Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Льготныя цэны на паліва для АПК застануцца


У Беларусі захаваецца дзяржаўнае рэгуляваньне цэн на нафтапрадукты для прадпрыемстваў аграрнага сэктара, паведамілі ў міністэрстве эканомікі Беларусі. Такім чынам там пракамэнтавалі пастановы Мінэканомікі №№105 і 107, зь якіх многія зрабілі выснову, што льготныя цэны адмяняюцца.

"Прыняцьце вышэйназваных пастановаў міністэрства эканомікі не азначае адмену цэнавага рэгуляваньня на нафтапрадукты, а абумоўлена неабходнасьцю прывядзеньня нарматыўных прававых актаў міністэрства ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі дзеючага заканадаўства па цэнаўтварэньні", – растлумачылі ў Мінэканомікі.

Там адзначылі, што ў адпаведнасьці з указам кіраўніка Беларусі №72, права рэгуляваньня цэн на нафтапрадукты (а выключэньнем нафтапрадуктаў, што рэалізуюцца ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія" па пералiку, якi вызначаецца ўрадам) прадастаўлена канцэрну "Белнафтахім". Дадзенае права канцэрн ажыцьцяўляе шляхам устанаўленьня адпускных і розьнічных цэн на нафтапрадукты (у тым ліку, што рэалізуюцца сельскагаспадарчым арганізацыям), а таксама гранічных і фіксаваных узроўняў аптовых надбавак.

Са свайго боку ў канцэрне "Белнафтахім" адзначылі, што з прыняцьцем гэтых пастаноў Мінэканомікі прынцыповай зьмены ў цэнаўтварэньні на паліва для прадпрыемстваў АПК не адбудзецца. "Цэны на нафтапрадукты для сельгасвытворцаў застануцца на ранейшым узроўні, нічога прынцыпова не мяняецца", – сказалі ў канцэрне.

Там таксама зьвярнулі ўвагу, што на бягучым тыдні "Белнафтахім" аддаў распараджэньне на адрас беларускіх НПЗ, згодна зь якім заводам загадана "праводзіць першачарговую адгрузку нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак для бесьперабойнага забесьпячэньня палівам сельскагаспадарчых арганізацый".

У канцэрне таксама адзначылі, што на прадпрыемствах "Беларуснафты" створаныя запасы паліва больш чым на 15 дзён працы. Пры гэтым за чэрвень і 18 дзён ліпеня сельскагаспадарчымі арганізацыямі рэспублікі выкуплена нафтапрадуктаў больш як 70% да графіка пастаўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG