Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Пазьняк: "Інтарэсы краін АДКБ не заўжды супадаюць"


Вячаслаў Пазьняк
Вячаслаў Пазьняк
Сёньня Аляксандар Лукашэнка ўдзельнічае ў нефармальным саміце кіраўнікоў дзяржаў, што ўваходзяць у АДКБ (Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы). І хоць ужо заяўлена, што па выніках казахстанскага саміту ніякіх дакумэнтаў падпісвацца ня будзе, сама сустрэча, а таксама двухбаковыя перамовы лідэраў выклікаюць цікавасьць палітыкаў і палітолягаў.

Кандыдат філязофскіх навук Вячаслаў Пазьняк выкладае ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце курс "Тэорыя і практыка міжнароднай бясьпекі". Праблемы АДКБ займаюць у ім асобны разьдзел.

Навуковец зьвяртае ўвагу на тое, што менавіта Беларусь са сьнежня мінулага году старшынюе ў АДКБ. З гэтай нагоды Аляксандар Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што яго мэта — напоўніць рашэньні арганізацыі канкрэтным зьместам, падняць яе дзейнасьць, эфэктыўнасьць і прэстыж. Аднак зрабіць гэта цяжка, бо не заўжды інтарэсы ўдзельнікаў АДКБ супадаюць, падкрэсьлівае Вячаслаў Пазьняк:

"Тут можна мець на ўвазе праблему выдачы былога прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева. Гэта праблема крыху іншага парадку — паміж дзьвюма краінамі АДКБ. Але ж яна існуе, і яна зьвязаная з адзінствам меркаваньняў, адзінствам прыняцьця рашэньняў. Адсутнасьць на саміце прэзыдэнта Ўзбэкістану Карымава — таксама прыклад таго, як інтарэсы могуць не супадаць".

А найбольшае супадзеньне інтарэсаў у АДКБ назіраецца паміж Расеяй і Беларусьсю, адзначае Вячаслаў Пазьняк:

"Што і пацьвярджаецца апошнімі рашэньнямі пра тое, што трэба разьвіваць заходні флянг АДКБ. Тут важна адзначыць і інфармацыю апошніх дзён пра падпісаньне мэмарандуму пра супрацоўніцтва паміж АДКБ і Саюзнай дзяржавай. Пры ўсёй сымбалічнасьці яго гэта таксама падкрэсьлівае палітычную блізкасьць паміж Менскам і Масквой. Менск падтрымлівае Маскву і ў яе непрыняцьці заходніх плянаў па разгортваньні супрацьракетнай абароны".

Вячаслаў Пазьняк спадзяецца, што гэты саміт прынясе вынік:

"Рашэньня ніякага прымацца ня будзе, бо гэты саміт нефармальны. Аднак абмеркаваньне і спроба збліжэньня пазыцый, фармаваньня агульных падыходаў да хваравітых праблемаў, я думаю, будуць прысутнічаць".

З Казахстану Аляксандар Лукашэнка накіруецца з афіцыйным візытам у Катар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG