Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы: Беларускія ўлады скарысталі мэханізм міжнароднага супрацоўніцтва для рэпрэсій


Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі
Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі
Беларускія ўлады знайшлі магчымасьць скарыстаць сыстэму міжнародных працэдур і дагавораў аб фінансавых трансакцыях, закліканую спрыяць кантролю над тэрарызмам і злачыннасьцю, для атрыманьня інфармацыі, якую яны затым выкарысталі для рэпрэсій у дачыненьні да ўласных грамадзянаў. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве МЗС Польшчы, распаўсюджанай 11 жніўня пасьля паведамленьняў аб тым, што Генпракуратура гэтай краіны перадала беларускім праваахоўным органам інфармацыю пра банкаўскія рахункі 17 беларусаў, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

У заяве гаворыцца, што "пасьля сфальсыфікаваных выбараў у Беларусі 19 сьнежня 2010 года і хвалі рэпрэсій, што распачаліся ў гэтай краіне, МЗС правяло кансультацыі з адпаведнымі адказнымі польскімі ведамствамі і ажыцьцявіла дзеяньні па ўмацаваньні бясьпекі інфармацыі, якая тычыцца польскіх банкаўскіх рахункаў грамадзян Беларусі".

"Скарыстаўшы міжнароднае супрацоўніцтва банкаўскіх сыстэмаў, фінансавых і падатковых органаў, беларускія ўлады зьвярнуліся да шэрагу краін ЭЗ з просьбай аб фінансавай інфармацыі, — паведамляе МЗС Польшчы. — Першыя сыгналы, якія прыцягнулі ўвагу ЭЗ да маштабу ўрону гэтых дзеяньняў, паступілі з Літвы".

Беларускія ўлады зрабілі гэта з мэтай "устанаўленьня поўнага кантролю над няўрадавым сэктарам і апазыцыяй Беларусі, а таксама дыскрэдытацыі дапамогі ЭЗ беларускай грамадзянскай супольнасьці".

Польскае МЗС адзначае, што пасьля падзей у беларускай сталіцы 19 сьнежня гэтая дапамога ўзрасла, у тым ліку дзякуючы намаганьням Польшчы, і што гэтая дапамога мае "ключавое значэньне для стрымліваньня таталітарных намераў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі".

"Польшча працягвае ўнутраную дзейнасьць, накіраваную на прадухіленьне выкарыстаньня ўладамі Рэспублікі Беларусь супраць дэмакратычнай апазыцыі сыстэмы міжнародных працэдур, закліканых прадухіляць тэрарыстычныя і злачынныя пагрозы", — заяўляюць дыпляматы.

Інцыдэнт не спыніць падтрымку Польшчай беларускай грамадзянскай супольнасьці, сьцьвярджае МЗС. На думку дыпляматаў, падзея чарговым разам прадэманстравала, што для падтрымкі дэмакратычных рухаў у сьвеце неабходная лепшая каардынацыя ў межах Эўразьвязу. Таму яны разьлічваюць на найхутчэйшае стварэньне прапанаванага Польшчай Эўрапейскага фонду для дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG