Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над удзельнікамі несанкцыянаванай акцыі ў Брузгах абвясьцілі закрытым


Суд Ленінскага раёну Горадні задаволіў хадайніцтва прадстаўнікоў УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, якія выставілі пазоў да актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту на памежным пераходзе ў Брузгах 12 чэрвеня. Суд задаволіў хадайніцтва на падставе таго, што ў справе ёсьць дакумэнты толькі для службовага карыстаньня.

Сёньня адбывалася другое паседжаньне суду. Сярод адказчыкаў у залі суду — прадстаўнікі ўсіх памежных раёнаў Гарадзеншчыны: з Ваўкавыску, Бераставіцы, Горадні, Шчучына.

Адметнасьць справы ў тым, што пазоў, пададзены ў інтарэсах упраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму і Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, разглядаецца адразу да 36 удзельнікаў акцыі. Праўда, сёньня на працэсе прысутнічалі толькі 24 адказчыкі.

Большасьць часу сышла, пакуль судзьдзя агалошвала прозьвішчы адказчыкаў і спраўджвала іх яўку. Потым адразу з хадайніцтвамі выступілі прадстаўнікі абласной міліцыі і запатрабавалі зрабіць працэс закрытым.

Пазоў міліцыянтаў аб закрытасьці працэсу падтрымалі пракурор і прадстаўнікі мытні. 24 адказчыкі ўсталі і голасна заявілі, што хочуць адкрытага суду, але іх думку судзьдзя не ўлічыла.

Далей стала вядома, што прадстаўнікі і абласной міліцыі, і рэгіянальнай мытні зьмянілі сумы пазоваў. Міліцыянты з шасьці з паловай мільёнаў павялічылі суму да 11 мільёнаў 115 тысяч, а мытнікі, наадварот, панізілі — з 152 тысяч да 52 тысяч рублёў.

Адказчыкі, у сваю чаргу, не разумеюць сутнасьці пазову і кажуць, што страты міліцыі павінна несьці дзяржава, а яны ўжо раней за свае дзеяньні былі асуджаны адміністратыўным судом да штрафаў ад 30 да 80 базавых велічынь.

Спадарыня: "Шмат якія патрабаваньні абсалютна незразумелыя. Да прыкладу, у прадстаўніка мытні пыталіся, на якой падставе яны разьлічылі пазоў — ён ня мог адказаць. У міліцыянтаў пыталіся — чаму да адказнасьці прыцягнулі 36 чалавек, калі нас было больш за 200. Яны нічога не камэнтуюць, от, каго захацелі, таго і выбралі".

Цікава, што 36 адказчыкаў ня маюць адваката і сёньня самі казалі, што многія зь іх ня могуць нават правільна сфармуляваць у судзе свае пытаньні і патрабаваньні. Пасьля сёньняшняга паседжаньня, калі працэс зрабілі закрытым, адказчыкі вырашылі, што сытуацыю з адвакатам яны зьменяць ужо заўтра.

А вось што казалі некаторыя зь іх пра тое, што працэс зрабілі закрытым:

Спадар: "Я думаю, што там ніякай сакрэтнай інфармацыі няма. Проста яны пабаяліся, што ў залі прысутнічаюць журналісты, а значыцца, уся гэтая іх справа можа стаць даступнай для сьвету".

Другі спадар: "Ня хочуць, каб гэта стала вядома грамадзкасьці. Я лічу, яны баяцца…".

Працяг працэсу заўтра а 10.30.

Пракуратура Гарадзенскай вобласьці падала ў суд пазоў да 36 актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага пікету на памежным пункце пропуску "Брузгі". Пазоў пададзены ў інтарэсах упраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму і Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. У ім утрымлівалася патрабаваньне кампэнсацыі стратаў на суму звыш 11 мільёнаў рублёў.

Увечары 12 чэрвеня на памежным пераходзе "Брузгі" ў Гарадзенскай вобласьці каля 200 чалавек перакрылі дарогу, абураныя тым, што мытнікі не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія выяжджалі туды другі дзень запар. Мытнікі матывавалі свае дзеяньні рашэньнем ураду пра абмежаваньне і забарону вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў. Інцыдэнт доўжыўся тры гадзіны. Стыхійную акцыю спыніў спэцназ. 22 чалавекі былі затрыманыя і аштрафаваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG