Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясельле ў «Ваўчыных норах» адбылося. Жаніх быў у турэмнай робе


Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў
Сёньня ў Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы» пабраліся шлюбам Павал Вінаградаў і Сьвятлана Гарохавік. На ўрачыстую цырымонію дапусьцілі бацькоў і сьведак. Нявеста была ў чырвонай сукенцы, а жаніх, нягледзячы на дазвол пераапрануцца ў цывільнае, вырашыў застацца ў турэмнай робе.

Бацька жаніха Юры Вінаградаў паведаміў Радыё Свабода, што ўсё адбылося цудоўна:

«У калёніі вельмі добра паставіліся да вясельля. Па-чалавечы паставіўся намесьнік начальніка. І сьведкам, і родным далі пропускі, дазволілі ўбачыцца з Пашам. З намі было яшчэ адно вясельле, дык там нават родным ня ўсім дазволілі прысутнічаць».

Карэспандэнтка: «Такім чынам, у Івацэвіцкай калёніі сёньня два вясельлі было?».

«Так, дзьве пары расьпісваліся. Крыху, праўда, зацягнулася, бо чакалі, пакуль прыедзе прадстаўніца ЗАГСу расьпісваць. На КПП ёсьць адмысловы пакой для росьпісу. Вельмі хутка Пашу і Сьвету расьпісалі, але гэта, магчыма, і добра, бо нармальна ахова да нас паставілася. Нам усім далі час — прыкладна паўгадзіны, з Пашам усе пасьпелі паразмаўляць. Нагаварыцца, вядома, не, але пагаварыць пасьпелі ўсе. Павал — малайчына, трымаецца добра, крыху схуднеў, але ён аптыміст, вясёлы».

Карэспандэнтка: «Сьвятлана набыла такую прыгожую чырвоную сукенку. А ці дазволілі Пашу пераапрануцца? Альбо ў робе давялося пабрацца шлюбам?».

«У прынцыпе, дазволілі, і мы нават узялі вопратку. Але Павал адмовіўся. Паша сказаў, што ня той гэта выпадак, і ў робе турэмнай расьпісваўся».
Паша сказаў, што ня той гэта выпадак, і ў робе турэмнай расьпісваўся.

Карэспандэнтка: «Сьвятлана ўчора столькі прысмакаў на вясельле накупляла…».

«Так, ледзьве дацягнулі мы гэтыя сумкі да КПП. Але там ёй далі вазок і дапамаглі».

Карэспандэнтка: «Сьвятлане на трое сутак дазволілі спатканьне?».

«Так, адзінае — у панядзелак у калёніі санітарны дзень, і толькі да 10 гадзіны будзе спатканьне. Магло быць да 17-й гадзіны, але выйдзе толькі да 10-й».

Зрабіць фота на памяць маладым на вясельлі не дазволілі, бо калёнія лічыцца рэжымным аб’ектам. Заручальных пярсьцёнкаў таксама не было, бо ў турме насіць пярсьцёнкі нельга. Але Сьвятлана спадзяецца, што як толькі Павал выйдзе на свабоду, абявязкова падорыць ёй пярсьцёнак — гэта ж мужчынская справа.

Напярэдадні наш карэспандэнт паразмаўляў зь Сьвятланай Гарохавік.

Нявеста ў сукенцы, жаніх — у робе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:28 0:00
Наўпроставы лінк

Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў
Нарадзіўся 24 красавіка 1988 года ў Менску. Скончыў прафэсійна-тэхнічны ліцэй № 4. Вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Менскага педагагічнага ўнівэрсытэту.

Быў актывістам кампаніі «Эўрапейская Беларусь». За палітычную дзейнасьць затрымліваўся міліцыяй. У 2008 годзе зьяўляўся фігурантам «справы 14-ці» па артыкуле 342 крымінальнага кодэксу, якая была заведзеная за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года. Асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Праз год амніставаны.

Апошнім часам быў актывістам кампаніі «Гавары праўду», сябрам ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 года. Яму прад’яўлена абвінавачаньне па частках 1 і 2 артыкула 293 крымінальнага кодэксу (арганізацыя і ўдел у масавых беспарадках). Утрымліваецца пад вартай ў СІЗА № 1 Менска па вуліцы Валадарскага, 2.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG