Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграміст у калёніі працуе дворнікам, архівіст робіць скрыні


Аляксандра Пратасеню ў пятніцу ў Бабруйскай калёніі наведалі родныя. Зьмітра Дразда перавялі з карантыну ў атрад. Яўгена Сакрэта амаль два месяцы трымаюць у карантыне. Зьміцер Дашкевіч сваё 30-годзе сустрэў у карцары. А Наста Палажанка ня можа знайсьці ягоны пашпарт.


Аляксандар, брат Андрэя Пратасені, 22 ліпеня езьдзіў разам з маці на першае спатканьне ў Бабруйскую калёнію. Распавёў, што праграміст Андрэй, які з чырвоным дыплёмам скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржунівэрсытэту, працуе зараз, мякка кажучы, не па спэцыяльнасьці:

Андрэй Пратасеня, архіўнае фота

"Крыху яго панізілі ў пасадзе – цяпер ён працуе дворнікам. Пажартаваў, што, маўляў, у працоўнай кніжцы былі запісы "інжынэр-праграміст", а цяпер працуе прыбіральшчыкам. Атрад больш-менш нармальны, праўда, пакуль ні з кім ён блізка не пасябраваў з-за асаблівасьцяў кантынгенту. Затое, кажа, што ператвараецца у "кніжнага чарвяка", шмат чытае, перачытвае ўсю бібліятэку мясцовую. Шмат чытае, шмат працуе,таму, кажа, і час хутка бяжыць, ня пасьпявае ў каляндарыку закрэсьліваць дні".

Зараз Андрэй чытае О'Генры – самае прыдатнае чытво ў месцах ня надта аддаленых. Такія кнігі дапамагаюць захаваць пачуцьцё гумару. На жыцьцё Андрэй ня скардзіцца, кажа Аляксандар Пратасеня:

"Харчаваньне, кажа, больш-менш, жыць можна. Рыба даюць на вячэру, кашы кожны дзень, а кашы ён любіць з дзяцінства. У камэры ў іх 15 чалавек, перанасяленьня не адчуваецца ў параўнаньні з Валадаркай. Ён жартуе, але сам кажа, што жартуе толькі з намі, таму што ў самой калёніі ня тая абстаноўка. Пры нас даволі шмат жартаваў, але запытваўся, як гэта выглядае з боку, ці адэкватныя яшчэ ў яго жарты. Кажа, што ўсьміхаецца толькі калі піша лісты і чытае кнігі".


Дзьмітрый Дрозд,
архіўнае фота

Валянціна Дрозд, маці навукоўцы-архівіста Зьмітра Дразда, які сядзіць таксама ў Бабруйскай калёніі, распавяла, што сына перавялі з карантыну у атрад:

"Ужо ў пятым атрадзе, яшчэ ні з кім не пазнаёміўся, толькі прыглядаецца, асвойваецца. Давялося расстацца з Сяргеем Казаковым, зь якім пасябраваў, вельмі шкадуе... Працуе, нейкія скрыні зьбівае. Чакае нас на спатканьне, каб мы хутчэй прыехалі..."


Яўген Сакрэт

А вось іншы вязень Бабруйскай калёніі Яўген Сакрэт амаль на два месяцы затрымаўся ў карантыне, распавяла ягоная сястра Ірына:

"У пятніцу быў разгляд касацыйнай скаргі ў гарадзкім судзе. Я загадзя ведала вынік. А так – пакутуе ў гэтым карантыне, піша, хутчэй бы ўжо гэту скаргу разгледзелі і перавялі ў атрад. Скардзіцца толькі, што надакучыла ў карантыне. Там звычайна два тыдні сядзяць, а ён ужо амаль два месяцы. У карантыне значна горш, чым у самой зоне, дзе і стадыён ёсьць, і царква, і клюб, і бібліятэка. А ў карантыне кшталту таго, што і на Валадарцы, я так разумею".

Маці Зьмітра Дразда спадарыня Валянціна скардзіцца, што вельмі доўга ідуць лісты з калёніі. Яна ня можа дачакацца спатканьня з сынам

"14 ліпеня Дзіма ліст пісаў, толькі 22-га ён прыйшоў. Таксама вельмі доўга ідуць лісты. Так доўга не было лістоў, ён звычайна часта піша. Пасылку яму вялікую паслалі, і грошы перавялі, каб змог патэлефанаваць. Калі пачую яго голас, буду вельмі шчасьлівая. Я так сумую па свайму хлопчыку..."


Зьміцер Дашкевіч

Палітвязьню Зьмітру Дашкевічу 20 ліпеня споўнілася 30 гадоў. Юбілей яму давялося сустрэць у карцэры Горацкай калёніі. Ягоная нявеста Наста Палажанка распавяла:

"Мне за месяц прыйшло ўсяго чатыры лісты. Я шакаваная. Адзін напалову замазаны, напалову абрэзаны. Выйдзе з карцэру Зьміцер толькі 25 ліпеня. Я пастараюся ў панядзелак адвезьці ў калёнію адваката, каб мець хоць нейкую інфармацыю пра тое, што ў яго адбывалася, што зараз ёсьць і як далей будзем рухацца. Але ў параўнаньні зь Івацэвіцкай калёніяй Горацкая неяк адваротную тактыку выкарыстоўвае. Я іх нават прысароміла: "А вось у Івацэвічах абстаноўка лепш". Яны ў адказ: "Вось і пераводзьце свайго Дашкевіча ў Івацэвічы!" Я пажартавала, што з задавальненьнем".

У Івацэвіцкай турме 22 ліпеня пабраліся шлюбам Павал Вінаградаў і Сьвятлана Гарохавік. На ўрачыстасьцях прысутнічалі бацькі маладых, сьведкі. Усім ім дазволілі паўгадзінамі паразмаўляць у Паўлам. А вось Сьвятлана атрымала доўгатэрміновае – ажно на трое сутак – спатканьне з Паўлам. Наста Палажанка шчыра парадавалася за маладых. Што тычыцца свайго шлюбу са Зьмітром Дашкевічам, распавяла:

"Гэта ж залежыць ад таго, калі знойдзецца пашпарт. У ЗАГС ня могуць быць накіраваныя дакумэнты без пашпарту чалавека. Я спадзяюся, што адміністрацыя Горацкай калёніі спраўдзіць свае абяцаньні і зробяць запыт, пра які я прасіла. Паралельна я прадублюю запыт у іншую установу – зараз накіроўваю ліст у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Да чыноўніка аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня ГУУС Сукалы я сёньня датэлефанавалася асабіста, ён сказаў, што пашпарт Дашкевіча яму не патрэбны. Я кажу: "Ну калі не патрэбны, дык вярніце". Ён адказаў, каб зьвярталася ў КДБ. А ў КДБ дагэтуль казалі, маўляў, зьвяртайцеся да Сукалы. Карацей, футболяць адзін да аднаго".

Зараз надзеі Насты Палажанкі – на адваката. Яна спадзяецца, што адвакату дазволяць сустрэцца са Зьмітром Дашкевічам у Горацкай калёніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG