Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы вязень Глыбоцкай калёніі засьведчыў, што там "рэзаліся" на знак пратэсту


У Менску ў офісе АГП прайшла прэсавая канфэрэнцыя былых вязьняў Глыбоцкай калёніі № 13 і сваякоў вязьняў, якую наладзіла грамадзкая арганізацыя "Плятформа".

Выступоўцы паведамілі пра факты зьбіцьця вязьняў калёніі, зьдзек над імі з боку адміністрацыі ды іншыя выпадкі, якія прывялі да такой формы пратэсту, як спробы суіцыду. Ён назваў імёны тых, хто пацярпеў і пратэставаў, парэзаўшы сябе: гэта Мікалай Разуеў, Юрый Канцява, а таксама асуджаны, якога звалі Чыкін, і малады вязень Ільля.

Маці вязьня калёніі Ільлі Кавернікава Сьвятлана Пакунова распавяла, што яе сын пасьля зьбіцьця "мочыцца крывёю". "Іх там трымаюць у ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу), пакуль ня пройдуць сьляды зьбіцьця. Але ўсё роўна ў сына былі такія апухлыя рукі, што ён ня мог нічога трымаць. А на руцэ я бачыла сьляды парэзу", — распавяла Сьвятлана Пакунова пра кароткае спатканьне з 18-гадовым сынам, якія асуджаны на 2 гады за ўгон аўтамабіля.

Маці Усевалада Сяргеева Галіне Сяргеевай убачыцца з сынам не ўдалося. Чалавек, які вызваліўся з Глыбоцкай калёніі, паведаміў ёй праз тэлефон, што яе сына "надзвычай моцна зьбілі". Жанчына зьвярнулася да начальніка калёніі Ўладзімера Раманчука, які паабяцаў ёй кароткае спатканьне з сынам. Але спатканьня маці так і не атрымала. Да былога тэрміну пакараньня Ўсеваладу Сяргееву дадалі яшчэ 9 месяцаў нібыта за злачынства, зьдзейсьненае ўжо ў турме.

Сьведкі казалі, што скаргі на адміністрацыю калёніі ў Глыбокім да адрасатаў не даходзяць, а тых, хто скардзіцца, чакае помста. Таксама ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі казалі пра вельмі дрэннае мэдычнае абслугоўваньне ў калёніі і пра факты неаказаньня мэдычнай дапамогі тым, каму яна была патрэбная.

У МУС кажуць, што масавай спробы суіцыду на знак пратэсту ў калёніі № 13 у сярэдзіне ліпеня не было. У міліцыі паведамілі, што мелі месцы асобныя выпадкі ўжываньня сілы супроць вязьняў, якія парушылі турэмную дысцыпліну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG