Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найгоршыя ўмовы — у "перасылцы" ў Баранавічах; найгоршая ежа — у Менску на Валадарскага


Фёдар Мірзаянаў: найгоршыя ўмовы — у "перасылцы" ў Баранавічах, найгоршая ежа — у Менску на Валадарскага. Эдуард Лобаў прачытаў усе кнігі, дасланыя з волі. Мікіта Ліхавід заявіў, што ня будзе прасіць аб памілаваньні. Як ідзе збор подпісаў у абарону Зьмітра Бандарэнкі? Аляксандар Класкоўскі будзе працаваць на дрэваапрацоўчай вытворчасьці.

8 жніўня маці асуджанага за Плошчу Фёдара Мірзаянава Людміла сустрэлася зь ім у калёніі "Ваўчыныя норы" пад Івацэвічамі. Сын распавёў, што выпадкова бачыўся ў калёніі з актывістам "Гавары праўду" Паўлам Вінаградавым. Гэтая сустрэча не засталася па-за ўвагай супрацоўнікаў калёніі, кажа Людміла Мірзаянава:

"Павал падышоў да яго, яны павіталіся. І пасьля гэтага адразу зь Фёдарам адбылася гутарка: Чаму? Можа, гэта невыпадкова? Можа, вы дамовіліся ў гэты час і ў гэтым месцы сустрэцца? Можа, потым невядома што там будзе — нейкая акцыя?".

"Палітычныя" вязьні знаходзяцца пад асаблівым кантролем адміністрацыі", — падзялілася назіраньнем Людміла Мірзаянава. Дарэчы, выклікалі на гутарку адносна Мірзаянава і Эдуарда Лобава, актывіста "Маладога фронту", які таксама адбывае тэрмін у калёніі "Ваўчыныя норы". Пра гэта паведаміла Марына Лобава, якая таксама бачылася з сынам у калёніі. Паводле яе, пасьля гэтай гутаркі Фёдара пэўна не накіруюць у атрад, дзе знаходзіцца Эдуард. Марына Лобава распавяла:

"Працу сыну не далі. Усе кнігі, што я перадавала, ужо прачытаў. Калі будзе вучыцца дыстанцыйна ў ЭГУ, давядзецца яшчэ дасылаць падручнікі. Маці Мірзаянава спрабавала перадаць ноўтбук, проста з інфармацыяй, каб вучыцца, але начальнік калёніі не дазволіў. Таму я ўжо і спрабаваць ня буду, проста дашлю кнігі".

Бацькі вязьняў занепакоеныя, што ў калёніі ўсяго адна лядоўня на 100 чалавек і фактычна няма дзе захоўваць харчы, якія патрабуюць нізкай тэмпэратуры.

Вязень Наваполацкай калёніі Мікіта Ліхавід напісаў у лісьце да маці, што ня будзе пісаць прашэньня аб памілаваньні. Алена Ліхавід зачытала вытрымку з апошняга сынавага ліста:

"Я не хачу ўдзельнічаць у гэтым шабашы. Хай выпускаюць тых, хто вінаваты і згодны жыць паводле гэтага рэжыму, а я сваё імя і свой гонар за магчымасьць есьці пернікі са згушчонкай не прадаю".

Пасьля некалькіх тэрмінаў карцэру Мікіта Ліхавід быў накіраваны на 3 месяцы ў ПКТ — "памяшканьне камэрнага тыпу". Гэтак называюць асобныя камэры, куды зьмяшчаюць тых, хто, на думку адміністрацыі калёніі, ня стаў на шлях выпраўленьня. Маці Мікіты кажа, што ў яго выявіліся праблемы са страўнікам, хоць у лісьце ён пра гэта ня піша.

Больш за 180 чалавек, сярод іх вядомыя дзеячы мастацтва і палітыкі, падпісаліся пад пэтыцыяй у абарону Дзьмітрыя Бандарэнкі. Каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" зьбіраюцца з Рэспубліканскага турэмнага шпіталя пераводзіць у калёнію, хоць ён яшчэ не акрыяў пасьля апэрацыі. Падпісанты таксама заступаюцца за Мікіту Ліхавіда і Зьмітра Дашкевіча, якіх міжнародныя арганізацыі прызналі "вязьнямі сумленьня".

Вязень Шклоўскай калёніі Аляксандар Класкоўскі-малодшы будзе працаваць на дрэваапрацоўчай вытворчасьці. Пра гэта асуджаны за Плошчу паведаміў у апошнім лісьце бацьку. Яшчэ Аляксандар Класкоўскі напісаў, што цяпер вельмі рэдка бачыцца зь Мікалаем Статкевічам, які адбывае пакараньне ў той жа калёніі. У карантыне колішні міліцыянт Класкоўскі і экс-кандыдат на прэзыдэнта Статкевіч былі побач, але потым іх разьмеркавалі па розных атрадах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG