Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкая культурная эліта напісала Лукашэнку


Нямецкія пісьменьнікі і дзеячы культуры, у тым ліку ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі, зьвярнуліся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, пратэстуючы супраць прыгнёту і цэнзуры ў Рэспубліцы Беларусь.

Як падае сайт Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ліст да кіраўніка Беларусі падпісалі старшыня Саюзу нямецкіх пісьменьнікаў Імрэ Торак ( Imre Török), старшыня Акадэміі мастацтваў Клаўс Штаек (Klaus Staeck), старшыня нямецкага ПЭН-клуба Ёгана Штрасер (Johano Strasser), лаўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Эльфрыда Елінэк (Elfriede Jelinek) і Герта Мюлер (Herta Müller), а таксама іншыя пісьменьнікі і дзеячы нямецкай культуры — усяго больш за 40 выбітных прадстаўнікоў літаратурнага і мастацкага асяродку Нямеччыны. Сьпіс тых, хто падтрымаў ініцыятыву, працягвае папаўняцца.

“Мы, інтэлектуалы і дзеячы культуры, асабліва ў Нямеччыне, востра адчуваем адказнасьць за дэмакратычныя свабоды”, — лічыць Імрэ Торак. Паводле яго словаў, перасьлед апазыцыянэраў, забарона неляяльных уладам СМІ, прыгнёт крытычна настроеных культурных дзеячоў недапушчальныя і вымагаюць асуджэньня з боку усіх дэмакратычных сілаў.

Асабліва востра нямецкія пісьменьнікі выступаюць супраць дзеяньня так званых “чорных сьпісаў” пісьменьнікаў і дзеячоў мастацтва, чые творы неабгрунтавана прызналі “шкоднымі для моладзі”, а таксама выцесьнілі з газэт і часопісаў, з перадачаў на радыё і тэлебачаньні, са сцэнаў канцэртных заляў і тэатраў. “Такая форма цэнзуры супярэчыць разуменьню свабоды і разнастайнасьці культуры і мастацтва”, — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай Саюзам нямецкіх пісьменьнікаў.

“Мы хочам асаблівым чынам выказаць сваю салідарнасьць з нашымі прыгнечанымі беларускімі калегамі, — тлумачыць Імрэ Торак. — А таму вырашылі перадаць гэты адкрыты ліст паслу Рэспублікі Беларусь у Бэрліне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG