Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне з марай пра сталічную кватэру


Новабудоўлі ў Менску
Новабудоўлі ў Менску
Ад 10-га жніўня, паводле ўказу Лукашэнкі № 346, значна абмежаваныя магчымасьці для перасяленьня ў Менск жыхароў іншых рэгіёнаў. У прыватнасьці, каб стаць на ўлік у чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў, неабходна як мінімум апошнія дзесяць гадоў пражываць на тэрыторыі сталіцы . Раней для гэтага было дастаткова пражыць тут 5 гадоў. А норма забясьпечанасьці агульнай плошчай жылья ў Менску зьніжана з 15-ці да 10-ці квадратных мэтраў.


МЕНСК: На чарзе — 280 тысяч чалавек. У 2004 годзе было амаль удвая менш


Пра такую статыстыку афіцыйна інфармуе на сваім сайце дзяржаўнае вытворчае аб'яднаньне "Мінскбуд". Аднак спэцыялісты гэтага прадпрыемства ўхіляюцца ад камэнтароў наконт сытуацыі і дэкрэту Лукашэнкі.

Дырэктар аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць, што чыноўнікі прыхільна ставяцца да гэтага рашэньня прэзыдэнта.

"Тая рэгіянальная намэнклятура, якая прыйшла да ўлады разам з Лукашэнкам, пасьпела перабрацца ў Менск і сваіх сваякоў сюды перацягнула, цяпер яны лічаць, што праблему можна закрываць. Што дзіўнага для гэтай улады?".

Леанід Заіка таксама гаворыць пра эканамічны складнік цяперашняга крызісу ў жыльлёвым будаўніцтве:

"Яшчэ 5 альбо 10 гадоў таму ўлада мусіла зразумець, што няправільна было чыніць у разьмеркаваньні жыльля "райсабес".

"Эканамічная прычына зусім простая. У Беларусі былі відавочна неразумныя аб'ёмы жыльлёвага будаўніцтва за кошт бюджэтных сродкаў пад 1% гадавых пры цяперашняй інфляцыі ў 40%. Таму нельга далей працягваць палітыку будаўніцтва так званага сацыяльнага жыльля.

Яшчэ 5 альбо 10 гадоў таму ўлада мусіла зразумець, што няправільна было чыніць такі агульны "райсабес". Рынак сам здольны разьмяркоўваць людзей па тэрыторыях".

Тым часам і ў рэгіёнах цяпер таксама пашыраецца крызіс у будаўніцтве жыльля.


МАГІЛЁЎШЧЫНА: Трэці год запар не выконваюцца пляны будаўніцтва жыльля. У чарзе — 33 тысячы чалавек.



Запавольваньне тэмпаў будаўніцтва вядзе да павелічэньня колькасьці тых, хто хоча палепшыць жыльлёвыя ўмовы, чакаючы ў чарзе. Жыльлёвых чаргавікоў на Магілёўшчыне — 33 тысячы. Жыхарка абласнога цэнтру Галіна тры гады стаіць у чарзе. Яе нумар — 1542. Кожныя пяць гадоў яна павінна паведамляць у жыльлёвы аддзел пра свае ўмовы пражываньня. Колькі давядзецца чакаць кватэры спадарыні Галіне?

Ва ўмовах эканамічнага крызісу няма спадзеву, што падыдзе чарга на будаўніцтва кватэры
"Гадоў пятнаццаць-дваццаць. Я стаю не ў ільготнай чарзе. Я стаю таму, што трэба стаяць. Ня я — дык дзіця, падыдзе чарга, пабудуе кватэру, бо ў мяне наагул няма свайго жыльля. У нашых жа ўмовах верыць, што падыдзе чарга, у цяперашняй эканамічнай сытуацыі з крызісам, — у мяне спадзеву мала".

Ільготных сацыяльных чаргавікоў у Магілёве — каля паўтары тысячы. Стаць у гэтую чаргу нескладана. Трэба сабраць пакет дакумэнтаў і чакаць. Колькі? Тут як пашанцуе:

"Ёсьць катэгорыі людзей, якія атрымліваюць жыльлё па-за чаргой. Ёсьць такія, якім даводзіцца пачакаць. У залежнасьці ад таго, ці ёсьць сацыяльнае жытло", — кажа супрацоўніца жыльлёвага аддзелу Кастрычніцкага раёну Магілёва.

Працягласьць чаканьня спэцыялістка не ўдакладніла, аднак вядома, што такія кватэры не перадаюцца ў спадчыну. Набываць сабе кватэру варта ўсё адно.

З-за крызісу з валютай зьмяншаецца продаж кватэр на другасным рынку

Той, хто наважваецца яе купіць на гэтак званым другасным рынку жытла, сутыкаецца з валютнай праблемай. Продаж кватэр з-за гэтага спаў — прызнаюць рыэлтары — але кошты застаюцца па ранейшаму высокімі:

"Гаварыць пра зьніжэньне няправільна. Дужа цяжка знайсьці пакупніка. З крэдытамі праблемная сытуацыя. Аднапакаёвая ў "хрушчоўцы" — блізу 700 даляраў за квадратны мэтар. Палепшанай пляніроўкі — каля 750", кажа супрацоўніца рыэлтарскай канторы.

Квадратныя мэтры ў новых дамах сягаюць пад 1000 даляраў. Пакупніцкая здольнасьць у насельніцтва адолець такія цэнавыя вышыні ня ў стане. Спэцыялісты раяць мяняць кватэры — так таньней.

Летась будаўнікам загадалі ўвесьці 280 тысяч квадратных мэтраў жытла. Увялі крыху больш за 180 тысяч. На сёлета плян вышэйшы — 290 тысяч. За першае паўгодзьдзе, паводле афіцыйнай інфармацыі, увялі троху больш за 73 тысячы квадратных мэтраў. У 2010-м гэты паказьнік складаў 109 тысяч.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА: Дзе ёсьць жыльлё — няма працы, а дзе ёсьць праца — праблемы з жыльлём


На Гарадзеншчыне, як і ў іншых рэгіёнах краіны, у гарадах з насельніцтвам звыш 50 тысяч з-за адмены ільготнага крэдытаваньня жыльля тэмпы будаўніцтва прыпыніліся.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:55 0:00
Наўпроставы лінк

У Мастах на трохпакаёвыя кватэры практычна няма ахвотных

Масты — райцэнтар з насельніцтвам да 20 тысяч жыхароў, ільготныя крэдыты пад будаўніцтва жыльля тут засталіся на ўзроўні ад 1 да 5%.

Нягледзячы на тое, што квадратны мэтар жыльля ў каапэратывах, якія цяпер ствараюцца, каштуе каля трох мільёнаў за мэтар, людзі ад чаргі не адмаўляюцца.

Мастаўлянін, які мае дачыненьне да будаўніцтва жыльля, кажа, што ўсё роўна гэта выгадна, бо выплаты па крэдыце пачынаюцца праз 12 месяцаў пасьля заканчэньня будоўлі.

На кватэру ў Мастах тутэйшыя зарабляюць у Польшчы ды іншых краінах на Захадзе

Спадар: "Адпаведна, заробкі праз 12 месяцаў павялічацца, а крэдыт з улікам інфляцыі зьменшыцца. Да ўсяго, большасьць людзей, якія будуюцца, маюць не адну крыніцу даходу. Вельмі многія працуюць у Расеі, на Захадзе, многія дагэтуль яшчэ езьдзяць у Польшчу".

У той самы час спадар заўважае, што ўлады робяць адно, але не заўважаюць іншага — ня ўсе могуць працаваць за мяжой, а таму і далёка ня ўсім па кішэні будавацца нават за ільготны крэдыт.

Спадар: "Але адначасова ўлады слаба ствараюць працоўныя месцы. Шмат людзей пакідае наш горад. Жыльлё жыльлём, але дзе працаваць і грошы зарабляць?..".

У райцэнтрах прыпынена выдача ільготных крэдытаў на будоўлю жыльля

У гарадах вобласьці кшталту Слоніма, Горадні, дзе колькасьць насельніцтва перавышае 50 тысяч, ад пачатку чэрвеня прыпынена выдача ільготных крэдытаў на будаўніцтва жыльля. Атрымаць крэдыт у лепшым выпадку цяпер можна пад 17—26% на 20 год. Гэта і стала прычынай прыпыненьня будаўніцтва.

Слонімец, які стаіць у чарзе з 2003 году, кажа, што яшчэ пару гадоў таму ня мог будавацца, бо трэба было рабіць вялікія выплаты па крэдытах, а цяпер усё спынілася, нягледзячы на тое, што жыльлёвы каапэратыў даўно сфармаваны. Людзі ходзяць у райвыканкам, пытаюцца, але ніхто пэўнага адказу даць ня можа.

Спадар: "Ну вось зараз мы ў такім незразумелым стане: кошты растуць кожны дзень, а калі пачнуць наш дом будаваць — невядома. Цяпер невядома, ці будуць наагул нешта будаваць, бо з крэдытамі таксама пытаньне замарожанае — дадуць іх ці, можа, не дадуць…"


ГОМЕЛЬШЧЫНА: На чарзе ў абласным цэнтры — 50 тысяч чалавек


У Гомелі за два дзесяцігодзьдзі беларускай незалежнасьці чарга на атрыманьне жытла, па сутнасьці, ня зьменшылася. Колькасьць ахвотных займець уласную кватэру блізкая да 50 тысячаў.

Кватэру, у прынцыпе, можна купіць у горадзе, але толькі па камэрцыйных коштах. Калі ж у маладога чалавека ці сям’і такіх грошай няма, яму можна разьлічваць на сацыяльнае жытло, але на набыцьцё яго пойдзе шмат гадоў. Хіба што прэтэндэнт мае ільготы: ён — удзельнік вайны, інвалід, альбо ў яго шматдзетная сям’я. У такім разе адміністрацыя адпаведнага раёну можа прызнаць навічка асобай, якая мае патрэбу ў льготным забесьпячэньні жыльлёвай плошчай.

Гаворыць адна з прадстаўніц гарадзкой службы жыльлёвай палітыкі:

"Калі яны маюць патрэбу ў жытле, мы ставім іх у чаргу. Яны спачатку зьбіраюць дакумэнты, мы разглядаем іх на паседжаньні адміністрацыі й ставім у чаргу. І тады яны ўжо могуць выкарыстаць сваю ільготу, то бок пазачарговае атрыманьне жытла ці пазачарговае ўключэньне на будаўніцтва кватэры з дапамогай ільготнага крэдыту".

У іншым выпадку — чарга, стаяньне ў якой звычайна расьцягваецца на доўгія гады.


"Зараз будуць большыя абмежаваньні і ў рэгіёнах"


Апавядае рэгіянальная актывістка руху "За свабоду" Галіна Скараход, якая пэўны час займалася жыльлёва-камунальнымі пытаньнямі:

У Беларусі няма магчымасьці забясьпечыць усіх жытлом
"У абласных гарадах таксама былі абмежаваньні для прыежджых, таксама трэба было пражыць пэўны час, каб стаць у чаргу. А самі чэргі былі дзясяткамі гадоў. Вялікага адрозьненьня тут ад сталіцы няма. Адзінае, думаю, што пасьля выказваньня прэзыдэнта ў Менску зараз будуць большыя абмежаваньні, чымсьці ў абласных гарадах".

Грамадзкая актывістка лічыць, што абмежаваньні зьвязаныя найперш зь няздатнасьцю дзяржавы забясьпечыць людзей у гарадах і працай, і, найперш, жытлом:

"Зразумела, што ў краіне няма магчымасьці забясьпечыць усіх жытлом. Па-першае, ня надта вялікія будаўнічыя магутнасьці. Па-другое, заўсёды існавалі нейкія абмежаваньні. У нас няма такой свабоды, як, напрыклад, у Нямеччыне, калі чалавек прыяжджае й купляе сабе жытло літаральна за 30 хвілін. Калі чалавек мае грошы, то ён яшчэ можа неяк набыць сабе жытло. А калі грошай няма, то чалавек пачынае адкладаць сваю чаргу, нават калі яна падышла. Зараз нават ёсьць такое рашэньне: калі дольшчык ня змог сплаціць свой пай цягам трох разоў, яго наагул здымуць з чаргі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG