Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Цяпер апазыцыя ня ў стане аб’яднацца, але мусіць стаць суб’ектам палітыкі”


Пра гэта 23 ліпеня ў Магілёве заявіў лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Рух за свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сваім паплечнікам, якія сабраліся на абласную канфэрэнцыю. У ёй узялі ўдзел 38 дэлегатаў з васьмі раёнаў і гарадоў Магілёўшчыны. Актывісты пастанавілі зарэгістраваць абласную структуру “Руху за свабоду”.

Аляксандар Мілінкевіч першым выступіў на канфэрэнцыі. Палітык заявіў, што апазыцыя знаходзіцца ў сыстэмных крызісе ад 2007 году.

Мілінкевіч: “Калі краіна аўтарытарная, то мусіць быць яднаньне й левых і правых. У 2001 і 2006 годзе, на прэзыдэнцкіх выбарах, мы рэалізоўвалі
Мы пакуль ня сталі для народу альтэрнатывай гэтай уладзе ...

сцэнар каляровых рэвалюцыяў. Мы казалі тады людзям: “Выходзьце на плошчу, бо сапраўдных выбараў няма”. Такія сцэнары могуць быць выніковымі, калі ёсьць дэмакратычна абраны адзіны лідэр у апазыцыі. Дзевяць кандыдатаў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах – гэта памылка наша. Апазыцыя цяпер ня ў стане абраць адзінага лідэра. Калі мы цяпер гэтага ня можам зрабіць, то трэба хаця б арганізаваць нармальную дзейнасьць, падрыхтаваць супольную стратэгію, каб ведаць, што мы будзем рабіць хаця б на год наперад. Калі такое адбудзецца, то ёсьць шанец, што на нас паглядзяць як на нейкую супольную сілу. Апазыцыя павінна стаць у вачах людзей суб’ектам палітыкі. Мы пакуль ня сталі для народу альтэрнатывай гэтай уладзе”.

Сваім паплечнікам Аляксандар Мілінкевіч прапанаваў дзейнічаць так, каб у грамадзтве расьлі праэўрапейскія настроі:

“У мяне мара, каб рух стаў цэнтрам праэўрапейскіх, пранезалежнецкіх настрояў. Мы не падрыхтаваныя да ўступленьня ў Эўразьвяз. Нас туды цяперашніх ніхто і ня возьме. Але трэба імкнуцца да гэтага. Там ёсьць незалежны суд, там ёсьць абіральнасьць і кантроль за ўладай, там -- прэзыдэнт не імпэратар. Мы павінны думаць ня толькі пра бліжэйшыя выбары прэзыдэнта, але й пра тое, што будзе, калі Лукашэнка сыдзе, а ён можа пасьці даволі хутка. Палітычныя амбіцыі Руху – гэта калі мы, рухаўцы, разам з правацэнтрысцкімі сіламі ўтворым адзіную шырокую партыю, напрыклад Беларускую народную партыю, для якой незалежнасьць Беларусі абсалютная каштоўнасьць і вяртаньне ў Эўропу -- яе вялікая мэта. Нам трэба краіну выйграваць на выбарах, а ня толькі на плошчах”.

Кіраўніком Магілёўскай абласной арганізацыі руху “За свабоду” на канфэрэнцыі абраны Аляксандар Сілкоў. Ён мае падаць неабходны пакет дакумэнтаў ва Ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму для рэгістрацыі структуры.

Сілкоў: “Мы будзем рабіць усё, каб заваёўваць давер людзей. Будзем выходзіць у народ. Будзем абмяркоўваць разам зь людзьмі іх праблемы. Будзем ім тлумачыць: “Чаму Беларусь павінна быць Эўрапейскай” і як яны могуць рабіць, каб набліжаць гэтую Эўрапейскасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG