Эўрапейскай камісіі будзе прапанавана шукаць арганізацыйныя і тэхнічныя рашэньні па ўдасканаленьні інфармацыйнай сыстэмы Шэнгену, каб зьвярнуць асаблівую ўвагу на напісаньне асабістых імёнаў і ўвядзеньне іх у базу дадзеных.

Міністэрства замежных спраў пасьля разгляду гэтага пытаньня зьвернецца ў іншыя літоўскія ўстановы з прапановай мераў дзеля забесьпячэньня эфэктыўнай сыстэмы кантролю над працэдурай выдачы візаў і прыбыцьця замежнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG