Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cяргей Рыжоў зьбіраў міласьціну каля царквы


Былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, жыхар Віцебску Сяргей Рыжоў зьбіраў ахвяраваньні для тых, хто ня можа ўладкавацца на працу па палітычных прычынах.

Рыжоў быў звольнены з камбінату "Ноўка", дзе працаваў загадчыкам сэктару гандлёвых сувязяў, неўзабаве пасьля выбарчай кампаніі. Таму і вырашыў ініцыяваць збор сродкаў, абвясьціўшы пра намер выйсьці на цьвінтар да праваслаўнага храму.

Да Пакроўскай царквы Сяргей Рыжоў выйшаў разам са сваім аднадумцам Аляксандрам Кірылавым, таксама беспрацоўным. Абодва зьяўляюцца сябрамі Беларускай кансэрватыўнай партыі "Белая Русь", заснаванай спадаром Рыжовым.

Сяргей Рыжоў трымаў скрынку з надпісам "Збор сродкаў палітычна рэпрэсаваным суграмадзянам", але сярод жабракоў, якіх каля Пакроўскага храму заўжды шмат, давялося пастаяць менш за гадзіну.

"Да нас выйшаў чалавек з царкоўнай адміністрацыі і сказаў, што міласьціну мы прасіць можам, але толькі калі ў нас ня будзе скрынкі з надпісам пра палітычныя рэпрэсіі. Мы не пагадзіліся. Тым часам каля нас пачалі зьбірацца нейкія людзі -- як мы зразумелі, былыя крымінальнікі. Яны сказалі, што гэта "іхная тэрыторыя", за якой яны "назіраюць", і ў пагрозьлівай форме загадалі нам сыходзіць. Да іншых жабракоў яны не зьвярталіся. А нам давялося сысьці, каб не здарылася нейкіх правакацый", -- распавёў спадар Рыжоў.

Каб пазьбегнуць верагодных правакацый і канфліктаў, Сяргей Рыжоў нават зьмяніў месца, дзе вырашыў зьбіраць міласьціну.
Зрэшты, зьбіраць сродкі для тых, хто ня можа ўладкавацца на працу праз сваю "палітычную нядобранадзейнасьць" былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах мяркуе кожныя выходныя каля розных віцебскіх храмаў.

Ён кажа, што ягоная мэта - прыцягнуць увагу да наяўнасьці ў Беларусі так званых палітычных беспрацоўных. Ужо паўгода ён сам ня можа ўладкавацца на працу, бо ў Віцебску шырока вядомыя ягоныя палітычныя погляды.

Колькі часу таму Сяргей Рыжоў заклікаў суграмадзянаў да бестэрміновага агульнабеларускага страйку, які прапаноўваў распачаць 4 ліпеня. Але гэтая ініцыятыва не была падтрыманая. Таксама ён далучыўся да прапановы яшчэ аднаго былога віцебскага экс-прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Уладзімера Правальскага, які абвясьціў пра пачатак падрыхтоўкі да рэфэрэндуму за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG