Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міжнародная амністыя" асудзіла чарговае выкананьне сьмяротных прысудаў


"Міжнародная амністыя" усьлед за Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы і Эўразьвязам асудзіла чарговае выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі.

"Нядаўняе пакараньне беларуса, асуджанага за разбойны напад і забойства, ніяк не садзейнічае правасудзьдзю", — заявіла экспэрт "Міжнароднай амністыі" па Беларусі Хізэр Макгіл.

"Дакладная дата пакарання 28-гадовага Андрэя Бурдыкі невядомая. Хаця гэты чалавек учыніў жудасныя злачынствы, ён не павінен быў быць пакараны сьмерцю. Разам з Бурдыкам мог быць пакараны сьмерцю і Грышкаўцоў", — адзначыла Макгіл.

"Мы спачуваем сем'ям загінулых падчас абрабаваньня ў 2009 годзе, але новыя сьмерці не выпраўляюць гэту памылку. Пазбаўленьне дзяржавай жыцьця не зьяўляецца адэкватным адказам на праблему гвалтоўных злачынстваў у грамадзтве".

Паводле "Міжнароднай амністыі", практыка сьмяротнага пакараньня ў Беларусі "ўзмацняецца недасканалай сыстэмай крымінальнай юстыцыі, якая прымяняе сьмяротную кару такім чынам, што гэта парушае міжнароднае права і стандарты".

"Існуюць пераканаўчыя доказы таго, што для "прызнаньняў" выкарыстоўваюцца катаваньні і жорсткае абыходжаньне", — гаворыцца ў заяве, перадае БелаПАН.

Пра расстрэл гарадзенцаў Бурдыкі і Грышкаўцова стала вядома 20 ліпеня з публікацыі ў газэце "Вечерний Гродно". Маці Бурдыкі пацьвердзіла праваабаронцам гэту інфармацыю. "25 ліпеня жанчына была ў менскім сьледчым ізалятары № 1, дзе асуджаныя на сьмерць утрымліваліся пад вартай. Начальнік СІЗА пацьвердзіў выкананьне прысуду, жанчыне выдалі рэчы сына. Відаць, разам з Андрэем Бурдыкам быў пазбаўлены жыцьця і Алег Грышкаўцоў, бо абодва былі асуджаны ў межах адной крымінальнай справы", паведаміў праваабарончы цэнтар "Вясна".

Паводле праваабаронцаў, прысуды былі выкананыя ў пэрыяд з 11 па 19 ліпеня.

Грышкаўцоў і Бурдыка былі асуджаны да вышэйшай меры пакараньня Гарадзенскім абласным судом 14 траўня 2010 года. Іх прызналі вінаватымі на падставе адразу некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэкса – "забойства двух і больш асоб з асаблівай жорсткасьцю, зьвязанае з разбойным нападам", "разбой з нанясеньнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў", "наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці шляхам падпалу", "выкраданьне малалетняга групай асоб", "разбойны напад", "замах на крадзеж аўтамашыны" і "крадзеж дакумэнтаў". Пасьля вынясеньня прысуду асуджаныя прасілі кіраўніка краіны аб памілаваньні, але ім было адмоўлена.

Беларусь зьяўляецца адзінай дзяржавай у Эўропе, якая прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG