Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне забараняюць пікеты за вызваленьне палітвязьняў


Адмовы з выканкамаў ідуць адна за адной: апошнюю атрымаў аршанскі актывіст Яўген Анішчанка. Колькі дзён таму акцыі ў падтрымку палітвязьняў былі забаронены ў Віцебску і Наваполацку.

Паводле актывіста камітэту па стварэньні партыі БХД Яўгена Анішчанкі, адмова на правядзеньне пікету за вызваленьне палітвязьняў супярэчыць зьместу папярэдняй размовы ў аршанскім гарвыканкаме.

Спадар Анішчанка меркаваў правесьці пікет 13 жніўня на адмыслова вызначаным уладамі месцы – на пляцоўцы каля ўваходу ў гарадзкі дзіцячы парк. У пісьмовай адмове гаворыцца, што ён ня мае дамоваў з мэдычнай службай і міліцыяй. Аднак, кажа актывіст, калі ён прыносіў у гарвыканкам заяўку на пікет, яму тлумачылі, што спачатку ён мусіць атрымаць дазвол ад мясцовых уладаў, а потым ужо дамаўляцца наконт аховы правапарадку ды мэдычнага абслугоўваньня на час масавага мерапрыемства .

Дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і службамі ЖКГ паспрабавалі заключыць віцебскія актывісты Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў, калі падавалі заяўку на правядзеньне мітынгу дзеля падтрымкі палітвязьняў 4 ліпеня. Ні з адной з гэтых службаў дамовіцца не ўдалося.

У аддзеле ЖКГ Чыгуначнага раёну патлумачылі, што прыбіраюць пляцоўкі толькі пасьля санкцыянаваных мерапрыемстваў, і ніякіх папярэдніх дамоваў не заключаюць. У Чыгуначны аддзеле ўнутраных справаў заявілі, што ў дзень меркаванага пікету ў іх ня будзе вольных супрацоўнікаў, каб забясьпечыць правапарадак на мітынгу, бо ўсе яны будуць дзяжурыць у месцах масавага адпачынку грамадзян, дзіцячых летніках і на праваслаўным фэстывалі “Адыгітрыя”. Усе брыгады хуткай дапамогі таксама аказаліся занятыя, у тым ліку на праваслаўным фэстывалі, а таксама на футбольных спаборніцтвах.

У выніку праз адсутнасьць дамоваў мітынгу ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў віцебскія ўлады забаранілі.

Наваполацкі гарвыканкам адмовіў актывістам у правядзеньні пікету ў падтрымку Мікіты Ліхавіда зь іншай прычыны. Актывісты зьбіраліся правесьці яго 2 жніўня, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да лёсу палітвязьня, актывіста руху “За свабоду”, які адбывае пакараньне ў наваполацкай папраўчай калёніі № 10.

Імпрэза мела адбыцца на адмыслова вызначаным месцы – на плошчы каля гарадзкога Палаца культуры. Але з гарвыканкаму заяўніку пікету Ўладзімеру Кунцэвічу паведамілі, што рашэньнем ад 22 ліпеня 2011 году плошча каля гарадзкога Палаца выключана з пераліку месцаў, дазволеных для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Спадар Кунцэвіч зазначае, што заяўка ім была пададзены 18 ліпеня - за два тыдні да імпрэзы. А зьмены ў ранейшае рашэньне чыноўнікі выканкаму ўнесьлі якраз праз чатыры дні пасьля звароту актывістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG