Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр: Міхась Караткевіч аштрафаваны за арганізацыю маўклівых акцыяў


Сёньня судзьдзя Мазырскага раённага суду Аляксей Бялоцкі пакараў кіроўцу мясцовага машынабудаўнічага заводу Міхася Караткевіча штрафам у памеры 105 тысяч рублёў. Спадар Караткевіч прызнаны вінаватым у арганізацыі ў горадзе маўклівых акцый пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку".

"Гэта, канечне, абсурд: асудзілі, абы асудзіць. Як і хацелі міліцыянты, трэба было знайсьці арганізатара, і я стаўся крайнім. Натуральна, буду абскарджваць пастанову на штраф", — сказаў Міхась Караткевіч.

Вынясеньне выраку судзьдзя двойчы пераносіў. Адвакат Караткевіча прывёў шмат недарэчнасьцяў у абвінавачваньні "інтэрнэт-рэвалюцыянэра". Запіс на сваёй старонцы "ВКонтакте" пра сустрэчы па серадах а 19-й гадзіне на плошчы Леніна Міхась зрабіў у ліпені, а масавыя акцыі ў горадзе ладзіліся ад 8 чэрвеня.

Апрача таго, сьведка ў судзе й аўтар адміністрацыйнага пратаколу падпалкоўнік міліцыі Сяргей Кадол заяўляў на паседжаньні, што ніякіх масавых акцый у горадзе міліцыя не зафіксавала, пратаколаў на "маўчуноў" і тых, хто пляскаў у далоні, не складала. Адсюль і пытаньні: дык як мог арганізаваць Міхась тое, чаго не было? І што гэта за арганізатар, які запісам "ВКонтакте" заклікаў на плошчу мінакоў празь месяц пасьля пачатку падзеі?

Мазырскі праваабаронца Ўладзімер Целяпун лічыць вынесены Караткевічу штраф палітычна матываваным. Па ўсім відаць, што мазырскім спэцслужбам трэба даць справаздачу, што праца з "рэвалюцыянэрамі" праведзена, арганізатары "маўклівых" акцыяў выяўлены й пакараны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG