Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэнсіі былых кіраўнікоў дзяржаваў?


Мубарак у ложку ў судовай залі
Мубарак у ложку ў судовай залі
У сакавіку 2011 году ўрад Эгіпту прызначыў экс-лідэру краіны Хосьні Мубараку пэнсію па старасьці 339 даляраў ЗША і дадатковую ваенную пэнсію за выслугу гадоў на пасадзе маршала авіяцыі. Памер ваеннай пэнсіі не называецца, бо гэтая інфармацыя лічыцца ў Эгіпце дзяржаўнай таямніцай.

Тым часам, 3 жніўня 2011 года пачаўся суд над Хосьні Мубаракам, які, акрамя іншага, абвінавачваецца таксама ва ўзбагачэньні за кошт дзяржавы.

Інтэрнэт-сайт mojazarplata.by падае лічбы пэнсіяў некаторых іншых былых кіраўнікоў дзяржаваў

Памер пэнсіі першага і адзінага прэзыдэнта СССР - Міхаіла Гарбачова - 13866 даляраў ЗША ў месяц. Першы прэзыдэнт Расійскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын атрымліваў пэнсію, якая складала 75% ад службовага акладу на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Аналягічная схема прадугледжана і для дзейнага прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева пасьля яго выхаду на пэнсію.

Прэзыдэнт Грузіі ў адстаўцы Эдуард Шэварнадзэ амаль год жыў на свае ашчаджэньні, пакуль дзейны прэзыдэнт краіны Міхаіл Саакашвілі ня "ўспомніў" аб папярэдніку, прызначыўшы для Шэварнадзэ ў 2005 годзе штомесячную пэнсію ў памеры 410 даляраў ЗША.

Экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, выйшаўшы ў адстаўку, у якасьці пэнсійнага ўзнагароджаньня атрымаў загарадныя апартамэнты з абслугай. Памер пэнсіі экс-кіраўніка дзяржавы - 1376 даляраў ЗША ў месяц.

Аскару Акаеву - першаму прэзыдэнту Кыргызстану, пазбаўленаму уладамі краіны статусу экс-лідэра нацыі, пакладзеная пэнсія па выслузе гадоў. Акрамя гэтага, палітык можа разьлічваць на стыпэндыю, прызначаную для чальцоў Нацыянальнай Акадэміі навук Кыргызстану. Згодна з законамі Кыргызстану, Аскар Акаеў, які цяпер жыве ў Маскве, мае права атрымоўваць гэтыя грошы, калі зьвернецца ў адпаведныя дзяржаўныя органы з дакумэнтамі і заявай аб сацыяльных выплатах.

Сорак другі прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан атрымлівае пэнсію ад дзяржавы ў памеры 15 500 долараў ЗША ў месяц. За сем гадоў - з 2000 па 2007 гады - сацыяльныя адлічэньні тагачаснага прэзыдэнта склалі 1217250 даляраў ЗША. Афіцыйны памер пэнсіі 43-га прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага – 15 942 даляраў ЗША ў месяц. Аднак "на рукі" палітык атрымлівае каля 30 500 даляраў ЗША штомесяц дзякуючы розным надбаўкам. Штомесячная пэнсія ягонага бацькі, таксама прэзыдэнта ў адстаўцы - Джорджа Буша-старэйшага - складае 65 500 даляраў ЗША.

На якую пэнсію можа разьлічваць былы прэзыдэнт Беларусі?
Згодна з Законам "Аб Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь", былому прэзыдэнту краіны ў выпадках адстаўкі, датэрміновага вызваленьня ад займанай пасады і заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў павінна ўсталёўвацца пэнсія ў вызначаным заканадаўствам памеры і падавацца дзяржаўнае жыльлё ў выбраным ім населеным пункце краіны. Фіксаваны памер пэнсіі экс-прэзыдэнта не называецца.

Цяперашні прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка 9 верасьня 1997 году падпісаў дэкрэт № 16 аб «упарадкаваньні пэнсіяў за асаблівыя заслугі перад беларускім народам». Паводле гэтага дэкрэту, былі пацьверджаныя высокія пэнсіі былым найвышэйшым функцыянэрам ЦК КПБ, а вось былым старшыням Вярхоўнага Савету незалежнай Беларусі прызначылі фіксаваныя пэнсіі у памеры 3200 рублёў на месяц.

Сярод былых старшыняў, Мечыслаў Грыб атрымоўвае больш высокую вайсковую пэнсію, Сямён Шарэцкі зьехаў за мяжу, Георгі Таразевіч памёр, а вось Станіслаў Шушкевіч дагэтуль мае менавіта такую пэнсію, якая цяпер паводле курсу чорнага рынку складае менш за паўдаляра. Шушкевіч спрабаваў праз суд дабіцца пералічэньня пэнсіі з улікам інфляцыі, але суд яму ў гэтым адмовіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG