Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія сэнатары заклікаюць не даваць крэдыт Менску


У калектыўным лісьце на імя Цімаці Гэйтнэра, кіраўніка амэрыканскага прадстаўніцтва ў МВФ, шэсьць сэнатараў заклікаюць яго галасаваць супраць выдзяленьня крэдыту Беларусі. Сэнатары лічаць, што даць цяпер крэдыт Беларусі супярэчыла б інтарэсам ЗША і Эўразьвязу.

Сэнатары падкрэсьліваюць, што цягам апошніх месяцаў ЗША і Эўразьвяз рэагуюць на падзеі ў Беларусі супольнымі крокамі. Яны вітаюць гэтае супрацоўніцтва і асабліва меры ў дачыненьні да тых, хто адказны за фальшаваньне прэзыдэнцкіх выбараў, жорсткае падаўленьне грамадзянскай супольнасьці і рэпрэсіі супраць апазыцыйных лідэраў, кандыдатаў у прэзыдэнты. Сэнатары лічаць, што такое супрацоўніцтва цяпер павінна быць пашыранае і на поле МВФ.

«Крэдыт МВФ у гэты час супярэчыць як інтарэсам ЗША, так інтарэсам ЭЗ, – адзначаецца ў лісьце. – Нягледзячы на мільярды даляраў дапамогі, якія раней Беларусь атрымала ад міжнародных структураў (у тым ліку 3,5 млрд. даляраў на працягу двух апошніх гадоў ад МВФ), беларускі ўрад ня змог правесьці асноўныя структурныя рэформы, якіх чакаў ад краіны Міжнародны Валютны Фонд. Наадварот, урад праводзіць безадказную і разбуральную эканамічную палітыку пад аўтарытарным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, арыентаваную на яго асабістыя мэты. Так, напярэдадні выбараў урад Лукашэнкі рэзка павысіў зарплату ў дзяржсэктары, каб заручыцца падтрымкай электарату, што, на думку МВФ, было адной з асноўных прычын цяперашняга эканамічнага крызісу.»

Сэнатары заклікаюць Цімаці Гэйтнэра публічна заявіць, што бяз вартых даверу палітычных і эканамічных рэформаў – уключна з неадкладным і безумоўным вызваленьнем палітычных вязьняў – ЗША ня будуць падтрымліваць ніякую далейшую дапамогу МВФ Беларусі. У адваротным выпадку сэнатары прапануюць працягваць ціск на рэжым, у тым ліку праз увядзеньне дадатковых санкцый супраць такіх дзяржаўных прадпрыемстваў як Беларуськалій, Белтрансгаз, МТС, МАЗ, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод ці Нафтан.

«Беларускія людзі, што змагаюцца за свабоду і дабрабыт, чаго рэжым Лукашэнкі пазбаўляе іх на працягу амаль двух дзесяцігодзьдзяў, павінны быць упэўненыя: міжнародная супольнасьць свабодных народаў адзінадушна стаіць на іх баку. Гэтаксама кіруючыя колы Беларусі павінны ведаць: пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, яго безразважная і рэпрэсіўная палітыка ня будзе субсідавацца міжнароднай супольнасьцю, » – так завяршаюць свой ліст сэнатары Джозэф Лібэрман, Рычард Дурбін, Бэнжамін Кардын, Марк Кірк, Джон Макэйн і Джын Шагін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG