Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злотнікаў: "Рэальныя заробкі і пакупніцкая здольнасьць насельніцтва падаюць"


З 1 жніўня ў Беларусі прыкладна на 13% павышаюцца пэнсіі. Адначасова абвешчана пра падвышэньне цэнаў на звадкаваны газ на газазапраўках — на 24%, і на газ для камунальна-бытавога спажываньня — на 23%. 2 жніўня абяцаюць назваць новыя кошты навучаньня на платных аддзяленьнях ВНУ. Тым часам цэны ў крамах растуць амаль штодня.

Сёлета ў Беларусі за першае паўгодзьдзе, паводле інфармацыі Белстату, быў зафіксаваны самы высокі ўзровень інфляцыі за апошнія 10 гадоў — 136,2%.

Працоўныя пэнсіі з пачатку году павышаюць ужо другі раз, і зноў прыкладна на 13%. Паводле разьлікаў эканаміста Леаніда Злотнікава, у параўнаньні са сьнежнем грашовыя даходы насельніцтва павысіліся ў меншай ступені, чым вырасьлі цэны — інфляцыя была вышэйшая, чым рост рэальных даходаў насельніцтва:

Леанід Злотнікаў

"Калі мы возьмем два падвышэньні пэнсіяў, агульнае падвышэньне будзе ў параўнаньні з пачаткам году дзесьці працэнты на 22—23. А за гэты час цэны, паводле афіцыйнай статыстыкі, вырасьлі больш чым на 36%. Гэта значыць, што рэальная пэнсія панізілася, нягледзячы на тое, што 2 разы яе павышалі. З заробкамі тое ж самае. Тэмпы росту намінальных заробкаў адставалі ад тэмпаў росту інфляцыі прыкладна ў 2 разы. Гэта значыць, што рэальныя заробкі ў параўнаньні з апошнім месяцам мінулага году таксама падалі — то бок пакупніцкая здольнасьць заробкаў і пэнсіяў падала".

На думку эканаміста Сяргея Чалага, у гэтым і была ідэя ўраду — каб даходы насельніцтва расьлі меншымі тэмпамі, чым інфляцыя:

Сяргей Чалы

"Гэта цалкам сьвядомая палітыка. Кампэнсацыя, вядома ж, меншымі тэмпамі ідзе, яна заўсёды будзе адставаць, прынамсі ў апошні час. Проста пра гэта не гаворыцца, але менавіта так робіцца. То бок нашы ўлады перакананыя, што даходы былі занадта вялікія, і цяпер трэба іх тым ці іншым чынам панізіць. Можна было гэта зрабіць зьніжэньнем намінальных даходаў, а можна — павышэньнем пэнсіяў і заробкаў тэмпамі меншымі, чым інфляцыя. Вынік будзе той жа самы".

Простыя грамадзяне ня вельмі радасна рэагуюць на чарговыя павышэньні пэнсіяў і бюджэту пражытковага мінімуму:

"У нашай краіне любяць казаць толькі пра тое, што павышаюць пэнсіі, заробкі бюджэтнікам. Толку ад гэтых павышэньняў! Чамусьці пра тое, што кошты ў крамах "радуюць" (у двукосьсі) — пра гэта ўсе маўчаць. На 100, на 200, на 300 рублёў даражэюць штодня тваражкі, хлеб, батон, сыр, сьмятана, ня кажучы ўжо пра далікатэсы. Усё паўзе ўверх".

Істотны рост коштаў заўважыў і Дзяржаўны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь: за першае паўгодзьдзе рэкардсмэны па росьце коштаў — крупы (у сталіцы проса падаражэла на 332%, рыс і грэчка — больш чым на 220%), кава і гарбата — на 209% і 201% адпаведна, а таксама рыба, мяса птушкі, садавіна і гародніна — больш як на 170%. Сярод прамысловых тавараў у лідэрах — тавары бытавой хіміі і мыйныя сродкі: 215%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG