Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марылюіза Бэк: "Скандальная "дапамога" Літвы Лукашэнку"


Марылюіза Бэк
Марылюіза Бэк
У сувязі з арыштам старшыні беларускай праваабарончай арганізацыі "Вясна" Алеся Бяляцкага дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад фракцыі зялёных, каардынатарка па пытаньнях Усходняй Эўропы Марылюіза Бэк заявіла, што калі такая краіна, як Літва, якая належыць да ЭЗ і падзяляе палітыку ізаляцыі лукашэнкаўскага рэжыму,"садзейнічае яму ў рамках двухбаковай дамовы, то гэта падрывае зьнешнепалітычныя рашэньні Зьвязу".

Як вынікае з заявы нямецкага палітыка, пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Эўрапейскі Зьвяз абвясьціў, што цяпер з падвоенай сілай будзе падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у гэтай краіне. Аднак вельмі цяжка паверыць у такую падтрымку дысыдэнтам, якія мусяць працаваць ва ўмовах дыктатуры. Тыя, хто, як у Беларусі, мае мала шанцаў на рэгістрацыю, мусяць знаходзіць самыя розныя шляхі фінансаваньня".

"Тлумачэньні літоўскага ўраду, што ў выпадку з Алесем Бяляцкім яны ня ведалі, пра каго ідзе гаворка, скандальныя. У лепшым выпадку мы можам сьпісаць гэта на недаравальную наіўнасьць літоўскага ўраду, у горшым — канстатаваць, што літоўская ўлада дзеля добрых стасункаў гатовая падставіць пад удар дысыдэнтаў", працягвае дэпутатка Бундэстагу.

Як гаворыцца ў заяве Марылюізы Бэк, фэдэральны міністар замежных спраў Вэстэрвэле выступае за неадкладнае вызваленьне Алеся Бяляцкага і прапануе разгледзець гэтую сытуацыю ў рамках Рады міністраў ЭЗ. Акрамя таго, міністар таксама зьвяртаецца да нямецкага ўраду з заклікам знайсьці такія шляхі фінансаваньня, якія былі б сапраўды на карысьць грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG