Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рубель абясцэньваюць чыноўнікі


Пасьля некалькіх месяцаў адноснай стабільнасьці на адзнацы 6000—6200 рублёў за 1 даляр беларуская нацыянальная валюта зноў пачала страчваць вартасьць. Цяпер на чорным рынку валютчыкі просяць за даляр 6500 рублёў і больш.

Але ў той час як попыт на замежныя грошы не задавальняецца і застаецца па-ранейшаму высокім, а легальная прапанова адсутнічае, набываць даляры ды эўра па завышаным курсе гатовыя ня ўсе. Чыноўнікі тым часам працягваюць раздаваць абяцаньні, што парадак на валютным рынку будзе наведзены ўжо неўзабаве.

Сьледам за валютчыкамі адкарэктавалі прывязку рубля да асноўных валют інтэрнэт-крамы і гандляры на рынках: бальшыня цяпер пачынае пералік ад 6500 рублёў за даляр. Між тым, на думку прадпрымальніка Аляксандра Макаева, да чарговых хваляваньняў на фінансавым рынку найперш прывялі заявы высокіх чыноўнікаў. У прыватнасьці, нядаўна прызначаная старшынёй Нацыянальнага банку Надзея Ермакова наўпрост заявіла: яшчэ не надышоў час свабодна прадаваць валюту:

Аляксандар Макаеў

"Курс узьняўся, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы заявам Ермаковай пра тое, што будуць нейкія радыкальныя крокі на ўсталяваньне адзінага курсу рубля. То бок крыху паніка пайшла зь ценявога сэктару, куды — з-за немагчымасьці набыць валюту легальна — перайшлі значныя грашовыя патокі. Увогуле я лічу глупствам, калі кіраўнік Нацбанку пачынае рабіць заявы кшталту таго, што, маўляў, навошта вам, народ, увогуле гэтая валюта? І калі яна кажа, што ўсё жыцьцё ў банкаўскай сфэры працуе, то такія выказваньні папросту амаральныя. Такія заявы ўрэшце прыводзяць да таго, што і адбываецца. Можна малоць языком, але ж трэба ведаць, што менавіта, каб не выклікаць адваротную рэакцыю. Таму ў дадзенай, і без таго нэрвовай, сытуацыі паводзіць сябе трэба вельмі акуратна".

Тэндэнцыі на наяўным валютным рынку збольшага адлюстроўваюць сытуацыю на міжбанкаўскай біржы. Вольнага доступу да валюты ў імпартэраў таксама няма, таму бальшыня апэрацыяў ажыцьцяўляецца ў ценявым сэктары, дзе даляр можна набыць па сярэднім курсе ў 7500 рублёў.

Нягледзячы на заявы ўрадоўцаў пра тое, што сытуацыя на валютным рынку неўзабаве нармалізуецца, экспэрты ня бачаць падставаў да аптымізму. Былы банкір Валеры Кругавы лічыць, што ва ўмовах, калі валютных уліваньняў у камэрцыйныя банкі няма, праца і біржы, і наяўнага сэктару будзе спаралізаваная:

"Рынак будзе стаяць цалкам. Пакуль ня зьявяцца істотныя крэдыты, валютная інтэрвэнцыя, біржа будзе стаяць і надалей. Сытуацыя сама сабой не ўтрасецца, як бы хто на гэта ні спадзяваўся і якімі б абяцаньнямі ўлады ні сыпалі. Альбо пакуль не забяруць у насельніцтва апошняе".

Карэспандэнт: "Адпаведна, наяўны рынак будзе цягнуцца за безнаяўным?".

наяўны курс абавязкова пацягнецца за безнаяўным ...

"А куды ён падзенецца? Я разумею, што калі сасуды зьвязаныя і там няма коркаў, няма фільтраў, то ўсё гэта працякае ў нашмат больш хуткіх часовых прамежках. Аднак ва ўмовах Беларусі гэтыя сасуды — у дадзеным выпадку біржавы і наяўны рынкі — маюць паміж сабой масу коркаў, а значыць, працэс папросту замаруджваецца. Але ўсё роўна гэта як вада, яна ўсюды прасочыцца, таму, натуральна, нікуды гэтая прывязка не падзенецца. І наяўны курс абавязкова пацягнецца за безнаяўным".

Спадарыня Ермакова, заступаючы на пасаду, заявіла: каб валюта зьявілася ў дастатковай для ўсіх колькасьці, яе трэба ці пазычыць, ці зарабіць. Аднак, як лічыць эканаміст Уладзімер Карагін, пры цяперашнім раскладзе абодва варыянты выглядаюць малаверагоднымі. Пазычаць краіне, фінансавая сыстэма якой фактычна збанкрутавала, ніхто не сьпяшаецца. Дый зарабляць маральна састарэлыя беларускія прадпрыемствы, якія павальна трымаюцца на дзяржаўных датацыях, так і не навучыліся:

Уладзімер Карагін

"Можна, вядома, спадзявацца на нейкі аптымістычны расклад. Іншая справа, ці ёсьць для такога аптымізму падставы? Сёньня неабходная сур'ёзная рэформа абсалютна ўсяго сэктара нашай прамысловасьці, нашай эканомікі; рэформа падыходаў, мэханізмаў прыватна-дзяржаўнага ці дзяржаўна-прыватнага партнэрства. Бяз гэтага, натуральна, сама сабой не праявіцца эфэктыўнасьць нашай эканомікі, ня зьявяцца ніадкуль патрэбныя мэханізмы рэгуляваньня. Адпаведна, мы ня зможам быць паўнавартаснай канкурэнтаздольнай дзяржавай на ўсясьветным рынку. Як вынік, пры адсутнасьці канкрэтных захадаў будуць па-ранейшаму гэтыя нэгатыўныя зьявы ня толькі заставацца, назапашвацца, але і імкліва пашырацца".

Улады вырашаюць фінансавыя праблемы па-свойму: уключаюць станок, друкуючы нічым не забясьпечаныя грошы. Сёньня падчас паседжаньня Савету міністраў першы віцэ-прэм'ер Сяргей Румас прызнаў: нягледзячы на крызісныя зьявы ў эканоміцы, рост эмісійнага крэдытаваньня ў І паўгодзьдзі захоўваўся. Маўляў, многія распачатыя праекты не забясьпечаныя рэальнымі крыніцамі фінансаваньня, таму рублі даводзіцца друкаваць. Старшыня ўраду Міхаіл Мясьніковіч загадаў, каб падобнае рашэньне праблемаў было спыненае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG