Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"З боку Расеі вядзецца сьвядомая палітыка на ўключэньне Беларусі ў сваю сфэру ўплыву"


Словы прэм'ер-міністра Расеі Уладзімера Пуціна пра тое, што аб'яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву "магчыма, вельмі пажадана" зноў ажывілі дыскусію аб пагрозах беларускай незалежнасьці. Ці адбылася Беларусь як паўнацэнная незалежная дзяржава за 20 гадоў сувэрэнітэту? Ці існуе сёньня пагроза беларускай незалежнасьці і ад каго яна сыходзіць? Ці скончыўся працэс нацыябудаваньня ў Беларусі?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Праскі акцэнт", якая выйдзе ў эфір 7 жніўня, адказваюць лідэр руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч, палітоляг Юры Чавусаў і расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі. Прапануем некаторыя фрагмэнты гэтай праграмы.

Мілінкевіч: З моманту пачатку размовы пра "саюзную дзяржаву", спробаў стварыць канстытуцыю гэтай дзяржавы спробаў інтэгравацца эканамічна пагроза беларускай незалежнасьці існуе, яна цалкам рэальная. Зараз такі момант, калі пра палітычнае аб'яднаньне ніхто не вядзе рэальнай размовы, але пагроза эканамічнага аб'яднаньня вельмі сур'ёзная….

На Беларусі не было сапраўднай прыватызацыі, і зараз гэта момант наступае. Хто будзе манапольным валадаром асноўных актываў беларускай эканомікі, той, безумоўна, будзе ўплываць і на фармаваньне парлямэнту, і на палітыку медыяў, і на абраньне прэзыдэнта. У гэтым вялікая небясьпека. Нашы суседзі рабілі ўсё, каб адна дзяржава не завалодала ўсімі актывамі падчас прыватызацыі.

Радзіхоўскі: Я ня ведаю, чаго Пуцін хоча, але як нармальны разумны чалавек, ён цудоўна разумее, што ніякага аб'яднаньня Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву ня будзе. Гэта відавочна для ўсіх. На дзяржаўна-юрыдычным узроўні гэта ўвогуле абсурд. Я гэта гаварыў мільён разоў раней, у сытуацыях, калі гэта больш актыўна абмяркоўвалася. Магу толькі паўтарыць, што наколькі мне вядома, у апошняй гісторыі не было выпадкаў аб'яднаньня дзяржаваў, акрамя "добраахвотнага" уваходжаньне Прыбалтыйскіх рэспублік у склад СССР. Пасьля гэтага я ня ведаю прыкладаў, каб дзяржава адмовілася ад свайго сувэрэнітэту і аб'ядналася з іншай дзяржавай.

Зараз ніхто не зьбіраецца акупаваць Беларусь, а добраахвотна ад сувэрэнітэту не адмаўляюцца. Адзіны прэцэдэнт – гэта ГДР, але гэта прыклад адной, адзінай, падзеленай дзяржавы, якую штучна штыкамі трымалі ў розных лягерах. Расея і Беларусь – гэта дзьве розныя дзяржавы, ніхто іх сілай не падзяляе, і ні пра якое юрыдычнае аб'яднаньне размовы ісьці ня можа.

Чавусаў: На дадзены момант з боку Расеі вядзецца сьвядомая палітыка не на юрыдычную ліквідацыю дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, а на ўключэньне Беларусі ў сфэру ўплыву Расеі, на канвергэнцыю эліт, на тое, каб у Беларусі запанавалі тыя правілы гульні, якія існуюць для расейскай палітычнай эліты. Гэтай задачы падпарадкаваная ў тым ліку і эканамічнай экспансія расейскага капіталу ў Беларусі. Яна палітычна скіроваецца, і ставіць за мэту ўключэньне Беларусі ў сфэру расейскай палітыкі.

"Праскі акцэнт" слухайце ў нашым эфіры ў нядзелю, 7 жніўня
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG