Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Бяляцкага дапыталі ў прысутнасьці адваката


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
5 жніўня ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю адбыўся допыт кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага, якога падазраюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

5 жніўня супрацоўніца прэсавай службы Камітэту дзяржкантролю, куды ўваходзіць Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, нічога ня здолела паведаміць адносна справы Алеся Бяляцкага:

"Калі нешта і будуць камэнтаваць, то гэта з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. У нас пакуль ніякіх зьвестак няма. Нават ня можам сказаць, ці праўда, што Бяляцкага дагэтуль трымаюць у ДФР".

З Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю камэнтару адносна справы Алеся Бяляцкага цягам дня не было.

Дзе трымаюць Алеся Бяляцкага? На пачатку дня яшчэ былі зьвесткі, што кіраўніка "Вясны" трымалі ноччу ў ізалятары на Акрэсьціна, але пазьней праваабаронцы высьветлілі, што з будынка ДФР на вуліцы Пятруся Броўкі Бяляцкага нікуды не вывозілі з 4 жніўня. Перадачу з вады, харчоў і сродкаў гігіены, якую спрабавалі перадаць Бяляцкаму, не прынялі, але жонка затрыманага Натальля Пінчук усё ж здолела зь ім пабачыцца і нават пакарміць. Натальля сказала, што Алесь перадаваў усім прывітаньне і падзяку за салідарнасьць, але ад камэнтару для мэдый адмовілася, спаслаўшыся на стому.

Прыкладна а гадзіне дня ў ДФР пачаўся допыт Алеся Бяляцкага. Перад допытам сваякі, праваабаронцы і журналісты на хвіліну пабачылі аднаго са сьледчых, які патлумачыў, чаму не прынялі перадачу для Бяляцкага. Маўляў, толькі таму, што далейшы лёс затрыманага яшчэ ня вызначаны. Праваабаронца Тацяна Равяка перадала словы сьледчага:

Тацяна Равяка

"Сьледчы сказаў, што пасьля допыту падзеі могуць разьвівацца па трох сцэнарах. Самы аптымістычны — што падазрэньні зь Бяляцкага будуць зьнятыя, яго вызваляць з-пад варты і ён зможа пайсьці дамоў. Другі, што Алеся могуць затрымаць без выстаўленьня абвінавачаньня. Гэта можа адбывацца цягам 10 дзён да выстаўленьня абвінавачаньня. І трэці — што абвінавачаньне могуць выставіць ужо сёньня, і тады Бяляцкага зьмесьцяць пад варту на час сьледзтва".

Карэспандэнт: "З таго часу новая інфармацыя ёсьць?".

"Допыт працягваецца, і мы чакаем ад адваката інфармацыі, які з варыянтаў будзе рэалізаваны".

Абараняе Алеся Бяляцкага адвакат Зьміцер Лаеўскі. Карэспандэнт "Свабоды" бачыўся з адвакатам каля будынка ДФР перад допытам Бяляцкага. Ад камэнтару адвакат адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што яшчэ незнаёмы з падрабязнасьцямі справы. Ад адваката толькі стала вядома, што ў першай палове дня ён падаў скаргу на незаконнае, як лічыць адвакат, утрыманьне Алеся Бяляцкага ў будынку ДФР з 4 жніўня.

Калегі кіраўніка "Вясны" кажуць, што перакананыя ў невінаватасьці Алеся Бяляцкага і ў тым, што ён сваёй віны не прызнае.

Паводле праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча, прыкладна ў 16 гадзінаў 20 хвілін допыт Алеся Бяляцкага быў скончаны, але адвакату не было паведамлена, якое рашэньне прынялі ў ДФР адносна Алеся Бяляцкага.



Паводле зьвестак, Алесь Бяляцкі падазраецца ў злачынстве, якое прадугледжанае 2 часткай 243 артыкула Крымінальнага кодэксу — ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Праваабаронцу пагражае 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG