Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура адмовілася распачаць справу супраць міліцыянтаў, якія надзелі кайданкі на лекара


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
16 жніўні пракуратура Гарадзенскай вобласьці завяршыла праверку па факце інцыдэнту з удзелам лекара і супрацоўнікаў ДАІ, які адбыўся ўначы 16 ліпеня ў Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Пастаноўлена не распачынаць крымінальную справу аб перавышэньні работнікамі міліцыі сваіх паўнамоцтваў. Пра гэта БелаПАН паведаміў пракурор Гарадзенскай вобласьці Віктар Марозаў.

Рашэньне аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы прынятае з улікам таго, што міліцыянты выбачыліся перад лекарам, і той да іх прэтэнзій больш ня мае. Акрамя таго, як адзначыў Віктар Марозаў, супрацоўнікі ДАІ панесьлі дысцыплінарнае пакараньне.

Ва ўжываньні наручнікаў не было неабходнасьці. Дасьведчаны лекар, не парушаючы працэдуры, выконваў свае абавязкі
23 ліпеня ўпраўленьне ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкаму паведаміла, што прычынай інцыдэнту стала няўзгодненасьць парадку агляду на прадмет алькагольнага ап'яненьня дастаўленага ў прыёмны пакой бальніцы правапарушальніка.

Цягам месяца ў інтэрнэце было выкладзена некалькі падрабязных вэрсій таго, што адбылося, у прыватнасьці — ад УУС і ад лекара. Пракурор вобласьці Віктар Марозаў распавёў пра інцыдэнт ваўкавыскай газэце "Наш час".

Паводле ягоных слоў, супрацоўнікі ДАІ сьпяшаліся правесьці агляд, баючыся, што пазьней аналіз ужо ня дасьць выніку. Калі затрыманага даставілі ў лякарню для агляду, лекар, загадчык прыёмнага пакоя, быў заняты. Супрацоўнікі ДАІ мусілі чакаць яго каля 30 хвілін. Работнік міліцыі пачаў відэазапіс на мабільны тэлефон, каб зафіксаваць час, калі затрыманы быў дастаўлены ў прыёмны пакой. Лекар выказаўся супраць здымак, аднак супрацоўнікі ДАІ працягвалі здымаць. Спрэчкі і высьвятленьне адносін паміж імі і лекарам доўжыліся паўгадзіны. Лекар прапанаваў затрыманаму перайсьці ў іншы кабінэт, супрацоўнікам ДАІ здалося, што ён робіць гэта для таго, каб дапамагчы кіроўцу пазьбегнуць адказнасьці. І яны таксама рушылі ўсьлед за лекарам і затрыманым. Лекар спрацівіўся такім іх дзеяньням, але работнікі ДАІ ўсё ж спрабавалі пранікнуць у кабінэт. Узьнікла сварка, падчас якой супрацоўнікі ДАІ ўжылі спэцсродкі: надзелі лекару кайданкі.

"Я магу з поўнай адказнасьцю заявіць, што ва ўжываньні наручнікаў не было неабходнасьці. Дасьведчаны лекар, не парушаючы працэдуры, выконваў свае абавязкі. Калі работнікі ДАІ лічылі, што ён не выконвае свае абавязкі належным чынам, яны павінны былі запрасіць галоўнага ўрача або іншую вышэйстаячую асобу. У выніку лекар выклікаў апэргрупу РАУС, работнікі ДАІ зрабілі тое ж самае. Калі апэргрупа прыехала, кайданкі зь лекара зьнялі. Пасьля ён зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру", — сказаў Віктар Марозаў.

Ён паведаміў, што пракуратура палічыла дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ неправамернымі.

"Як ахоўнік закону заяўляю, што ў дадзеным выпадку прымяненьне відэаздымкі не было прадугледжана заканадаўствам. Гэта асабістая ініцыятыва супрацоўнікаў ДАІ, якія такім чынам вырашылі падстрахавацца, каб п'яны кіроўца ня ўцёк ад адказнасьці", — сказаў пракурор.

Што датычыцца прымяненьня наручнікаў, то, паводле яго слоў, "відавочна, што працаўнікі ДАІ перавысілі свае паўнамоцтвы, пра што апавешчанае кіраўніцтва УУС. Зараз заканчваецца праверка, якую праводзіць служба ўласнай бясьпекі міліцыі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG