Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад маўклівых акцыяў — да Народнага сходу


Акцыя маўклівага пратэсту ў Менску
3 жніўня ўпершыню за два апошнія месяцы ў Менску і рэгіёнах не адбыліся акцыі маўклівага пратэсту. Гэтым разам інтэрнэт-супольнасьць "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" не прапаноўвала сваім удзельнікам выходзіць на загадзя прызначаныя месцы. Такім чынам, акцыя супраціву замарожваецца на нявызначаны час.

У правядзеньні акцыяў пратэсту арганізатары зрабілі перапынак. Колькі ён працягнецца, пакуль невядома. Выказваюцца меркаваньні, што неабходны пэўны час, каб набрацца моцы і новых ідэяў.

"Лягічным" назваў гэтае рашэньне ў размове са "Свабодай" палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

"Хоць самі лідэры-ініцыятары кажуць пра сябе, што яны не арганізатары, а толькі адміністратары, і ўсё ідзе зьнізу, — усё адно каардынацыя гэтая адчувалася. І я думаю, што, валодаючы гэтымі вагарамі, варта было злавіць момант піку гэтых акцыяў, каб прыгожа і больш элегантна зрабіць гэтую паўзу. Арганізатары постфактум прызналіся, што ім не хапіла досьведу і ў гэтым сэнсе яны нарабілі памылак.

І ўсё ж варта найперш падкрэсьліць не памылкі, а тое, што сваю ролю гэтыя акцыі адыгралі. У тым сэнсе, што яны паказалі моц новых тэхналёгіяў. І яны паказалі таксама, што грамадзтва не скарылася, не збаялася, што пратэстны патэнцыял ёсьць.

Я думаю, што ў новых варунках, а яны будуць складанымі і для ўлады, і для грамадзтва, гэта яшчэ спрацуе. І падчас нейкіх новых забурэньняў, новай хвалі пратэстаў яны будуць рэалізоўвацца, у тым ліку і ў гэтых новых формах — празь сеціва, праз інтэрнэт".

Сябра арганізацыйнага камітэту па стварэньні "Беларускага руху" Вінцук Вячорка кажа, што трэба паважаць дэмакратычнае рашэньне саміх удзельнікаў інтэрнэт-супольнасьці пра часовае спыненьне акцыі:

"Чыста такі творчы, для абазнаных, пратэст з дэманстратыўнай тэатралізацыяй, пэўна, дайшоў да сваёй верхняй мяжы. Наша ўлада паказала, што, у адрозьненьне ад польскай улады часоў Ярузэльскага, яна не баіцца выглядаць сьмешна, недарэчна, абуральна. А як інакш, калі дубасілі людзей, якія нічога наагул не рабілі?! Бо калі ў Польшчы былі акцыі тэатру "Памаранчавая альтэрнатыва", там ва ўлады хапала мазгоў не чапаць актораў і тых, хто да іх далучаўся.

Ясна, што рызыкаваць, ісьці на заведамае зьбіцьцё альбо арышт людзі ўсё ж мусяць за ясьней сфармуляваную ідэю. І, напэўна, настае час якраз такой — ясьней сфармуляванай ідэі".

Магчыма, новую ідэю ўдзельнікі маўклівых акцыяў знойдуць сумесна з арганізатарамі восеньскіх Народных сходаў. Пра такі варыянт "Свабодзе" сёньня сказаў Аляксандар Сьцепаненка — актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі, які сам адседзеў пяць сутак за ўдзел у згаданых акцыях:

"Трэба аб'ядноўвацца. Цяпер, як ніколі, не павінна быць ніякіх разыходжаньняў. Трэба працаваць супольна".

Не адмаўляюцца ад кантактаў і арганізатары Народных сходаў. Пра гэта сёньня сказаў і адзін зь лідэраў незалежных прафсаюзаў Генадзь Фядыніч:

"Акцыя, якая называецца "Народны сход", адчыненая для ўсіх. І таму любую ініцыятыву, якая будзе паходзіць ад грамадзянаў, мы прымем. І будзем працаваць разам, каб гэта лепей атрымалася".

Усяго ў Беларусі на працягу апошніх месяцаў адбылося дзесяць падобных акцыяў. Падчас іх затрымана каля дзьвюх тысяч чалавек.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG