Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі ў Лёндане: "гэта крызіс маралі"


Натальля Лешчанка
Натальля Лешчанка
З мінулай суботы ў Вялікабрытаніі не сьціхае хваля забурэньняў, рабаваньняў і пагромаў. Пачаўшыся ў Лёндане, на гэтым тыдні беспарадкі перакінуліся на іншыя англійскія гарады. Пра сытуацыю ў брытанскай сталіцы, а таксама пра асаблівасьці цяперашніх падзеяў мы папрасілі распавесьці Натальлю Лешчанку – экспэрта Інстытута дзяржаўных ідэалёгій (INSTID), якая шмат гадоў жыве і працуе ў Лёндане.

Дракахруст: Натальля, якая сытуацыя зараз у Лёндане, наколькі ў горадзе бясьпечна?

Лешчанка: Сёньня сытуацыя больш спакойная, ноччу вялікіх беспарадкаў і пагромаў не было, на вуліцы замест звычайных 6 тысяч паліцэйскіх было выведзена 16 тысяч і гэта адыграла сваю ролю. Але беспарадкі распаўсюдзіліся па краіне - найбольш трывожная ноч была ў Манчэстэры. Манчэстэр, Лівэрпуль, сярэдняя Англія, дзе ёсьць вялікія індустрыяльныя раёны і людзі з невысокім узроўнем жыцьця.
А ў самім Лёндане ёсьць напружанасьць, чаканьне, людзі імкнуцца без вялікай патрэбы не выходзіць на вуліцы і не выпускаць дзяцей.

Дракахруст: А ці працуюць грамадзкія ўстановы?

Лешчанка: У школах канікулы, так што яны ў любым выпадку зачыненыя. усе іншыя ўстановы працуюць. Толькі малыя крамы закрываюцца раней і ўмацоўваюць свае вітрыны.

Дракахруст: Ці дзейнічае паліцыя больш жорстка, чым дзейнічала на пачатку забурэньняў?

Лешчанка: Пакуль толькі ідзе размова пра гэта. Гаворыцца, што могуць прывезьці вадамёты, абмяркоўваецца магчымасьць ужываньне гумовых куляў. Але пакуль паліцыя толькі больш актыўна арыштоўвае тых, хто непасрэдна бярэ удзел у рабаваньнях і пагромах.

Дракахруст: Што за людзі ўдзельнічаюць у беспарадках, гэта пераважна прадстаўнікі этнічных меншасьцяў ці ня толькі яны?

Гэта людзі бедныя і пераважна падлеткі

Лешчанка: Калі мы глядзім на фотаздымкі, то там мала белых твараў. Але ў Англіі арабская грамада вельмі адрозьніваецца ад пакістанскай, карыбская - ад афрыканскай, але на вуліцах яны зьліваюцца ў агульную масу. Агульная характарыстыка тых, хто чыніць пагромы і рабаваньні, гэта людзі бедныя і пераважна падлеткі, якія ідуць рабаваць спартовыя крамы, каб здабыць красоўкі, і крамы электронікі, каб здабыць тэлевізары з плазменымі экранамі.

Дракахруст: Беларускія ўлады, адбіваючыся ад абвінавачваньняў за падзеі 19 сьнежня, кажуць – ну дык і ў Эўропе, калі адбываюцца беспарадкі, паліцыя таксама дзейнічае жорстка. Ці так гэта? Ці наадварот існуе дылема: ці паліцэйскі парадак кшталту беларускага ці бездапаможнасьць паліцыі і горад, аддадзены пагромшчыкам?

Лешчанка: Па-першае, беспарадак па-беларуску і па-ангельску - гэта розныя рэчы. Калі людзі проста зьбіраюцца і пляскаюць у ладкі - нікому тут не прыйдзе ў галаву, што гэта беспарадак і гэтых людзей трэба арыштоўваць. Тут арыштоўваюць людзей, якія непасрэдна падпальваюць дом, кідаюць бомбы, бьюць шкло.

Але тая дылема, пра якую вы сказалі - яна штучная. Яна прадугледжвае, што парадак можа падтрымлівацца толькі паліцыяй. Аднак па-сапраўднаму парадак можа падтрымлівацца ўнутраным маральным кодам.

На страху грамадзтва ў любым выпадку трымацца ня будзе.

Прэм'ер-міністар Кэмэран, які вярнуўся з адпачынку, найперш сказаў, што гэта не крызіс палітыкі, гэта крызіс маралі. Ён заклікаў паляпшаць выхаваньне дзяцей, працу зь імі ў школах, ствараць унутранае пачуцьцё таго, што ўсё што вакол - гэта наша і мы павінны яго шанаваць. Бо калі зараз падлетак падпальвае віктарыянскі дом, які ў 20 разоў старэйшы за яго, ён не адчувае, што гэта гісторыя яго краіны. На страху грамадзтва ў любым выпадку трымацца ня будзе.

Дракахруст: У чым прычыны цяперашняй хвалі беспарадкаў, якая ахоплівае гарады Англіі? Ці няма ў іх падабенства з сёлетнім каскадам арабскіх рэвалюцый? Там жа таксама людзі пратэставалі супраць несправядлівасьці жыцьця.

Лешчанка: Усе спасылаюцца на эканамічны крызіс, які найперш закрануў бедных людзей. Але лічыць гэта працягам арабскай вясны можна толькі ў тым сэнсе, што некаторыя з удзельнікаў пагромаў арабы. Гэта не крызіс палітычнай сыстэмы, гэта не пратэсты супраць палітыкі. Гэтыя падлеткі крычаць, што ідуць супраць багатых, яны хочуць мець тое, што іншыя, яны толькі ня ведаюць, як гэта атрымаць. Гэта не пратэст супраць палітычнага рэжыму.

Дракахруст: Якую ролю адыгрываюць у цяперашніх беспарадках сацыяльныя сеткі? Міжнародны друк захапляўся Фейсбук-рэвалюцыяй у Іране і Эгіпце, ў Беларусі ў апошнія месяцы мы назіралі акцыі «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі». У Англіі цяпер – «пагромы праз сацыяльныя сеткі»?

Лешчанка: Сацыяльныя сеткі - проста каналы інфармацыі. Празь іх інфармацыя цыркулюе хутчэй і сеткі даюць пагромшчыкам адчуваньне, што яны не самотныя, што калі яны пойдуць на вуліцу, то там будуць яшчэ дзесяткі людзей, якія выйдуць разам зь імі. Гэта не стварае агонь, але падлівае ў яго алею, дапамагае яму распаўсюджвацца.

Улада таксама дае адказ праз сацыяльныя сеткі. Паліцыя кажа, што мы за вамі прыйдзем, што ў нас ёсьць вашы твары. Так што сеткі - гэта сродак, якім карыстаюцца абодва бакі, і пытаньне ў тым, хто лепш яго скарыстае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG