Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два беларусы, якія пацярпелі ў Маскве, пакінулі шпіталь


Дакладнай інфармацыі пра стан трэцяга пацярпелага грамадзяніна Беларусі пакуль няма. Паведамлялася, што гэта 19-гадовы брат іншага пацярпелага, Аляксандра Украінцава, аднак у маскоўскім шпіталі нашаму радыё сказалі, што акрамя Аляксандра Ўкраінцава іншых асобаў з такім прозьвішчам 23 ліпеня туды не паступала.

23 ліпеня каля 22.00 маскоўскага часу на станцыі маскоўскага мэтро «Охотный Ряд» 26-гадовы жыхар Растоўскай вобласьці, ураджэнец Паўночнага Каўказа, уступіў у канфлікт з трыма грамадзянамі Беларусі і пасьля слоўнай сваркі адкрыў па іх агонь з траўматычнага пісталета «Макарыч». Пра гэта паведаміў Інтэрфакс.

Агенцтва таксама паведаміла, што ў выніку абстрэлу 28-гадовы грамадзянін Беларусі атрымаў агнястрэльнае раненьне ніжняй сківіцы, 26-гадовы беларус -- раненьне жывата, яго 19-гадовы брат паранены ў галаву.

Пазьней агенцтва БелТА паведаміла, што траўму сківіцы атрымаў Ігар Семанчук, раненьне ў жывот -- Аляксандар Украінцаў. Імя трэцяга пацярпелага, паводле Інтэрфакса – брата Аляксандра Ўкраінцава, не паведамляецца.

Тры пацярпелыя былі дастаўленыя ў Першы гарадзкі шпіталь Масквы. Ігару Семанчуку і Аляксандру Украінцаву была аказаная мэдычная амбуляторная дапамога, пасьля чаго яны пакінулі шпіталь. Гэты факт нашаму радыё пацьвердзілі ў даведачнай службе шпіталя. Там жа нам сказалі, што акрамя Аляксандра Ўкраінцава ніякіх іншых асобаў з такім прозьвішчам 23 ліпеня ў шпіталь не паступала.

Малады чалавек, які страляў, затрыманы на месцы здарэньня. Супраць яго распачатая справа на падставе часткі 1 артыкулу 213 КК РФ (хуліганства), якая прадугледжвае максымальную санкцыю – пяць гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG