Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі – пра кніжнае ВКЛ


Яраш Mалішэўскі
Яраш Mалішэўскі

Перамогі над ваяўнічымі суседзямі і росквіт дойлідства, веліч духу мысьляроў і дэмакратызм дзяржаўных законаў, шматтысячныя бібліятэчныя зборы і мастацкія галярэі, тэатры ў кожным палацы і спадкаемныя гонар і годнасьць іх валадароў, рупная штодзённая дбайнасьць пра гаспадарку й дастатак дзяцей і безупынная весялосьць сьвяточных ігрышчаў – усё гэта жыцьцё ў ВКЛ, Вялікім Княстве Літоўскім, былой вялікай дзяржаве нашых продкаў, якая ацалела толькі на старонках кніг.


ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ. ЭНЦЫКЛЯПЭДЫЯ Ў 3 Т.

Менск, “Беларуская энцыкляпэдыя”, 2007-2010

А як жа ў гэткай грунтоўнай тэме абысьціся бяз стрыжню – энцыкляпэдыі? Тры важкія цагліны сталіся добрым давескам у падмурак ведаў пра ВКЛ – гэта ўжо дакладна ні ў кога сумлеваў ня выкліча, як бы хто ня ставіўся да тэмы і ейнага асьвятленьня. Энцыкляпэдыя схаўрусіць большасьць – і слушна зробіць. У трохтамовіку “Энцыкляпэдыі” ўсё тое, што мусіць быць ў падобным выданьні, усе, так бы мовіць, колеры. А выданьне ўнікальнае, бо пакуль шчэ суседзі сваіх такіх ня займелі: хоць у нечым мы апярэдзілі шмат у чым болей прасунутых калегаў-канкурэнтаў. Энцыкляпэдыя выглядае сучасна, у лепшым разуменьні гэтага слова, а ў ейным багацьці ілюстрацый – заслуга цудоўнага мастака Зьміцера Герасімовіча. Не, сенсацыяў тут ніхто не адшукае, але карціна таго, што такое ВКЛ – сапраўды ўражвае. “Энцыкляпэдыя ВКЛ” сталася той, якую многія нават далёкія ад гісторыі беларусы набывалі і чакалі наступнага тому, бо зразумелі: мусіць яна быць у беларускай хаце.



АЛЯКСАНДР КРАЎЦЭВІЧ. СТВАРЭНЬНЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА.

Менск, “Беларуская навука”, 1998

Ах, як б’юцца гісторыкі самых розных краін! На шчасьце, не ў літаральным сэнсе… Асабліва гэта тычыцца дзьвюх суседніх дзяржаваў, дзе, у сваю чаргу, пэўную нішу займаюць дзьве скрайнія пазыцыі, якія маюць багата прыхільнікаў. Чаго вартыя, да прыкладу, “канцылярская мова” ці “радавод вялікіх князёў літоўскіх ад полацкіх князёў”. Летувіскасьць і беларускасьць дзяржавы... А праўда, як почасту бывае, недзе пасярэдзіне. Кніга Краўцэвіча прысьвечана тым часам, калі ўсё толькі распачыналася. Тым часам, пра якія дробная зьвестка ў дакумэнтах можа стацца сэнсацыяй. У кнізе Краўцэвіча чырвонай ніткай праходзіць тое, што стварэньне ВКЛ – вынік балта-славянскага хаўрусу, сынтэзу двух бакоў, бо аднаму без другога тады папросту няможна было выжыць. Мусіць, не аднаго прыхільніка “нацыянальнай дзяржавы” кніга ўвяла ў больш разважлівае рэчышча. Бо ўсё ж нацыянальная дзяржава сямсот гадоў таму, ды шчэ ў тых варунках – рэч, далікатна кажучы, няпростая…

“Дзяржавы пад назвай Вялікае Княства Літоўскае не існуе ўжо больш двухсот гадоў. Але яна прысутнічае ў нашым штодзённым жыцьці як з’ява: гістарычная, культурная і, нарэшце, псыхалягічная”.


АДАМ МАЛЬДЗІС. ЯК ЖЫЛІ НАШЫ ПРОДКІ Ў XVIII СТАГОДЗЬДЗІ.

Менск, “Лімарыюс”, 2001

Можна шмат разважаць пра генэзіс, перадумовы і чыньнікі. Можна доўга і зацята спрачацца з суседзямі пра тое, хто ж усё-ткі быў галоўны ў нашай агульнай былой краіне. Тэмы, безумоўна, вельмі важныя і цікавыя. Але тое, як жа жылі людзі ў ВКЛ, цікава куды шырэйшаму колу. У кнізе Адама Мальдзіса можна даведацца пра зямное – што елі і што пілі, якія кнігі чыталі, якую музыку слухалі, якой модзе падпарадкоўваліся.

Скрозь прызму гістарычных дакумэнтаў, за рэдкім выключэньнем, мы не ўбачым чалавечую асобу, яе індывідуальны лёс. Але мы даведаемся, “што нашыя продкі думалі, як любілі і ненавідзелі, як паводзілі сябе ў паўсядзённым жыцьці”. Зазвычай тыя часы ўяўляюцца чымсьці схэматычным і безаблічным, а гэтая кніга дае мажлівасьць адчуць, што такое той час і людзі у ім. Культура духоўная і матэрыяльная, высакародства і падступнасьць, сьмешнае і трагічнае – тое, што будзе цікава і чалавеку паспалітаму, і навукоўцу пра нармальную такую эўрапейскую дзяржаву. Кніга проста вабіць працягнуць знаёмства у поўным аб’ёме хаця б з часткаю караценька разгледжаных аўтарам гістарычных твораў, хоць сяму-таму з ахвотнікаў давядзецца для гэтага вучыць мовы. Яна, тая Літва, выглядае гэтак дзіўна, нібы вакно ў іншы сьвет, які, аднак, ёсьць нашым.

БЕЛАРУСКІЯ ЛЕТАПІСЫ І ХРОНІКІ.

Менск, “Беларускі кнігазбор”, 1997

Што ні кажы, а без дакумэнтаў ніяк не абысьціся. Безь летапісаў і хронік – як бяз рук у гэтай тэме як. Чытаючы часам падрабязныя, а часам да немагчымасьці скупыя радкі, можна самому паспрабаваць стварыць сабе карціну таго, што адбывалася у Віцебску тысячу гадоў таму, ці у Вільні – пяцьсот. Можна ўздыхнуць і пашкадаваць, што не захаваўся Полацкі летапіс, які мог бы сёньня гістарычныя горы зрушыць, а можна й наадварот – пацешыцца, што адшукалі Баркулабаўскі летапіс, у адрозьненьне ад безьлічы тых, што дымам пайшлі ў паветра. Такія каштоўныя хронікі пра тое, як абіралі каралёў і баранілі зямлю ад прыхадняў, як жылі й пакідалі па сабе памяць…

Нашыя летапісы – тое, што наўпрост злучае нас з продкамі, зь зямлёю, з краінай ня толькі ад мора да мора, але і той, што нібы чакае ад нас годнага працягу. Летапісы і хронікі – адзін з тых складнікаў, які не дае ператварыць народ у суцэльны аграгарадковы электарат. Трымаючы ў руках стары дакумэнт, пісаны нашай мовай паўтысячы гадоў таму, нават хай тое будзе й копія, адчуваеш такі грунт пад нагамі, што не дае праваліцца ў багну. Асабліва сёньня, калі на старонках “чэсных” выданьняў зноў ажываюць здані “польска-літоўскіх фэадалаў, якія стагодзьдзямі прыгняталі сялянскі беларускі народ”.

ІГНАЦЫ ХОДЗЬКА. УСПАМІНЫ КВЭСТАРА.

Менск, “Universitas”, 2007

Каб акунуцца ў атмасфэру праўдзівай Рэчы Паспалітай (а ў ёй і ў ВКЛ), гэткі твор, як “Успаміны квестара”, трэба прачытаць неадменна. Патэнцыял Ходзькі на самым пачатку ацаніў яшчэ сам Міцкевіч, даўшы “пуцёўку ў жыцьцё”. “Пясьняр ліцьвінскае шляхты”, дарма што нарадзіўся ў перадапошні год існаваньня дзяржавы, увабраў у сябе столькі ведаў ды адчуваньня тае эпохі, што многія і з ранейшых часоў пазайздросьцілі б. Ходзьку выхавалі шляхецкія гавэнды – апавяданьні, гутаркі, што ў нашых краях дужа любілі. А ўжо тых, хто іх апавядаў, заўжды мелі ў пашане. Пашаны аўтару таксама ставала – што за ягоным жыцьцём, што пасьля. Толькі ў дзевятнаццатым стагодзьдзі разгляданы твор дзесяць разоў перавыдаваўся ў Вільні. Ходзьку было ад каго набірацца ведаў пра старашляхецкія традыцыі ды мінулае Айчыны, бо ў радзіне “гавэндары” былі шчэ тыя.

Аповесьць – стылізацыя пад гэткі дыярыюш-успаміны ўяўнага квэстара, зборшчыка ахвяраваньняў для кляштара, які вандруе па краіне, сустракаецца з калярытнымі тыпажамі. Стылізавана так віртуозна, што й цяжка падкапацца “пад сапраўднасьць”. Прыгоды, гісторыі, авантуры, знаёмяць з тымі часамі, калі нашмат болей людзей тутака ведала, што такое сваяцтва “па кудзелі” і “па мячы”, дый памяць пра продкаў сягала куды далей, чым зь цяжкасьцю прыгаданае сёньня імя прадзеда ці прабабкі.

Чытайце кнігі пра мінулую нашу краіну – Вялікае Княства Літоўскае, і вы дакладна ўявіце, у якой краіне хочаце жыць тут і цяпер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG