Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргі двух грамадзян, якіх на афіцыйны Дзень незалежнасьці затрымалі ў Магілёве на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Пазьней Ленінскі суд Магілёва прызнаў Алега Дзьячкова й Аляксандра Сімановіча вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці. Сваёй віны хлопцы не прызнаюць. Затрыманьне й пакараньне лічаць незаконнымі.

Алег Дзьячкоў апынуўся ў аўтобусе міліцэйскага спэцназу 3 ліпеня пасьля таго, як кінуўся бараніць журналістку Ганну Ільіну ад невядомых асобаў у цывільным. Хлопец сьцьвярджае, што дзяўчыну гвалтам цягнулі ў аўтобус. Яна крычала, клікала на дапамогу. 8 ліпеня судзьдзя Ленінскага суду Ірына Сарока ацаніла ўчынак Алега Дзьячкова штрафам у 30 базавых велічыняў. Сёньня яго скаргу разглядаў судзьдзя абласнога суду Павал Клімаў. Ён не знайшоў падстаў, каб задаволіць пратэст Дзьячкова:

Алег Дзьячкоў

“Я ўсё ж спадзяваўся, што абласны суд адменіць рашэньне спадарыні Сарокі. Ня спраўдзіліся мае чаканьні. Я расчараваны, вядома. У іх, відаць, быў плян па затрыманьнях, і я, як кажуць, трапіў у агульную масу гэтых затрыманых без разбору. Далей абскарджваць ня буду, бо ня бачу ў гэтым сэнсу”, пракамэнтаваў рашэньне Клімава Алег Дзьячкоў.

Суду Алег Дзьячкоў прадставіў відэа таго, як яго затрымлівалі і як ён бараніў дзяўчыну. Судзьдзя Клімаў, аднак, доказ абароны кваліфікаваў як доказ віны:

“Лічу пастанову законнай і абгрунтаванай, а прадстаўленыя вамі дадатковыя матэрыялы не абвяргаюць законнасьць і абгрунтаванасьць дадзенай пастановы, а наадварот, пацьвярджаюць удзел Дзьячкова ў несанкцыянаваным шэсьці”, тлумачыў сваё рашэньне Павал Клімаў.


Засталася не задаволенай і скарга Аляксандра Сімановіча на пастанову судзьдзі Ленінскага суду Тацяны Пархоменкі. Судзьдзя 7 ліпеня вынес хлопцу папярэджаньне. Разглядаў яго пратэст сёньня судзьдзя Ўладзімер Навітанюк. Ён таксама не знайшоў падстаў для скасаваньня пастановы сваёй каляжанкі зь Ленінскага суду.

3 ліпеня Аляксандра затрымалі ў сквэры, дзе зьбіраюцца ўдзельнікі маўклівых пратэстаў. Сюды ён прыйшоў разам зь цяжарнай жонкай. Жонку не затрымалі. Яна чакала мужа некалькі гадзін на волі каля Ленінскага аддзелу міліцыі.

І Алега Дзьячкова, і Аляксандра Сімановіча 3 ліпеня адпусьцілі на волю. Дзьячкова паўторна затрымалі 7 ліпеня, а Сімановіча — 6 ліпеня. Ноч да суду яны праседзелі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Без затрыманьняў не абышлася і ўчорашняя маўклівая акцыя пратэсту ў Магілёве. На гадзіну зьняволілі яе ўдзельніка, які называе сябе Паўлам. Як ён кажа, у парушэньні правапарадку яго зьвінаваціў міліцыянт у званьні падпалкоўніка:

“Затрымалі мяне за тое, што я курыў у неналежным месцы, як яны сказалі. Гэта звычайная дзіцячая забаўная сытуацыя. Хлопцам некага трэба было за нешта забраць. У іх галоўная мэта — запалохаць. Я выходжу пратэставаць як грамадзянін гэтай краіны, які ў шоку ад таго, што адбываецца ў дзяржаве”, зазначае ўдзельнік маўклівага пратэсту Павал.

Паводле суразмоўцы, у Ленінскім аддзеле міліцыі на яго пратаколаў не складалі. Як ён сьцьвярджае, паводзілі міліцыянты сябе з выклікам. Павал кажа, што зноў прыйдзе на маўклівы пратэст.

У Магілёве ўчора ўвечары ўдзельнікаў маўклівага пратэсту было каля трох дзясяткаў. Удзень была спроба правесьці акцыю на Віленскім рынку. Прыйшлі на яе дзясятак чалавек.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG