Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар юстыцыі Літвы раскрыў таямніцы справы Бяляцкага


Міністар юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус запрасіў на сустрэчу рэдактарку сайту charter97.org Натальлю Радзіну і раскрыў падрабязнасьці “банкаўскага скандалу”. Рэпартаж сп-ні Радзінай апублікаваны на сайце "Хартыі-97".

Прапануем вам пераклад публікацыі.

Шымашус: Хацеў бы выказаць шкадаваньне з нагоды факту перадачы Літвой фінансавай інфармацыі аб дзейнасьці Алеся Бяляцкага і ў сувязі з тым, што гэта было выкарыстана беларускімі ўладамі супраць яго як супраць змагара за правы чалавека. І, вядома ж, уся адказнасьць за тое, як гэтая інфармацыя будзе выкарыстаная, кладзецца на беларускія ўлады, таму што дамова пра абмен юрыдычнай інфармацыі дзейнічае з 1993 году, і 18 гадоў яна працавала для таго, каб лавіць сапраўдных злачынцаў. Гэта даволі актыўнае супрацоўніцтва, таму што мы краіны-суседзі. Па статыстыцы мы штогод атрымліваем ад беларускага боку каля 500 запытаў, і практычна столькі ж просьбаў аб прадстаўленьні юрыдычнай дапамогі паступае ад Літвы.

Інцыдэнт з Алесем Бяляцкім падняў новыя пытаньні. Мы бачым, што гэтая сыстэма не без недахопаў, і гэта стала даволі балючым для нас. Літоўскія ўлады зробяць усё, каб такое не паўтарылася ў будучыні, і мы паспрабуем выправіць сытуацыю. І я хацеў бы падкрэсьліць: было шмат размоваў і спэкуляцый на тэму таго, што гэта можа быць зьвязана зь літоўскай замежнай палітыкай. Я не ўпаўнаважаны камэнтаваць нашу замежную палітыку, але хацеў бы падкрэсьліць, што прынцыповых зьменаў няма. І калі б былі нейкія зьмены ў нейкіх палітычных аспэктах, гэта ніяк бы не ўплывала на тое, якую інфармацыю Літва дае пра беларускіх грамадзян. У інтарэсах Літвы супрацоўнічаць зь Беларусьсю юрыдычна, але каб гэта ніяк не нашкодзіла дэмакратычным сілам краіны. Вы не павінныя думаць, што Літва адмаўляецца ад падтрымкі вашай барацьбы за свабоду і дэмакратыю.

Радзіна: Ці можаце паведаміць падрабязнасьці таго, як адбываўся працэс перадачы банкаўскай інфармацыі аб дзейнасьці Бяляцкага беларускім уладам з самага пачатку?

Шымашус: 2 лютага 2011 году літоўскае Міністэрства юстыцыі атрымала запыт з Міністэрства юстыцыі Беларусі аб прадстаўленьні гэтай інфармацыі. Мы, чыноўнікі Міністэрства юстыцыі, разглядалі гэта як руціннае пытаньне. На жаль, нават людзі, знакамітыя ў Беларусі, не заўсёды вядомыя нават высокаадукаваным людзям у Літве. Намі быў зроблены запыт у банкі. Пасьля таго, як інфармацыя была атрыманая ад банкаў, яна была перададзеная Мін’юсту Беларусі. І толькі праз некалькі месяцаў, у канцы чэрвеня, мы атрымалі ад Міністэрства замежных справаў Літвы інфармацыю пра тое, што гэта можа быць выкарыстана ў палітычных мэтах. У той жа дзень, 21 чэрвеня, было вырашана спыніць даваць фінансавую інфармацыю Беларусі. Вядома, у нашых інтарэсах аднавіць гэтае супрацоўніцтва, але пасьля таго, як мы знойдзем мэханізмы, як зрабіць, каб нашая інфармацыя не выкарыстоўвалася для рэпрэсій супраць актывістаў дэмакратычных сіл.

Радзіна: Паведамлялася, што вамі былі перададзеныя дадзеныя пра банкаўскія рахункі 400 беларусаў. Ці так гэта?

Шымашус: Я ўжо чуў шмат інтэрпрэтацый, і ўсе яны ня вельмі карэктныя. 400 — гэта статыстычныя дадзеныя пра тое, колькі запытаў Літва штогод падае ў Беларусь, і 500 запытаў мы атрымліваем з Беларусі.

Радзіна: У вас нейкія квоты?

Шымашус: Не, гэта проста статыстыка за некалькі мінулых гадоў. Квотаў ніякіх няма, гэта робіцца па дамове 1992 года, ратыфікаванай парлямэнтамі. Няма ніякага сьпісу ці чагосьці ў гэтым родзе.

Радзіна: Значыць, гэта не выглядала 2 лютага як вялікі сьпіс з 400 прозьвішчаў, сярод якіх быў Бяляцкі?

Шымашус: Не.

Радзіна: Гэта значыць, быў запыт канкрэтна на аднаго Бяляцкага?

Шымашус: Я не магу цяпер дакладна сказаць. Гэта быў ці то запыт канкрэтна з нагоды аднаго Бяляцкага, ці то запыт на яго і яшчэ аднаго чалавека. Адначасовых запытаў на вялікую колькасьць грамадзян ніколі не было.

Радзіна: А колькі ўсяго сёлета ўжо было запытаў аб банкаўскіх рахунках беларусаў?

Шымашус: Мы пакуль ня можам назваць дакладную лічбу. Людзей, якія цяпер перажываюць, што інфармацыя пра іх будзе перададзеная ўладам, я хачу запэўніць, што мы спынілі ўвесь паток інфармацыі. І адновім яго, калі будзем ўпэўненыя, што гэта не зашкодзіць беларускім апазыцыянэрам. Цяпер мы аналізуем інфармацыю за гэты і за мінулы год на прадмет таго, ці няма яшчэ выпадку перадачы інфармацыі пра якога-небудзь дэмакратычнага актывіста. Пакуль мы яшчэ такіх дадзеных ня выявілі. І я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца.

Радзіна: А ці можна для спакою беларускіх дэмакратаў апублікаваць сьпісы людзей, чые рахункі раскрытыя беларускім уладам?

Шымашус: Гэтага сьпісу, вядома, нельга апублікаваць. Але я магу запэўніць, што цягам найбліжэйшых дзён мы будзем мець поўную інфармацыю. Калі знойдуцца людзі, з нагоды якіх мы маем нейкія пытаньні, то мы, вядома, іх папярэдзім.

Радзіна: Як беларускі бок адрэагаваў на спыненьне Літвой прававога супрацоўніцтва?

Шымашус: Афіцыйнай рэакцыі пакуль няма. Думаю, у інтарэсах абедзьвюх дзяржаваў, каб людзі, якія крадуць машыны або робяць іншыя, сапраўдныя, злачынствы, былі злоўленыя і асуджаныя. І абмен гэтай інфармацыяй павінен адбывацца. Нават калі мы маем нейкія сумневы з нагоды асобных справаў, мы пастараемся зрабіць так, каб супрацоўніцтва ў пляне абмену крымінальнай інфармацыяй аднавілася.

Радзіна: А вы ня думаеце, што ў адплату за тое, што вы не выдаяце інфармацыю пра дэмакратычных актывістаў, рэжым Лукашэнкі ня будзе вам выдаваць інфармацыю пра злачынцаў на тэрыторыі Беларусі?

Шымашус: Я не хацеў бы спэкуляваць на тэму, як зробяць беларускія ўлады. Я думаю, што ў інтарэсах народаў абедзьвюх краін, каб нармальнае супрацоўніцтва было адноўленае.

Радзіна: У літоўскіх банках напэўна нямала рахункаў і беларускіх чыноўнікаў, і вядома, гэтыя грошы заробленыя далёка не сумленным шляхам. ЗША ўжо даўно прынялі рашэньне замарозіць рахункі атачэньня Лукашэнкі, іншая справа, што яго памагатыя не трымаюць свае актывы ў Амэрыцы. Наколькі імаверная пэрспэктыва раскрыцьця і «замарозкі» іх рахункаў у Літве?

Шымашус: Міністэрства юстыцыі ў гэтым выпадку грае ня вельмі значную ролю. Мы проста карэспандэнтны бок для замежнага супрацоўніцтва, атрымліваем запыты зь іншых краін і дасылаем гэтыя запыты ў іншыя ўстановы. Вядома, калі нешта зьменіцца ў гэтым сьвеце і ў нашым рэгіёне, калі будзе рашэньне Эўразьвязу і паўстане пытаньне пра банкаўскія рахункі беларускіх чыноўнікаў, то, несумненна, усе гэтыя рахункі будуць раскрытыя і замарожаныя. *

* Рашэньні Рады Эўразьвязу аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у парушэньнях правоў чалавека і перасьледзе апазыцыі, прынятыя сёлета, прадугледжваюць і замарожваньне іх рахункаў у банках дзяржаваў Эўразьвязу (гл. напрыклад Эўразьвяз устрымаўся ад эканамічных санкцый супраць Менску)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG